Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЭ́ЙКА ((Noreika) Віргіліюс-Кястуціс) (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),
літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ.муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.
Літ.:
Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Земфіра («Алека» С.Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.
Літ.:
Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТГАРЦ (Ілья Аляксандравіч) (30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),
бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг.муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова, «Салавей» М.Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.
Літ.:
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;
Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’евым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэнзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),
украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і «Вій» В.Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.
Л.А.Сівалобчык.
Я.М.Лысік.Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.Пятрова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.
Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел.муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (рэж. У.Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.Бізэ (рэж. Б.Норд), балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл.Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.
Б.С.Смольскі.
Група кіраўнікоў і салістаў Беларускай студыі оперы і балета: у першым радзе справа налева — 1-ы А.Баначыч, 2-і Г.Пятроў, 3-я А.Зайцава, 4-ы І.Гітгарц; у другім радзе — 2-і М.Дзянісаў, 3-і М.Пігулеўскі, 5-я Т.Баначыч, 6-ы У.Тазаўроўскі. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар.арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел.муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел.нар. песні, творы бел. кампазітараў.
Літ.:
Пукст Р. Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.І.Дзянісаў.М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.
бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1929). Працавала ў муз. т-рах Ленінграда. У 1934—60 вядучая балерына Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1949—61 адначасова маст. кіраўнік; у 1961—79 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Яе мастацтва вылучалася яскравым тэмпераментам, высокай тэхнікай танца, псіхал. праўдзівасцю персанажаў. Першая ўвасобіла вобразы Зоські («Салавей» М.Крошнера) і Надзейкі («Князь-возера» В.Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), якія надзяліла нац. характэрнасцю, вял.унутр. сілай і жаноцкай абаяльнасцю. Сярод інш. партый: Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Ліза («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Каламбіна («Арлекінада» Р.Дрыга), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Гітана («Іспанскае капрычыо» на муз. М.Рымскага-Корсакава), характарныя танцы ў операх «Кармэн» Ж.Бізэ, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Аіда» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Страшны двор» С.Манюшкі і інш. Сярод вучняў В.Дудкевіч.
Літ.:
Модэль М. Выдатная балерына // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Мулер К. Тэатр — наш дом // Мастацтва Беларусі. 1985. № 6;
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 21—28.
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1955), выкладаў у ім (1963—80). У 1960—84 саліст Вял.т-ра. Яго выкананне вызначалі пластычнасць, шырыня і моц рухаў, скульптурнасць поз, сінтэз танцавальнасці і артыстызму, псіхал. абгрунтаванасць сцэн. паводзін. Вяршыня творчасці — вобраз Краса («Спартак» А.Хачатурана; Ленінская прэмія 1970). Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Вакх («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Спартак, Армэн («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Вронскі, Карэнін («Ганна Карэніна» Шчадрына), прынц Лімон («Чыпаліна» К.Хачатурана), Ферхад («Легенда аб каханні» А.Мелікава). Ставіў і аднаўляў класічныя балеты, танцы да драм. спектакляў. Здымаўся на тэлебачанні і ў кіно. Аўтар кніг «Хачу танцаваць сто гадоў» (1981), «Учора і сёння ў балеце» (2-е выд. 1986). Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Я пачынаю новы маналог» (1981), «А болей за ўсё пратрымалася душа...» (1990), «Святло яго зоркі» (1992). Прэміі імя В.Ніжынскага (1971), імя М.Петыпа (1977; абедзве Парыж).
Літ.:
Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;