НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. і п. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. і п., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. і п. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. і п. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),

польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз. ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.​Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз.ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага, Ф.​Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т. л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).

Літ.:

Piber A. Droga do slawy. Warszawa, 1982.

І.Я.Падарэўскі.

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,

устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.

П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл. Плазменная тэхналогія).

На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.

В.​М.​Асташынскі, Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),

1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.​Ахрэмчык, А.​Бархаткоў, В.​Бялыніцкі-Біруля, С.​Жукоўскі, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, П.​Масленікаў, В.​Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.

2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л. міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.​Драздовіча, К.​Малевіча, Масленікава, М.​Неўрава, Ф.​Рушчыца, М.​Шагала і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬБЕРГ ((Kolberg) Оскар) (22.2.1814, в. Прысуха Апочынскага пав. Келецкага ваяв., Польшча — 3.6.1890),

польскі этнограф, фалькларыст, кампазітар. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1875; чл.-кар. 1873). У 1837 хатні настаўнік (у т. л. ў Гомелі). Пісаў для фартэпіяна паланэзы, мазуркі, кракавякі, рабіў апрацоўкі нар. песень, аўтар оперы «Кароль пастухоў» (1859). Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы ў Польшчы, Літве, на Беларусі, Украіне, у Венгрыі. Аўтар працы «Народ. Яго звычаі, лад жыцця, мова, паданні, прыказкі, абрады, забабоны, забавы, песні, музыка і танцы» (1857—90, каля 40 т.). У т. 52 («Беларусь—Палессе», 1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) змешчаны 723 песні, 105 нотных запісаў, зробленых у наваколлях Віцебска, Кобрына, Ковеля, Магілёва, Мазыра, Мінска, Оўруча, Полацка; 14 казак і паданняў, 33 прыказкі, 16 апісанняў бел. вяселля, 4 — пахавальных абрадаў, нар. лексіка, апісанні адзення і жылля, вераванняў і звычаяў. У раздзеле «Народ» прыведзена шмат выказванняў і думак даследчыкаў пра характар, псіхалогію, светасузіранне беларусаў, матэрыялы пра сац. і эканам. становішча сялян і інш. Шмат матэрыялаў пра гіст. і культ. мінулае многіх мясцін Беларусі, у т. л. Жыровічаў, Міра, Навагрудка і інш. У томе змешчана бібліяграфія па бел. фальклоры і этнаграфіі. Аўтар прац «Казкі з Палесся», «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» (абедзве 1889), «Этнаграфічныя замалёўкі» (т. 1—11, 1882—91).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991. С. 5—20.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),

форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.

Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.

Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.​Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.​Іордан, Дж.​Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.

Літ.:

Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;

Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;

Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.

Л.​М.​Тамільчык, А.​В.​Ягораў.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)