старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-БАКТРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Пакістана і паўн.-зах. Індыі ў 3—2 ст. да н.э.Засн. намеснікам (эпархам) Бактрыі Дыядотам каля 250 да н.э. ў выніку адасаблення сярэднеазіяцкіх тэр. ад дзяржавы Селеўкідаў. Уключала Бактрыю, Согд, Маргіяну і інш. Каля 180 да н.э. пачало экспансію на п-аў Індастан, заваявала яго паўн.-зах.ч. (тэр. сучаснага Пакістана). У выніку ўнутр. міжусобіц, наступлення качэўнікаў каля 175 да н.э. распалася на Грэка-Бактрыйскае царства і Грэка-Індыйскае царства. Грэка-Бактрыйскае царства захапілі масагеты, і паміж 140—130 да н.э. яно перастала існаваць. На яго месцы ўзнікла Кушанскае царства. Археал. даследаванні сведчаць пра высокую культуру Грэка-Бактрыйскага царства, якая склалася ў выніку ўзаемаабагачэння мясц., усх. эліністычных, інд. і іранскіх элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч.зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),
горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́СКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў Сірыі ў 11—8 ст. да н.э. Вядома з асіра-вавілонскіх і егіп. крыніц і Бібліі. Засн.арамеямі. У пач. 10 ст. падпарадкавана Ізраільскаму царству, з сярэдзіны стагоддзя самастойнае. З канца 10 ст. прэтэндавала на гегемонію ў Сірыі. Найб. магутнасці дасягнула ў пач. 8 ст. да н.э. У 732 да н.э. заваявана Асірыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ МО́ВА,
асобная галіна семіта-хаміцкіх моў (разам з копцкай мовай). З 5 ст. — мёртвая. Была пашырана на тэр. сучаснага Егіпта, выцеснена егіпецкім дыялектам арабскай мовы. Падзяляецца на стараж.-егіпецкую (32—22 ст. да н.э.), сярэднеегіпецкую і класічную (22—14 ст. да н.э.), новаегіпецкую (14—7 ст. да н.э.), дэматычную (7 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). Усе звесткі пра Е.м. прыблізныя, што тлумачыцца складанасцю пісьма.
У фанетыцы вядомы зычныя і галосныя (на пісьме не абазначаліся) гукі. Націск — на апошнім ці перадапошнім складзе. У марфалогіі назоўнік меў мужч. і жан. род, адз., парны і мн. лік; склоны выражаліся аналітычна. Прыметнікі падзяляліся на якасныя і адносныя (нісбі), лічэбнікі — на колькасныя і парадкавыя. Дзеясловы мелі незалежны і залежны стан, загадны і неазначальны лад; катэгорыя часу ў ранні перыяд Е.м. адсутнічала. У сінтаксісе асновай класіфікацыі сказаў быў выказнік; адрозніваліся дзеяслоўныя і недзеяслоўныя сказы. Першыя пісьмовыя помнікі, напісаныя егіпецкім пісьмом, датуюцца канцом 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.