ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,

цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м. Пл. 169 тыс. км². Найб. глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУ́РЫЯ (Liguria),

вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,

распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНГАНЬІ́КА (Tanganyika),

возера ў Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Танзаніі, Замбіі і Бурундзі. Пл. 34 тыс. км². Размешчана ў тэктанічнай упадзіне Усх.-Афрыканскай зоны разломаў на выш. 773 м. Даўж. каля 650 км, шыр. да 80 км, глыб. да 1470 м (другое па глыбіні пасля воз. Байкал). Берагі прамалінейныя, месцамі высокія і стромкія. У Т. ўпадаюць рэкі Малагарасі і Рузізі. Сцёк па р. Лукуга ў р. Луалаба (бас. р. Конга). Багатая фауна; сярод рыб, крэветак, весланогіх і інш. вял. колькасць эндэмікаў. Водзяцца бегемоты, кракадзілы, шмат вадаплаўных птушак. Па берагах — нац. паркі: Сумбу (Замбія), Гомбе-Стрым (Танзанія); рэзерват Убвары (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Кігома (Танзанія), Бужумбура (Бурундзі), Калеміе (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта англ. даследчыкамі Р.​Бёртанам і Дж.​Спікам у 1858.

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНЭ́ (Vernet),

сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.

Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.

Да арт. Вернэ. Ж.​Вернэ. Бура. 1770-я г.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),

бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.​М.​Пржавальскага. Турызм.

Возера Ісык-Куль.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВУ (Kivu),

возера ва Усх. Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Руанды. Пл. 2,7 тыс. км² (з астравамі). Даўж. каля 100 км. Глыб. да 496 м. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне, на выш. 1460 м. Берагі стромкія, моцна парэзаныя, больш за 150 астравоў. Паходжанне возера звязана з выліваннем лавы (з групы вулканаў Вірунга), якая перакрыла сцёк старажытнай рачной сістэмы. У паўн. ч. возера назіраюцца падводныя вывяржэнні. На глыб. ніжэй за 270 м у раствораным стане шмат вуглякіслага газу і метану, якія ўтвараюць радовішчы прамысл. значэння. Сцёк у воз. Танганьіка па р. Рузізі. Раён возера ўваходзіць у склад нац. парку Вірунга, уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Суднаходства. Турызм. Гал. парты і прыстані: Букаву і Гома (Дэмакр. Рэспубліка Конга), Кібуе і Ч’янгугу (Руанда). Адкрыта ням. падарожнікам А. фон Гётцэнам у 1894.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НСКІ ЗАЛІ́Ў.

Ва ўсх. ч. Балтыйскага м., абмывае берагі Фінляндыі на Пн, Расіі і Эстоніі на У і Пд. Усх. яго частка наз. Неўскай губой. Даўж. 390 км, шыр. каля ўваходу 70 км, глыб. да 100 м каля ўваходу ў заліў, да 5—7 м у Неўскай губе. Паўн. берагі моцна парэзаны, скалістыя, усх. і паўд. пераважна нізінныя. Шмат астравоў: Гогланд, Котлін, Магутны і інш. Упадаюць рэкі Нява, Луга, Нарва. Укрыты лёдам з канца ліст. да канца сакавіка. Пад уплывам ветру і атм. ціску ўзровень вады можа моцна падымацца, што выклікае паводкі, асабліва ў Неўскай губе. Для аховы С.-Пецярбурга ад паводак пабудавана дамба, якая перасякае Неўскую губу. Ф.з. злучаны Сайменскім каналам з воз. Сайма. Гал. парты: С.-Пецярбург, Выбарг (Расія), Талін (Эстонія), Хельсінкі, Котка (Фінляндыя).

т. 16, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯПО́НСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак., паміж мацерыком Еўразія і яго Карэйскім п-вам, Японскімі а-вамі і в-вам Сахалін. Абмывае берагі Расіі, КНДР, Паўд. Карэі і Японіі. Злучаецца з Ахоцкім м. прал. Татарскім, Невяльскога і Лаперуза, з Ціхім ак. — прал. Цугару (Сангарскім), з Усх.-Кітайскім і Жоўтым морамі — Карэйскім пралівам. Пл. 1062 тыс. км². Найб. глыб. 3720 м. Буйныя зал.: Усх.-Карэйскі і Пятра Вялікага. Т-ра вады на паверхні зімой 0—12 °C, летам 17—26 °C. На Пн зімой замярзае. Салёнасць ад 27,5 да 34,8‰. Прылівы змешаныя (да 0,5 м), у Татарскім прал. паўсутачныя (да 2,3 м). Рыбалоўства, промысел крабаў, трапангаў, водарасцей і інш. Гал. парты: Уладзівасток, Находка, Васточны (Расія), Ніігата, Цуруга, Майдзуру (Японія), Вонсан, Хынам, Чханджын (КНДР).

т. 18, кн. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),

архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)