МУРА́НАЎ Леў Барысавіч (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
т. 11, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,
дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХМУТАВА Аляксандра Мікалаеўна (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Л.А.Сівалобчык.
т. 12, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ Сяргей Уладзіміравіч (18.6.1937, пас. Ратамка Мінскага р-на — 9.12.1999),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). У 1954—62 і з 1965 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў маст., навук.-папулярныя, дакумент. фільмы, лірычныя замалёўкі аб прыродзе, кінастужкі пра дзеячаў мастацтва. Сярод работ; ігравыя фільмы — «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Белая зямля» (усе 1970), «Заўтра будзе позна» (1973, з В.Свобадай); дакумент. — «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (1974), «Мы з Беларусі», «Ларыса Александроўская» (абодва 1975), «Добрая зямля», «Гарызонты дарог» (абодва 1977, у сааўт.), «Зямля мая — лёс мой» (1978, з А.Алаем), «Бацькоўскае поле» (1979), «Пяць гадоў і ўсё жыццё» (1980, у сааўт.), «Дзядзька Якуб» (1981), серыял «У вайны не жаночы твар» (1981—85, з Ю.Ялховым), «Вяртанне ў першы снег», «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (абодва 1985, апошні з Ялховым).
т. 13, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 22.8.1923, Мінск),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1950 у Рэсп. Доме нар. творчасці, у 1956—87 рэжысёр на Рэсп. студыі тэлебачання (у 1959—81 гал. рэжысёр). Сярод работ: тэлеспектаклі «Свой хлеб» Л.Арцішчава (1959), «Слова пра паэта» (1960) і «Ля сіняй бухты» (1976) Б.Бур’яна, «У хоры» Г.Леберэхта (1960), «Выпадковыя сустрэчы» Р.Назарава (1961), «4-1 = 4» А.Браілоўскага і Бур’яна (1963), «Толькі б кахаць» Р.Раманава (1966), «Машэка» Е.Міровіча (1984), «На вастрыі» К.Крапівы (1986); тэлефільмы: дакумент. «Знаёмцеся, Беларусь» (1967), «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 5-я серыя), маст. «Мы — хлопцы жывучыя» (1974). Стварыў шэраг тэлеперадач з цыкла «Творчыя партрэты» пра дзеячаў тэатр. і выяўл. мастацтва Беларусі, муз. перадач «Блакітны агеньчык», рэпартажаў, трансляцый грамадска-паліт. падзей у краіне.
т. 15, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧЭ́НКА Уладзімір Аляксандравіч (н. 30.10.1948, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1979 кіруе студыяй пры Палацы культуры Мінскага трактарнага з-да. Працуе ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта. Лірычныя інтанацыі арганічна з’яднаны з эпічнасцю мыслення і філас.-маст. спасціжэннем духоўнасці. Сярод твораў; «Стары Мінск» (1976), «Край азёр і балот», «Шумяць дубы», «Іней» (усе 1978), «Песня восені» (1979), «Квітнее май», «У партызаны», «Залатыя палі» (усе 1980), «Лена», «Цвітуць лугі», «Ноч на лясным возеры» (усе 1981), «Снежань» (1984), «Асенні спакой», «Мы з вечнасцю будзем нароўні» (абодва 1985), «Бацькаўшчына» (1986—87), «Ефрасіння Полацкая» (1987—89), «Апошняе цяпло» (1989—91), «Малітвы» (1991), «Звон» (1991—92), «Божы след» (1994), «Цішыня», «На зямлі мір» (абодва 1996—97), «Жніво» (1998), «Шэпт камянёў» (1999), «Пакаянны канон», «Карункі восені», «Квітнеючы май» (усе 2001), «Радзіма» (2002).
Л.Ф.Салавей.
т. 15, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІЯ́ЗМ [ад грэч. chiasmos размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэч. літары Χ (хі)],
від сінтаксічнага паралелізму, пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі — другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэт. радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці маст. апісання: «...служыла салдатам сасна — для труны, // для крыжа — бяроза» (А.Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях // сынава сэрца рыдае» (П.Панчанка). Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца Х., дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова — // штосьці страціў у душы абавязкова» (Н.Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (С.Грахоўскі). Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца Х. у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, // зараз жа вярнуся...» (Я.Колас).
Л.А.Антанюк.
т. 17, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГО́РАЎ Марат Фёдаравіч (н. 18.2.1923, г. Севастопаль, Украіна),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст. Д-р філасофіі (1998), праф. (1998). Засл. работнік культуры Рэспублікі Беларусь (1986). Акад. Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (2001). Скончыў Маскоўскае ваенна-паліт. вучылішча імя Леніна (1946), БДУ (1961). З 1941 у Сав. Арміі. З 1968 працаваў на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1970 нам. дырэктара бюро прапаганды л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1972 нам. старшыні, з 1991 старшыня Бел. фонду міру, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі міру, з 1992 старшыня Міжнар. гуманіт. няўрадавай арг-цыі «Чарнобыль—помач», з 1996 нам. старшыні «Міжнароднага саюза чарнобыльскіх ініцыятараў». Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак для моладзі і дзяцей, аўтар сцэнарыяў і рэжысёр кінафільмаў «Аперацыя Днепр». «Небяспечныя павароты» (абодва 1968), «Галоўны пост Радзімы» (1969), «За мір на зямлі» (1975), «Калі не мы, то хто...» (1976).
т. 18, кн. 1, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМА́ТАЎ Каміль Ярматавіч (2.5.1903, г. Канібадам, Таджыкістан — 17.11.1978),
узбекскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1931). У кіно з 1924. З 1957 маст. кіраўнік кінастудыі «Узбекфільм» (з 1979 яго імя). Зняўся ў фільмах «З-пад скляпенняў мячэці» (1928), «Апошні бек» (1930). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Далёка на мяжы» (1931). Яго фільмы «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Бура над Азіяй» (1965, Дзярж. прэмія Узбекістана 1967) паўплывалі на развіццё узб. кіно. Сярод інш. пастаўленых фільмаў: «Эмігрант» (1934, і роля Каміля), «Сябры сустракаюцца зноў» (1939), «Мы пераможам» (1941), «Вершнікі рэвалюцыі» (1969), «Гібель чорнага консула» (1971), «Адна сярод людзей» (1974), «Далёкія блізкія гады» (1977) і інш. Аўтар шэрагу кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Літ.:
Тешабаев Д. Камил Ярматов. М., 1964;
Яго ж. Счастье мастера. Ташкент, 1975.
т. 18, кн. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Валерый Кірылавіч (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л. для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» для арк. нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)