ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,

парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.

І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.

Л.​Я.​Ціханава.

Агульныя каэфіцыенты нараджальнасці на Беларусі.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́НСКІХ Барыс Іванавіч (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.​Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.​Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.​Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.​Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.​Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.​Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.​Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.​Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.​Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.​Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЫ ў чалавека,

фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш.). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл. Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл. Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.

В.​І.​Дуда.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ТУР Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 3.3.1919, урочышча Застар’е Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.3.2001),

бел. перакладчык. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т нацменшасцей (1937). Настаўнічаў, з 1944 працаваў у Дзярж. выд-ве БССР, з 1963 у выд-ве «Полымя», Бел. аддз. літ. фонду СССР, у 1970—79 у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1948. Пераклаў на бел. мову многія творы рус., укр., польскіх і інш. пісьменнікаў: аповесці А.​Гайдара «Школа» (1948), А.​Мусатава «Стажары» (1950), раманы В.​Ажаева «Далёка ад Масквы» (1951; з У.​Шахаўцом), М.​Нікіціна «Паўночная Аўрора» (1953; з В.​Зубам), У.​Кочатава «Журбіны» (1955), К.​Брандыса «Грамадзяне» (1958; з Я.​Міско), А.​Венцлавы «Дзень нараджэння» (1961; з С.​Дзяргаем), Г.​Лупан «Трэція пеўні» (1971), Э.​Бээкман «Чародка белых варон» (1973), А.​Ірасека «Скалакі» (1974; з Я.​Васілёнкам), У.​Умарбекава «Зялёная зорка» (1976), апавяданні А.​Вішні, Л.​Первамайскага, С.​Лема, Я.​Гушчы, Я.​Івашкевіча, М.​Твэна і інш.; для тэатраў — творы Назыма Хікмета, Б.​Васільева, Л.​Зорына, А.​Ліндгрэн, Г.​Запольскай і інш. Пісаў літ.-крыт. артыкулы, эпіграмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́КІНГ (Hawking) Стывен Уільям (н. 8.1.1942, г. Оксфард, Вялікабрытанія),

англійскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1974), Нац. АН ЗША (1992). Скончыў Оксфардскі (1962) і Кембрыджскі (1966) ун-ты. З 1965 у Кембрыджскім ун-це (з 1977 праф.). Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, тэарэт. астрафізіцы і касмалогіі. Даказаў тэарэму аб сінгулярнасці прасторы-часу (тэарэма Х.—Пенроўза, 1960-я г.). Паказаў, што на пач. этапах эвалюцыі Сусвету маглі ўтварацца чорныя міні-дзіры (памерам з элементарную часціцу). У сярэдзіне 1970-х г. распрацаваў тэорыю «выпарэння» чорных дзір за кошт квантавых эфектаў і нараджэння пар часціц і антычасціц (выпрамяненне Х.). Аўтар шэрагу навук.-папулярных кніг. З 1962 паралізаваны, з 1985 страціў магчымасць маўлення, выкарыстоўвае камп’ютэрны галасавы сінтэзатар. Прэміі А.​Эйнштэйна 1978, Вольфа 1988.

Тв.:

Рус. пер. — Крупномасштабная структура пространства-времени. Новокузнецк, 1998 (разам з Дж.​Элісам);

Природа пространства и времени. Ижевск, 2000 (разам з Р.​Пенроўзам);

Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр. СПб., 2001;

Черные дыры и молодые вселенные. СПб., 2001.

М.​М.​Касцюковіч.

С.У.Хокінг.

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ Антон (н. 26.6.1909, Мінск),

гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл. Цэнтр. рады Бел. нар. самапомачы, прэзідыума Бел. навук. т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, А.​Гаруна, У.​Жылкі, Л.​Калюгі, А.​Мрыя, А.​Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.​Дубоўка, Я.​Пушча і інш.).

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,

у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІГІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),

працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш. элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e​− — e​+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.​Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.​Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e​− — e​+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ​− — μ​+, ν — ν̃, π — π​+ і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η​0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w​(-), w​(+), z​(0).

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЗА́ТАЎ Расул Гамзатавіч (н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),

аварскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Грачанікаў, С.​Грахоўскі, А.​Лойка, Я.​Сіпакоў, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1980—82;

Бел. пер. — Высокія зоркі. Мн., 1972.

Літ.:

Дементьев В.В. Р.​Гамзатов М, 1984.

Р.Г.Гамзатаў.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)