ЛАГО́ЦА (Lagozza),

неалітычнае паселішча на воз. Лагоца ў Беснаце каля Мілана ў паўн. Італіі. З’яўляецца эпанімным помнікам культуры заходняга неаліту (2850—1600 да н.э.). Характэрны цёмныя паліраваныя кругладонныя пасудзіны і місы. Арнамент сустракаецца рэдка і складаецца з радыяльных ліній у прыдоннай частцы, а таксама прадрапаных заштрыхаваных трохвугольнікаў. Пасудзіны мелі некалькі ручак з адтулінамі для падвешвання. Сустракаюцца крамянёвыя мікраліты, прасліцы і грузікі.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км². Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, якая прымае некалькі значэнняў для аднаго і таго ж значэння аргумента з вобласці яе вызначэння. Напр., адваротная трыганаметрычная функцыя Arctg x = arctg x + , дзе k = 0, ±1, ±2, ... з’яўляецца бясконцазначнай. М.ф. ўзнікаюць, напр., пры рашэнні ўраўненняў. М.ф. камплекснай пераменнай вывучаюцца ў тэорыі аналітычных функцый. Асн. элементарнай аналітычнай функцыяй з’яўляецца бясконцазначная функцыя lnz, праз якую выражаюцца ўсе астатнія элементарныя функцыі.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫДЭ́РМА (ад перы... + дэрма),

другасная покрыўная тканка сцёблаў і каранёў шматгадовых (радзей аднагадовых) раслін. Складаецца з корку (фелемы), феладэрмы (унутр. слоя П.) і фелагену (часам адсутнічае, напр., у відаў паслёну). Клеткі П. паветра- і воданепранікальныя, газаабмен і выпарэнне адбываюцца праз чачавічкі. У органах раслін звычайна ўтвараецца некалькі разоў. З цягам часу вонкавыя П. і тканкі, што знаходзяцца паміж імі, адміраюць і ўтвараюць корак.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУВІ́Н (Bouvines),

населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДЭ́Р ((Alexander) Дэнтан Юджын) (н. 18.12.1917, Патомак, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі генетык і селекцыянер раслін. Праф. (1963). Замежны чл. УАСГНІЛ (1970). Скончыў Ілінойскі ун-т (1941). З 1951 на агранам. ф-це гэтага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і метадычных пытаннях генетыкі і селекцыі раслін. Распрацаваў генет. асновы селекцыі кукурузы. Стварыў некалькі дзесяткаў ліній і гібрыдаў высокаўраджайнай кукурузы з павышанай колькасцю незаменных амінакіслот і бялкоў.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАДАК,

птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́Ц,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта (цячэ праз возера), за 20 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,22 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 11 м. Пл. вадазбору 681 км². Усх. схілы катлавіны выш. 3—4 м, астатнія нізкія, забалочаныя. Дно глеістае, ва ўсх. частцы пясчанае. Упадае некалькі невял. ручаёў, сцёк у р. Мнюта.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)