БІЯПО́ЛЕ,

электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іх вял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 20.3.1952, в. Забалацце Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Вучыўся ў БСГА (1969—71), скончыў БДУ (1983). Працаваў у прэсе (1973—83), на Бел. тэлебачанні (1983—87). Друкуецца з 1968. Асн. матывы паэзіі — жыццё сучасніка. любоў да Радзімы, роднай мовы, прыроды, праблемы гар. і сял. побыту (зб-кі «Ранак поўніцца жыццём», 1977, «Нязжатае поле», 1982, «На падкове дарог», 1987).

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Васіль Кірылавіч) (24.8.1886, г. Ладзейнае Поле Ленінградскай вобл., Расія — 12.3.1967),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1948), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1956). Скончыў Ленінградскі лясны ін-т (1923). З 1926 у БСГА, з 1930 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па лесаўпарадкаванні і таксацыі лесу.

Тв.:

Новое в технике лесной таксации. М., 1966;

Лесная таксация. 2 изд. М., 1967.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНЫ́ МАГНЕТЫ́ЗМ, геамагнетызм,

1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.

2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіцы,

1) навядзенне эл. зарадаў у правадніках і дыэлектрыках, змешчаных у пастаяннае эл. поле (электрастатычная індукцыя).

2) Узнікненне электрарухальнай сілы ў правадніку, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі (электрамагнітная індукцыя).

3) Узнікненне электрарухальнай сілы ў намагнічаным целе, якое рухаецца непаралельна восі намагнічвання (уніпалярная І.).

4) Характарыстыка электрычнага (эл. І.; гл. Электрычнае зрушэнне) або магнітнага (магнітная індукцыя) палёў.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГРА́ДСКАГА ФО́РМУЛА,

звязвае інтэграл па некаторым аб’ёме з інтэгралам па замкнёнай паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём. У вектарнай форме мае выгляд: ∫ (V) div a→   dV = ∮ (S) a→ ∙ dS→ , дзе a→ = a→(M) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце M аб’ёму V, diva→ — дывергенцыя a→, ∮ (S) a→ ∙ dS→ — паток a→ праз замкнёную паверхню S. Прапанавана М.В.Астраградскім (1828—31) і пашырана на n-мерную прастору (1834—38).

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙТЫ́ЕЎ (Гапар Айтыевіч) (28.9.1912, с. Першы Тулейкен Ошскай вобл., Кыргызстан — 16.12.1984),

кіргізскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1974), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Кіргізскі ін-т асветы (1932), у 1935—38 вучыўся ў Маскве. Аўтар паэт. пейзажаў («Поўдзень на Ісык-Кулі», 1954; «Баваўнянае поле на поўдні Кіргізіі», пано, 1955; «Наваколле Андыжана», 1967), партрэтаў («Галерэя партрэтаў сучаснікаў», 1979), размалёвак і інш.

Г.Айтыеў. Наваколле Андыжана. 1967.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная перавязь з левага верхняга кута ў ніжні правы, на перавязі 3 чырвоныя 4-пялёсткавыя (або 5-пялёсткавыя) ружы; клейнод — 2 чорныя валовыя рагі, паміж імі 3 пастаўленыя адна над адной ружы. Існуе варыянт герба: поле чырвонае. Паводле падання, узнік у пач. 11 ст. У ВКЛ існаваў з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 130 шляхецкіх родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫ Зямлі,

праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл. Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд. магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл. Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхні наз. магнітным схіленнем.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)