ГЕРТ (Зіновій Яфімавіч) (21.9.1916, Масква — 18.11.1996),

расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.​Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.​М.​Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.​Львоўскім).

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОРЖ (George; сапр. Веймер; Weimer) Маргерыт Жазефін

(23.2.1787, г. Баё, Францыя — 11.1.1867),

французская актрыса. Вучылася ў драм. актрысы Ракур. У 1802—08, 1813—18 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз». Выконвала ролі ў класіцысцкіх трагедыях: Герміёна, Раксана, Клітэмнестра («Андрамаха», «Баязет», «Іфігенія ў Аўлідзе» Ж.​Расіна), Клеапатра, Медэя («Радагюна», «Медэя» Б.​Карнеля), Меропа, Семіраміда (аднайм. п’есы Вальтэра) і інш. Яе мастацтва адлюстроўвала позні перыяд у развіцці класіцызму з характэрнай для яго знешняй пампезнасцю, дэкаратыўнасцю. З 1822 у т-ры «Адэон», у 1830-я г. — адначасова і ў т-ры «Порт-Сен-Мартэн». У 1849 пакінула сцэну.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МЕРМАН ((Immermann) Карл Лебрэхт) (24.4.1796, г. Магдэбург, Германія — 25.8.1840),

нямецкі тэатр. дзеяч, пісьменнік, драматург. Па адукацыі юрыст. У 1832 стварыў і ўзначаліў (да 1837) т-р у Дзюсельдорфе, дзе ставіліся т. зв. ўзорныя спектаклі па лепшых творах сусв. і нац. драматургіі. Імкнуўся стварыць акцёрскі ансамбль, рэжысёру адводзіў ролю ідэйна-маст. інтэрпрэтатара п’есы, аддаваў увагу афармленню, гуку, святлу, пастаноўцы масавых сцэн. Выступаў як паэт (зб. «Вершы», 1822) і драматург: драмы «Кардэніо і Цэлінда» (1826), «Трагедыя ў Ціролі» (1828), «Мерлін» (1830), драм. трылогія з рус. гісторыі «Аляксей» (1833). Аўтар раманаў «Эпігоны» (1836), «Мюнхгаўзен» (1838), даследаванняў пра т-р.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЦІ́НА (італьян. cavatina памяншальнае ад cavata здабываць, атрымліваць),

невялікая лірычная арыя. Узнікла з каваты (заключны раздзел рэчытатыву). З канца 18 ст. часта выхадная арыя прымадонны або прэм’ера (К.​Фігара з оперы «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта). У 19—20 ст. побач з віртуознай (К.​Разіны з оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) пашырана К. сузіральнага характару ва ўмерана павольным тэмпе, з песеннай мелодыкай (К.​Антаніды з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі). Некат. К. — разгорнутыя арыі (К.​Людмілы з оперы «Руслан і Людміла» Глінкі, Канчакоўны і Уладзіміра Ігаравіча з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна). Часам К. наз. пявучыя інстр. п’есы.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Яўціхій Паўлавіч) (7.11.1857, г. Карачаў Бранскай вобл., Расія — 3.1.1926),

расійскі рэжысёр, драматург. Засл. рэжысёр Расіі (1921). З 1887 працаваў акцёрам у Яраслаўлі. У 1896—1900 гал. рэжысёр, у 1916—26 рэжысёр Александрынскага т-ра, у 1901—16 — Суворынскага т-ра ў Пецярбургу. Паставіў п’есы «Мяшчане» (1917) і «На дне» (1919) М.​Горкага і інш. Напісаў больш за 20 п’ес з нар. жыцця («Цяжкая доля», 1882; «Рабочая слабодка», 1891; «Мірская ўдава», 1897) і побыту памешчыкаў («Чары кахання», «Ранняя восень» і інш.). Аўтар успамінаў пра В.​Ф.​Камісаржэўскую, А.​П.​Чэхава і інш.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),

бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.​Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.

Тв.:

Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;

Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ (сапр. Станкевіч) Вячаслаў Пятровіч

(3.11.1912, в. Астрагляды Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 18.6.1971),

бел. драматург. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). З 1930 працаваў у газ. «Палеская праўда», «Савецкая Беларусь», «Калгаснік Беларусі». у 1941—44 на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (Масква). З 1944 адказны сакратар, нам. рэдактара газ. «Звязда». З 1961 нам. старшыні, у 1965—71 старшыня Дзярж. к-та СМ Беларусі па радыёвяшчанні і тэлебачанні. Друкаваўся з 1930. Аўтар п’ес пра пасляваен. аднаўленне нар. гаспадаркі, калектывізацыю і жыццё калг. вёскі «Песня нашых сэрцаў» (паст. 1949), «Калі зацвітаюць сады» (паст. 1950), «Гарачыя пірагі» (1958).

Тв.:

П’есы. Мн., 1976.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ СУНЛІ́Н (5.6.1640, Цзычуань, Кітай — 25.2.1715),

кітайскі пісьменнік. Пісаў вершы, празаічныя творы («Нататкі з жыцця да і пасля прыроднай катастрофы»), сатыр. п’есы, нарысы, у якіх ствараў вобразы жыцця простага народа. Гал. твор — «Апавяданні Ляо Чжая пра дзівосныя рэчы» (1679, апубл. 1766). Ў навелах (больш за 400), напісаных на старой літ. мове, праз апісанне фантаст. казачных або легендарных падзей выявіліся праблемы тагачаснага кіт. жыцця. Значна паўплываў на развіццё кіт. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы Ляо Чжая о необычайном. М., 1988.

Літ.:

Устин П.М. Пу Сунлин и его новеллы. М., 1981.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)