ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.І.Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.
Тв.:
Рус.пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.
Аб’ядноўвала ч. інтэлігенцыі, якая вагалася паміж ліберальна-дэмакр. поглядамі канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (кадэтаў) і ўмерана-сацыяліст. поглядамі правага крыла сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вылучыліся з правага крыла эсэраў. Лідэры: М.Ф.Аненскі, В.А.Мякоцін, А.В.Пешахонаў, У.Г.Багараз, В.І.Сямеўскі і інш.Афіц. орган — час. «Народно-социалистическое обозрение» (1906—07). У праграме Н.с. (1906) абвяшчалася, што ўся ўлада павінна належаць прац. народу. Выступалі за нацыяналізацыю зямлі, акрамя сял. надзелаў і зямель, на якіх вялася «прац. гаспадарка». Пераход да сацыялізму ўяўлялі сабе як «паслядоўнае абмежаванне ўлады буйнога капіталу захадамі дзярж. кантролю з прыцягненнем рабочых да кіравання дзярж. прадпрыемствамі». Былі за «адзіную непадзельную» Расію з прадастаўленнем аўтаноміі нац. меншасцям. Пасля разгону 2-й Дзярж. думы (16.6.1907), у якой Н.с. падтрымлівалі трудавікоў, Н.с. фактычна спынілі дзейнасць. Аднавілі яе пасля Лют. рэвалюцыі. На сваім 1-м з’ездзе (ліп. 1917) аб’ядналіся з трудавікамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю (ПНСП), прынялі праграму і выбралі ЦК. Выдавалі газ. «Народнае слова». ПНСП (каля 10 тыс.чал. восенню 1917) адлюстроўвала інтарэсы заможных сялян, падтрымлівала часовы ўрад, у які ад яе ўвайшлі Пешахонаў і А.С.Зарудны. На Беларусі нешматлікія групы Н.с. існавалі ў Мінску, Віцебску, Магілёве. Да Н.с. належаў Я.С.Канчар — адзін з арганізатараў Усебеларускага з’езда 1917. Н.с. адмоўна сустрэлі Кастр. рэвалюцыю 1917, на выбарах ва Устаноўчы сход (студз. 1918) атрымалі 0,8% галасоў. У 1918 ПНСП спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.
П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.
2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.
3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв.гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.
Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст. — пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц.т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.
Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн.м² тканін (у 1990—94 млн.м²).
Г.С.Смалякоў.
Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́ЗМ,
адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.
На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.
Літ.:
Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў дзяржавы, крэдытна-фін. устаноў, накіраваных на падтрымку стабільнасці і ўмацаванне крэдытнай сістэмы. К.п. прадугледжвае стымуляванне крэдыту і грашовай эмісіі — крэдытная экспансія (пашырэнне крэдытнага ўплыву) або іх стрымліванне і абмежаванне — крэдытная рэстрыкцыя (перш за ўсё прадухіленне ўцечкі залатых і валютных запасаў за мяжу). Найб. пашыраныя метады К.п.: аперацыі на адкрытым рынку, змена рэзервовай нормы і ўліковай стаўкі. Аперацыямі на адкрытым рынку дзяржава памяншае або павялічвае прапанаванне грашовай масы і т. ч. стымулюе або стрымлівае крэдытныя магчымасці банкаў. Калі дзяржава скупляе каштоўныя паперы, яна не толькі павялічвае фін. магчымасці банкаў, але і сукупную грашовую масу ў абарачэнні, стымулюе рост дзелавой актыўнасці ў краіне. Пры рэгуляванні норм абавязковага рэзервавання недатыкальнага запасу грашовых сродкаў дзяржава павялічвае або памяншае сукупную грашовую масу. Пры павышэнні нормы магчымасці банкаў крэдытаваць эканоміку скарачаюцца, што, у сваю чаргу, выклікае рост працэнтаў за крэдыт, памяншае попыт на пазыковыя сродкі. Змена ўліковай (дысконтнай) стаўкі звязана з ператварэннем нац. (цэнтр.) банка ў крэдытора камерцыйных банкаў. Пры павелічэнні стаўкі па крэдытах (уліковая і стаўка дысконту) нац. банк заахвочвае інш. крэдытныя ўстановы скарачаць запазычанасць і наадварот. Разам з тым эканам. наступствы такога рэгулявання маюць двайное значэнне: павышэнне нормы з’яўляецца важным сродкам барацьбы з інфляцыяй, але выклікае скарачэнне вытв-сці, рост беспрацоўя і сац. напружанасць у грамадстве; зніжэнне нормы ўліковай стаўкі садзейнічае выхаду з крызісу, але выклікае рост інфляцыі. Метады ўздзеяння на крэдытную сістэму, у залежнасці ад эканам. кан’юнктуры і ступені разладжанасці фін. сістэмы, могуць дапаўняцца і шэрагам іншых, напр., правядзеннем грашовых рэформ, скарачэннем крэдытавання прадпрыемстваў, павелічэннем або памяншэннем статутнага капіталу банкаў, амартызацыйнай палітыкай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц.капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар.падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш.гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.
Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.