ГІПЕРСТЭ́Н (ад гіпер... + грэч. sthenos сіла, моц),
мінерал з групы піраксенаў, сілікат магнію і двухвалентнага жалеза (Mg, Fe)2[Si2O6]. Прамежкавы член ізаморфнага рада энстатыт — гіперстэн. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, падоўжаныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер цёмна-зялёны, карычневы, шэры, жаўтаваты. Бляск перламутравы. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал ультраасноўных і асноўных магматычных парод. Знойдзены таксама ў каменных метэарытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕЙ,
слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),
мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛЬЦІ́Н.
кобальтавы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід кобальту і мыш’яку CoAsS. Змяшчае кобальт да 34%, прымесі жалеза да 16% (феракабальцін). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі октаэдрычныя, кубічныя. Агрэгаты зярністыя, у крапіны, пражылкі. Колер серабрыста-белы з ружаватым адценнем. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. 6,1—6,2 г/см³. Трапляецца ў высока- і сярэднетэмпературных гідратэрмальных жылах. Асн. радовішчы ў Нарвегіі і Канадзе. Руда кобальту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТАФІ́Р (ад грэч. keras
(keratos) рог + парфір),
альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкі — Ліпарскія астравы),
эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕЛІ́Н,
мінерал класа арсенідаў, арсенід нікелю, NiAs. Мае 43,92% нікелю і 56,08% мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна суцэльныя масы, украпіны, зрэдку ныркападобныя і дэндрытавыя агрэгаты, гексаганальныя таблітчастыя крышталі. Колер медна-чырвоны. Бляск металічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 7,6—7,8 г/см³. Добры праваднік электрычнасці. Трапляецца ў рудах магматычных і гідратэрмальных медна-нікелева-сярэбраных і урана-вісмутавых радовішчаў. Пры вял. скопішчах выкарыстоўваецца як нікелевая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗУРЫ́Т (ад франц. azur лазур, блакіт),
мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБАЛІ́Т,
масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.