ЧЭ́ЦІ,
цэнтральныя дзярж. ўстановы Расіі 2-й пал. 16—17 ст. з фінансавай і адм.-суд. функцыямі ў адносінах да цяглага насельніцтва асобнай тэр. (напр., Наўгародская Ч., Уладзімірская Ч., Кастрамская Ч.). Узніклі пасля скасавання «кармленняў»; упершыню ўпамінаюцца ў 1561—62. Збіралі з падатковага насельніцтва «чацвяртныя падаткі», частку якіх перадавалі ў прыказы, з другой ч. выплачвалася жалаванне вышэйшым разрадам служылых людзей. Скасаваны ў выніку дзярж.-адм. пераўтварэнняў пач. 18 ст.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.
т. 17, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ВЕНЬ ЖЫЦЦЯ́,
сацыяльна-эканамічная характарыстыка ступені забеспячэння фізічных, духоўных і сацыяльных патрэбнасцей людзей. Абумоўліваецца, з аднаго боку, ступенню развіцця саміх патрэбнасцей людзей, з другога — наяўнасцю і даступнасцю даброт і паслуг для іх забеспячэння, што непасрэдна звязана з узроўнем эканамічнага развіцця грамадства. На дынаміку У.ж. істотна ўплываюць палітыка, ідэалогія, нац. і культ. традыцыі, дэмаграфічныя, экалагічныя і інш. фактары. У.ж. можа ацэньвацца ў глабальным маштабе; у цэлым па краіне (з улікам велічыні яе нацыянальнага багаццяў у дачыненні да пэўных рэгіёнаў, сац. і дэмаграфічных груп і слаёў насельніцтва, асобных людзей. У.ж. вызначаецца колькаснымі і якаснымі паказчыкамі: рэальнымі даходамі насельніцтва, узроўнем спажывання даброт і паслуг на душу насельніцтва; велічынёй аплаты і ўмовамі працы, узроўнем занятасці насельніцтва і сацыяльнага забеспячэння, развіццём аховы здароўя і адукацыі, забяспечанасцю жыллём, камунальнымі паслугамі, транспартам і сувяззю, велічынёй асабістай маёмасці грамадзян, экалагічнымі ўмовамі іх жыццядзейнасці, працягласцю жыцця і вольнага часу, даступнасцю культ. і духоўных каштоўнасцей, ступенню сац. свабоды асобы, гарантыямі яе грамадз. правоў і інш. Для абазначэння якасных характарыстык У.ж. нярэдка выкарыстоўваюць паняцце «якасць жыцця», у якім разам з аб’ектыўнымі паказчыкамі ўлічваюцца суб’ектыўныя фактары (узровень задаволенасці ўмовамі свайго жыцця, аптымізм, усведамленне асобай сэнсу жыцця і інш.). Адэкватная ацэнка У.ж. патрабуе ўліку і негатыўных сац.-эканам. з’яў: сац. няроўнасці, інфляцыі, беспрацоўя, злачыннасці, дыскрымінацыі па розных прыкметах і інш. У.ж. істотна ўплывае на індывід. і групавыя паводзіны людзей (стыль жыцця), вызначае спосаб і ўклад іх жыцця.
С.Л.Яцкевіч.
т. 16, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),
грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ЧЫТА́ННІ,
форма культ.-асв. дзейнасці ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Праводзіліся ў губ. і пав. гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці камісіямі Н.ч., якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мін-ва нар. асветы. Кантраляваліся дэпартаментам паліцыі і папячыцелямі навуч. акруг. Праходзілі ў гімназіях, школах, цэрквах, турмах, у час вайск. збораў. Прызначаліся для насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі — сялян, рамеснікаў, рабочых, моладзі. Мелі на мэце выхаванне ў насельніцтва вернападданніцкіх адносін да самадзяржаўя, пакорнасці ўладам, рэлігійнасці ў духу пануючага праваслаўя. Большая частка чытанняў прысвячалася рэліг. тэматыцы, але былі лекцыі па прыродазнаўстве, геаграфіі, рус. гісторыі і л-ры. У 1898 у Віцебску праведзена 8 чытанняў, у 1899—142. У Магілёве адпаведна 40, 91. Паводле звестак папячыцеля Віленскай навуч. акругі, у 1914 у Віленскай губ. адбылося 605 Н.ч., у Гродзенскай — 745, Мінскай — 399, Магілёўскай — 1284, Віцебскай — 1420. У Беларусі Н.ч. амаль не закраналі мясц. тэматыкі, мелі адносна невял. значэнне ў асвеце насельніцтва.
А.М.Шульговіч.
т. 11, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУ́ПНАСЦЬ ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ,
сукупнасць сац. аб’ектаў, якія належаць вывучэнню ў межах, азначаных праграмай сацыялагічных даследаванняў. Гэта аб’екты, якія маюць прасторава-часавыя межы або прадстаўляюць яўную ці гіпатэтычную мадэль пры інш. відах несуцэльнага назірання. Прасторавыя межы могуць быць геагр. (тэрытарыяльныя), напр., вобласць, раён, прадпрыемства, або вызначацца як занятае насельніцтва, дарослае насельніцтва ад 18 гадоў, вучні школ, работнікі прамысл. прадпрыемства і інш. Часавыя межы — перыяд і тэрмін, калі праводзяцца даследаванні (сезон, цыкл вытв-сці). Звычайна на практыцы даследуецца толькі частка С.г. (выбарачная сукупнасць), якая павінна з неабходнай дакладнасцю адпавядаць усёй С.г.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦЯЕ САСЛО́ЎЕ,
падатковае насельніцтва Францыі ў 15—18 ст. (купцы, рамеснікі, сяляне, пазней таксама прадпрымальнікі і рабочыя). Называлася 3-м у адрозненне ад першых двух саслоўяў — духавенства і дваранства, якія не абкладаліся падаткамі (у 18 ст. толькі невял. агульнадзярж. падаткам). Т.с. спыніла існаванне ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, якая ліквідавала саслоўныя адрозненні. У гіст. л-ры і публіцыстыцы франц. тэрмін «Т.с.» ўжываецца ў дачыненні да непрывілеяванага насельніцтва многіх краін, а не толькі Францыі, але звычайна ў больш вузкім (гандл., прамысл., фін. буржуазія, ч. інтэлігенцыі) значэнні.
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ВЕНЬ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РАЗВІЦЦЯ́,
стан нар. гаспадаркі краіны, групы краін, эканам. раёна на пэўны гіст. момант. Характарызуецца паказчыкамі: валавы нацыянальны прадукт на душу насельніцтва; вытв-сць валавога ўнутранага прадукту, матэрыяльных даброт; структура грамадскай вытв-сці (доля прам-сці і сельскай гаспадаркі ў нар. гаспадарцы, аб’ём і тэмпы развіцця прагрэс. галін эканомікі і інш.); колькасны і якасны ўзровень занятасці насельніцтва; узровень выкарыстання прыродных багаццяў; узровень прадукцыйнасці працы, канцэнтрацыі вытворчасці, спецыялізацыі вытворчасці, якасці прадукцыі. Адрозніваецца ад эканамічнага патэнцыялу, малая краіна можа мець невялікі эканам. патэнцыял і высокі У.э.р.
т. 16, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙЦЫ,
народ, карэннае насельніцтва Гавайскіх астравоў (ЗША). 160 тыс. чал. (1987). Гавораць на гавайскай мове. Вернікі пераважна хрысціяне.
т. 4, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ НЕПАДПАРАДКАВА́ННЕ,
адмова насельніцтва або групы асоб ад выканання распараджэнняў улад у знак пратэсту супраць якіх-н. іх дзеянняў.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)