БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.​Д.​Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.​Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.​Х.​Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.​І.​Шаруда), імя Панамарэнкі (І.​І.​Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.​А.​Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.​Р.​Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦЭ (Іон Панцялеевіч) (н. 3.9.1928, с. Харадыштэ Дандзюшанскага р-на, Малдова),

малдаўскі пісьменнік, драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Піша на малд. і рус. мовах. Друкуецца з 1951. Аўтар кніг апавяданняў «У нас на сяле» (1953), «Арэхавы шэпт» (1968), аповесцей «Лісце суму» (1957), «Апошні месяц восені» (1963, аднайм. кінафільм 1966), «Вяртанне на кругі свае» (1972), раманаў «Цяжар нашай дабрыні» (1963—68), «Белая царква» (1982), п’ес «Каса марэ» (1960), «Дойна» (1971), «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Святая святых» (1976) і інш., адметных паглыбленым псіхалагізмам, мяккім лірызмам, рамант. прыўзнятасцю, яркім нац. каларытам. Творы Д. на бел. мову перакладалі Я.​Брыль, М.​Гіль, К.​Кірэенка, А.​Шарахоўская. У тэатрах Беларусі пастаўлены яго п’есы «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Каса марэ» (1976), «Святая святых» (1977), «Імем зямлі і сонца» (1979). Дзярж. прэмія Малдовы 1967.

Тв.:

Бел. пер. — Цяжар нашай дабрыні. Мн., 1977.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.​С.​Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.​Х.​Бабарыкін), драм. (І.​Я.​Марголін, В.​М.​Плахаў) і муз. (С.​Л.​Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.​Чэхава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.​Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.

У.​В.​Мальцаў.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.​Папроцкі (да 1788) і К.​Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.​Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.​Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.​Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТАЕ́НКА (Дзмітрый Георгіевіч) (н. 18.8.1940, С.-Пецярбург),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1966). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1969 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1986 праф.). Пры яго ўдзеле ў Муз. т-ры адноўлены пастаноўкі опер «Кармэн» Ж.​Бізэ (1969), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1972), «Багема» Дж.​Пучыні (1973), балета «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1971), пастаўлены оперы «Алека» С.​Рахманінава і «Маўра» І.​Стравінскага (1973). Кіраваў пастаноўкай опер «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1982) і «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1983) у Венскай оперы і інш. 2-я прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе маладых дырыжораў Фонду Г.​Караяна (Зах. Берлін, 1969). Дзярж. прэмія Расіі 1988. З 1990 жыве за мяжой.

т. 8, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДАБАСА́НАЎ (Калый Малдабасанавіч) (н. 28.9.1929, сяло імя Калініна Нарынскай вобл., Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954), Кірг. ін-т мастацтваў (1973). З 1954 дырыжор, у 1966—73 гал. дырыжор Кірг. т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Кірг. ін-це мастацтваў (з 1984 праф., рэктар). Пад яго муз. кіраўніцтвам у Кірг. т-ры пастаўлены оперы «Манас» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ, «Невядомы салдат» К.​Малчанава, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, балеты «Асель» Уласава і «Легенда аб каханні» А.​Мелікава і інш. Сярод твораў: балетараторыя «Мацярынскае поле» (паст. 1974) і балет «Сказ пра Манкурт» (паст. 1986; абодва паводле Ч.​Айтматава), вак.-сімф., сімф. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.​Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.

А.​М.​Кулагін.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСЬ,

жылы гарадок, узведзены для ваеннаслужачых у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1992—97 (арх. Г.​І.​Белікаў, У.​М.​Еўдакімаў, В.​К.​Карунас, Ю.​М.​Малевіч, А.​І.​Нічкасаў, А.​С.​Пархута, У.​Б.​Праабражэнскі, У.​М.​Тарноўскі; Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Разлічаны на 3,5 тыс. жыхароў. Пры стварэнні гарадка ўпершыню на Беларусі выкарыстаны прыём фарміравання пешаходнай вуліцы, якая ўключае ўсе неабходныя для жыхароў зоны сац. абслугоўвання: выхавання, адукацыі, аздараўлення, адпачынку, гандл., быт. і мед. паслуг. У цэнтр. ч. размешчаны грамадска-адукац. цэнтр, вакол яго — пешаходныя алеі, на якія раскрыты паўзамкнёныя дворыкі 2—3-павярховых жылых дамоў, злучаныя паміж сабой анфіладай. Побач з цэнтр. уваходам пастаўлены гандл. будынкі. Месцы для аўтатранспарту і стаянак размяшчаюцца па знешнім перыметры гарадка. Каля жылога гарадка пабудаваны бальнічны комплекс.

Жылы гарадок Рось.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Wiener Staatsoper),

буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.​Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр. нац. оперы (І.​Умлаўфа, В.​А.​Моцарта, К.​Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.

Літ.:

Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)