непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАНІ́ЙСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫ СВО́ЙСКІЯ (Gallus),
птушкі атр. курападобных. Паходзяць ад дзікага банкіўскага пеўня, прыручаны каля 4 тыс. гадоў назад у Індыі. Пароды К.с. падзяляюць на яйцаноскія, мясныя і мяса-яечныя. На Беларусі з.яйцаноскіх парод гадуюць легорнаў, з мясных — карнуэльскіх курэй і плімутрокаў, з мяса-яечных — нью-гемпшыраў і аўстралорпаў. У асабістых гаспадарках гадуюць таксама пароды першамайскую, род-айленд, сусекс.
Маса яйцаноскіх парод да 2,2—3 кг, мясных — да 3,5—5, мяса-яечных — да 3—4 кг. К.с. нясуцца да 10 гадоў. Куры яйцаноскіх парод нясуцца 11—12 мес, мясных парод — да 9 мес у год. Маса яйца 55—65 г. Мяса бройлераў — дыетычны прадукт На прамысл. птушкафабрыках курэй кормяць сухімі камбікармамі, зернем (кукуруза, ячмень і інш.), рыбнай, мяса-касцяной, травяной мукой і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНУЭ́ЛЬСКІЯ КУ́РЫ, корнішы,
парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ.пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.
Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (Уладзімір Вячаслававіч) (22.10.1952, г. Арол, Расія — 30.7.1996),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-рс.-г.н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1974) і Усесаюзны с.-г.ін-т (1984). У 1976—80 і з 1985 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1987 нам. дырэктара, з 1990 дырэктар ін-та і адначасова навук.-вытв. аб’яднання «Племэліта»). Навук. працы па праблемах павышэння эфектыўнасці селекцыі ў свінагадоўлі на аснове генетыка-папуляцыйных метадаў, спецыялізацыі розных тыпаў, ліній і парод свіней. Адзін са стваральнікаў беларускай мясной пароды і заводскіх тыпаў «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны буйной белай пароды свіней.
Тв.:
Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з В.С.Смірновым, І.П.Шайко).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),
пародытанкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.
Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕ́Й (ад грэч. archaios старажытны),
архейская эра і група архейская акратэма (акрон), самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.