РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),

раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́ЦЫЯ,

1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.

2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.

3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.

4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл. Аўдыт).

Н.​А.​Карповіч.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),

«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Іван Пятровіч) (9.9.1811—15.7.1901),

расійскі дзярж. дзеяч, асветнік. У 1864—68 папячыцель Віленскай навуч. акругі. Заснаваў у Вільні Паўн.-Зах. аддзяленне Рус. геагр. т-ва. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археагр. камісіі, па яго ініцыятыве камісія выдала 4 тамы Археагр. зборніка дакументаў і Тураўскае евангелле, у якіх шмат звестак па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Вял. ролю адводзіў выхаванню дзяцей у сельскіх школах, гімназіях і інш. навуч. установах. Пад яго рэдакцыяй апублікаваны 3 тамы матэрыялаў па гісторыі асветы ў Расіі (1893—98).

Тв.:

К истории Виленского учебного округа за 1863—1868 гг.: Памяти графа М.​Н.​Муравьева. СПб., 1898;

Воспоминания о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западном крае. СПб., 1900;

Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Вилен. учеб. округа преимущественно в муравьевскую эпоху. СПб., 1901.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНК БССР,

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНК БССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНК БССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВК БССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВК БССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНК БССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНК БССР з наступным дакладам пра гэта СНК БССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВК БССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНК БССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВК БССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).

Старшыні СНК БССР: А.​Р.​Чарвякоў (1920—24), Я.​А.​Адамовіч (1924—27), М.​М.​Галадзед (1927—37), Д.​І.​Валковіч (1937), А.​Ф.​Кавалёў (1937—38), К.​В.​Кісялёў (1938—40), І.​С.​Былінскі (1940—44), П.​К.​Панамарэнка (1944—46).

Літ.:

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг.). Мн., 1968;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76.

Р.​П.​Платонау.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ, Губернскія вучоныя архіўныя камісіі,

губернскія ўстановы па зборы гіст. крыніц у Расіі ў 1884—1918. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археал. ін-та М.​В.​Калачова. Дзейнічалі ў 41 губ. Рас. імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13.4.1884 іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гіст. архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. У.​І.​Пічэта), пісьменнікі (М.​Горкі, У.​Г.​Караленка). Камісіі арганізоўвалі б-кі, музеі, збіралі этнагр. матэрыял, праводзілі археал. раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; усяго выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археал. ін-ту, пасля — Рускаму гіст. т-ву.

Літ.:

Самошенко В.Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138;

Макарихин В.П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (МКЧК),

міжнародная арг-цыя дапамогі ахвярам вайны і стыхійных бедстваў. Створаны ў кастр. 1863 на канферэнцыі прадстаўнікоў 16 краін па ініцыятыве А.Дзюнана. З гэтага часу пачалі ўзнікаць нац. т-вы Чырв. Крыжа (у мусульм. краінах — Чырв. Паўмесяца). Для каардынацыі сваіх намаганняў у 1919 нац. т-вы стварылі Лігу т-ваў Чырв. Крыжа (цяпер Ліга т-ваў Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Сумесна з МКЧК яны склалі Міжнар. Чырв. Крыж (з 1986 — Міжнар. рух Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Пад уплывам і пры ўдзеле МКЧК распрацаваны і прыняты Гаагскія канвенцыі 1907 пра законы і звычаі вайны, Канвенцыя пра ваеннапалонных 1929 і Жэнеўскія канвенцыі 1949 пра ахвяр вайны. Цэнтр. орган — Міжнар. камісія Чырв. Крыжа. Бел. т-ва Чырв. Крыжа ўваходзіць у МКЧК з 1995. Нобелеўскія прэміі міру 1917, 1945, 1963.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНІ́ЦКІ (Рычард Вікенцьевіч) (28.7.1886, фальварак Селігоры, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.1956),

бел. гісторык-архівіст, крыніцазнавец. Вучыўся ў Пецярб. ун-це (1904—06). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Жыў у Кракаве, Віцебску, Варшаве, з 1918 у Вільні, з 1921 супрацоўнік Дзярж. архіва ў Вільні, з 1939 яго дырэктар, адначасова з 1923 выкладчык Віленскага ун-та (з 1938 праф.). Пасля 2-й сусв. вайны працаваў у Гданьску і Торуні, займаўся гісторыяй архіва- і крыніцазнаўства. Упершыню ўвёў курс архівазнаўства ў Віленскім ун-це (1923) і распрацаваў курс лекцый па архівістыцы для ВНУ. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губ. Вывучаў помнікі пісьменнасці ВКЛ. Аўтар прац «Віленская археаграфічная камісія (1864—1915)» (1925), «Дыярыуш вайсковай Варшаўскай рады з 1710 г.» (1928), «Архіў даўніх актаў у Віцебску, 1852—1903» (1939) і інш.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,

камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.​М.​Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.​Д.​Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.​Брэслава, Я.​Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА 1990.

Адбылася ў красавіку 1990 у сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Паводле рашэння канферэнцыі прац. калектыву «Гомсельмаша» 26.4.1990, у 4-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, работа прадпрыемства (30 тыс. чал.) была спынена. На інш. прадпрыемствах горада адбыліся мітынгі, спынілі работу станкабудаўнічы з-д імя Кірава, радыёзавод. Калоны рабочых прыйшлі на пл. Леніна, дзе адбыўся агульнагар. мітынг. Прынятая на ім рэзалюцыя патрабавала неадкладнага закрыцця ЧАЭС, прызнання Гомеля і вобласці зонай нац. і экалаг. Бедства. 7 — 8.7.1990 у час работы XXVIII з’езда КПСС гар. забастовачны к-т з дапамогай гарсавета і гар. рады БНФ «Адраджэнне» арганізавалі ў Маскву марш-пратэст «За выжыванне». Пасля гэтага ў Гомель была накіравана ўрадавая камісія. 25.7.1990 паміж камісіяй, забастовачным к-там, СМ БССР, абл. і гар. выканкомамі быў падпісаны пратакол, паводле якога Гомелю надаваўся статус горада, пацярпелага ад экалаг. бедства, і прадугледжвалася праграма дзярж. дапамогі.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)