род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДУ́Н, грыжная трава (Herniaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЖДЖЫ,
група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл.Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́ЖНІК (Briza),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна на лугах, лясных палянах і ўзлесках трапляецца Д. сярэдні (B. media). Як інтрадукаваная дэкар. расліна вырошчваецца і зрэдку дзічэе Д. вялікі (B. maxima).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамастойнае, простае або ад асновы галінастае. Лісце сядзячае, лінейнае, пляскатае, шыр. 2—8 мм. Кветкі сабраны ў сплясканыя рамбічныя ці яйцападобныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае раскідзістае або сціснутае мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. (выкарыстоўваюць для групавых пасадак і на сухія букеты) і лек. (мачагонны, сардэчны, супрацьзапаленчы сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДНІК (Angelica),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх. Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш.Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар. расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.