ЛО́ВЕЛ ((Lovell) Джэймс Артур) (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм.караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.Суіджэртам і Ф.Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎ (Уладзімір Афанасьевіч) (н. 20.7.1941, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1983), лётчык-касманаўт СССР (1979), палкоўнік. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 25.2—19.8.1979 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм.караблі (КК) «Саюз-32» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (як камандзір; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-34»); 27.6—23.11.1983 з А.П.Аляксандравым — палёт на КК «Саюз Т-9» і АС «Салют-7» (як камандзір); 29.8—7.9.1988 з В.У.Паляковым і А.Мамандам — палёт на КК «Саюз ТМ-6» і АС «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-5»). Правёў у космасе 333,33 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Алег Рыгоравіч) (н. 6.1.1933, г. Удомля Цвярской вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1973). Канд.тэхн.н. (1980). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.Э.Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з В.Р.Лазаравым здзейсніў палёт на касм.караблі (КК) «Саюз-12»; 5.4.1975 з Лазаравым — субарбітальны палёт на КК «Саюз 18-1»; 10—16.1.1978 з У.А.Джанібекавым — палёт на КК «Саюз-27» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26», на якім вярнуўся на Зямлю; 27.11—10.12.1980 з Л.Дз.Кізімам і Г.М.Стракалавым — палёт на КК «Саюз Т-3» і АС «Салют-6». У палётах удзельнічаў як бортінжынер. Правёў у космасе 20,74 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд.тэхн.н. (1975). Скончыў ваен.авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм.караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АНСССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Леанід Іванавіч) (н. 31.8.1945, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1981), лётчык-касманаўт СССР (1980). Палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1968), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Здзейсніў (як камандзір экіпажаў) палёты: 9.4—11.10.1980 з В.В.Руміным на касмічным караблі (КК) «Саюз-35» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (пасадка на КК «Саюз-37»), 14—22.5.1981 з Д.Прунарыу на КК «Саюз-40» і АС «Салют-6», 19—27.8.1982 з А.А.Серабровым і С.Я.Савіцкай на КК «Саюз Т-7» і АС «Салют—7» (пасадка на КК «Саюз Т-5»). У космасе правёў 200,6 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКА (ад англ. push штурхаць),
тып гарматы для стральбы па наземных, надводных і паветраных цэлях. П. перасягаюць усе інш. тыпы артыл. гармат (гаўбіцы, марціры, мінамёты) па далёкасці стральбы (звычайна насцільнай).
Вядома з 14—15 ст. П. наз. таксама інш. гарматы, якія паводле характарыстык з’яўляліся марцірамі, напр., «Цар-пушка» (1586; рус. майстар А.Чохаў). Бываюць агульнага і спец. прызначэння (зенітныя, процітанкавыя і інш.). Маюць доўгі ствол (40—80 калібраў), пач. скорасць снарада да 1,5 км/с, далёкасць стральбы больш за 40 км. Для павелічэння далёкасці стральбы выкарыстоўваюць актыўна-рэактыўныя снарады. Паводле спосабу перамяшчэння адрозніваюць буксіравальныя, самарухальныя, самаходныя; могуць размяшчацца на танку, самалёце, караблі. Уваходзяць у склад танк., авіяцыйнай, карабельнай і берагавой артылерыі. Іл.гл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАВІ́ШНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.9.1932, г. Томск, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1971, 1974). Герой Манголіі (1972). Герой Балгарыі (1979). Лётчык-касманаўт СССР (1971). Канд.тэхн.н. (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз.ін-т (1957). У 1967—80 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. У 1981—98 старшыня Федэрацыі касманаўтыкі СССР (Расіі). 23—25.4.1971 з У.А.Шаталавым і А.С.Елісеевым здзейсніў (як інжынер-выпрабавальнік) палёт на касм.караблі (КК) «Саюз-10» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Салют»), 2—8.12.1974 з А.В.Філіпчанкам — палёт на КК «Саюз-16» (як бортінжынер), 10—12.4.1979 з Г.Іванавым (Балгарыя) — палёт на КК «Саюз-33» (як камандзір). У космасе правёў 9,9 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен.караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед.караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),
прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен.караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.