злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).
Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНЫ МЕ́ТАД,
метад вызначэння паказчыкаў пераламлення (ПП) святла дробных зярнят (каля 1—2 мкм) цвёрдых празрыстых рэчываў пад мікраскопам. Зярняты рэчыва апускаюць у нанесеныя на прадметнае шкло мікраскопа кроплі розных вадкасцей з вядомымі ПП. Разглядаючы зярняты ў мікраскоп, падбіраюць вадкасць, найб. блізкую па ПП ад дадзенага рэчыва. У І.м. выкарыстоўваюць імерсійны набор з 98 вадкасцей (з ПП ад 1,408 да 1,780), а таксама наборы высокапераламляльных вадкасцей (з ПП да 2,15) і празрыстых сплаваў (да 2,7). Метад выкарыстоўваюць для вызначэння чыстаты злучэнняў і суадносін кампанентаў у сумесях, пры вывучэнні мінералаў, горных парод і тэхн. камянёў, у хім. тэхналогіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ СО́ЛІ, каліевыя солі,
асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных каліевых і каліева-магніевых мінералаў: сільвіну, карналіту, палігаліту і інш. Па марфалогіі саляных пакладаў вылучаюць: пластавыя, лінза-, купала-, штока- і гнездападобныя радовішчы. Колькасць аксіду калію K2O у прамысл. пакладах 12—30%. К.с. — асн. сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, метал. калій і яго злучэнні. Найб. радовішчы ў Канадзе, Германіі, Расіі, Казахстане, ЗША. На Беларусі К.с. звязаны з саляноснай тоўшчай верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Прамысл. запасы (1996) ацэньваюцца ў 6484,9 млн.т сырых солей (1128,7 млн.т аксіду калію) і сканцэнтраваны на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах. Старобінскае радовішча распрацоўвае (запасы каля 800 млн.т аксіду калію) ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,
геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш.мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш.геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),
археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлігеал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.
Р.А.Зінава.
Да арт.Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст.геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс.мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),
савецкі геолаг, мінералог. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АНСССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АНСССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.
Літ.:
Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.