КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),

бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.Вежынава «Вагі» (1983).

Тв.:

З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАЧО́Ў (Мікалай Пятровіч) (24.4.1862, г. Чыстапаль, Татарстан — 14.4.1936),

расійскі гісторык і мастацтвазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902), акад. АН СССР (1925). Д-р гіст. н. (1892). Скончыў Казанскі ун-т (1884). З 1894 чл. Археаграфічнай камісіі, праф. Пецярбургскага археал. ін-та. З 1902 пам. дырэктара Публічнай б-кі ў Пецярбургу. Працы Л. па крыніцазнаўстве і дапаможных гіст. дысцыплінах (сфрагістыцы, палеаграфіі, генеалогіі і інш.), гісторыі кнігі, стараж.-рус. і візант. мастацтва вызначаюцца багаццем фактычнага матэрыялу. Даследаванні Л. ў галіне ўсх., візант. і асабліва стараж.-рус. сфрагістыкі («З лекцый па сфрагістыцы», 1899; «Найстаражытнейшая сфрагістыка», 1906; «Матэрыялы для гісторыі візантыйскай і рускай сфрагістыкі», вып. 1, 1928) дазваляюць лічыць яго заснавальнікам рас. сфрагістыкі. У 1925 перадаў АН СССР створаны ім унікальны Музей палеаграфіі, у т. л. больш як 600 стараж.-рус. пячатак.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),

узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,

1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл. Міжнародныя мовы).

2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл. Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.

т. 10, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.10.1911, Масква —20.2.1997),

расійскі фалькларыст. Д-р філал. н. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1940). З 1953 працаваў у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом), з 1967 у Ін-це этнаграфіі імя М.М.Міклухі-Маклая АН СССР (Ленінградскае аддзяленне). Даследаваў гісторыю рус. і бел. фалькларыстыкі, рус., бел. і ўкр. казкі, узаемаадносіны казкі з інш. жанрамі і відамі нар. творчасці, узаемаўплыў фальклору і л-ры. Аўтар шматлікіх прац, у т. л. манаграфій «П.В.Шэйн. Кніга пра збіральніка і выдаўца рускага і беларускага фальклору» (1972), «Вобразы ўсходнеславянскай чарадзейнай казкі» (1974), «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979, у сааўт.). Укладальнік зб-каў казак і аўтар уступных артыкулаў, каментарыяў да іх [«Казкі П.П.Гаспадарова», 1941, «Рускія казкі ў ранніх запісах і публікацыях (XVI—XVIII ст.)», 1971].

А.С.Фядосік.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЦЫ́,

шляхецкі род герба «Адынец» у ВКЛ.

Найб. вядомыя: Марцін, сын Яна, скарбнік смаленскі (1745). Тадэвуш (1781—1833), сын Станіслава. Адвакат пры Гал. трыбунале ВКЛ. У 1800 набыў Гейстуны (Ашмянскі пав.), віцэ-маршалак гэтага павета. Меў 7 дзяцей, сярод іх пісьменнік А.Адынец. Верагодна, да гэтага роду належаў Вінцэнт Адынец (1865—1952) з сям’і шляхціца ў Ліцвінаве пад Мінскам. Генерал рус. арміі, удзельнічаў у рус.-японскай вайне 1904—05. Служыў у Першым Польскім корпусе, Бел.-Літ. дывізіі.

Р.В.Баравы, Л.Л.Чарняўская.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,

у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),

рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус. нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус. нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).

Літ.:

В.В.Андреев: Материалы и документы. М., 1986.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1914—16 у г. Барысаў. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Пры паступленні перавага аддавалася ўраджэнкам Мінскай губ. Выкладаліся Закон Божы, рус. і царк.-слав. мовы, рус. л-ра, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, педагогіка, рукадзелле, графічнае мастацтва (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, фіз. практыкаванні. Пры семінарыі існавала ўзорнае пач. вучылішча, дзе навучэнкі праходзілі практыку. Закрыта ў сувязі з ваен. дзеяннямі ў час 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭЙК ((Wijk) Нікалас ван) (4.10.1880, г. Дэлдэн, Нідэрланды — 25.3.1941),

галандскі славіст і балтыст. Праф. Лейдэнскага ун-та (з 1913). Даследаваў стараслав. і жывыя слав., а таксама балтыйскія мовы; іх фаналагічныя і акцэнтныя сістэмы, слав. фальклор, рус. і польск. л-ры. Пачаўшы з індаеўрапеістычных і германістычных даследаванняў, перайшоў да вывучэння праслав. мовы і сфармуляваў палажэнні аб тэндэнцыях да гармоніі і ўзыходзячай гучнасці склада як асноўных фактарах развіцця праслав. гукавой сістэмы.

Тв.:

Рус. пер. — История старославянского языка. М., 1957.

А.Я.Супрун.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)