атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатрада аманітаў. Назва з грэч. міфалогіі (Клімена — німфа, дачка Акіяна). Каля 30 родаў. Жылі ў познім дэвоне — раннім карбоне (каля 350 млн.г.назад). На Беларусі рэшткі К. зрэдку трапляюцца ў адкладах фамену (верхні дэвон) у Прыпяцкім прагіне.
Дыяметр ракавіны 1—50 см. Плоскаспіральныя ракавіны мелі ганіятытавы тып лопасцевай лініі. Адметная рыса будовы — сіфон, які прылягаў да спіннога боку (у большасці аманітаў — да брушнога); сіфонныя дудкі значнай даўжыні. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г.назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМУЛІ́ТЫ (Nummulites),
род вымерлых аднаклетачных марскіх арганізмаў атр. фарамініфер кл. караняножак.
Рэшткі Н. вядомы з верхнемелавых і палеагенавых адкладаў (утварыліся каля 100 млн.г.назад). Нумулітавыя вапнякі пашыраны ў Еўропе (Парыжскі басейн), у горных масівах Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы, Цэнтр. Амерыцы (буд. матэрыял, які выкарыстоўваўся яшчэ пры ўзвядзенні пірамід). Мелі сачавіца- ці дыскападобную ракавіну дыям. 1—16 см са шматлікімі абаротамі. падзеленую перагародкамі на камеры. Вялі прыдонны спосаб жыцця. Выкапнёвыя рэшткі служаць стратыграфічным матэрыялам пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс.г.назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),
атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн.г.назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.
Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс.г.назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г.назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс.г.назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в.Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.