масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКІ,
бел.нар. гульня. У сярэдзіне пляцоўкі чэрцяць круг такой плошчы, каб у ім маглі размясціцца ўсе, што гуляюць — «конікі». Выбіраюць «шпака» і становяцца ў круг. «Шпак», скачучы на дзвюх або адной назе, пачынае лавіць «конікаў» і як толькі выйдзе за межы круга, усе пачынаюць перамяшчацца як і ён. Калі «шпак» зловіць ці дакранецца да гульца, той становіцца «шпаком», і гульня працягваецца з тымі ж умовамі.
Я.Р.Вількін.
Конікі: 1 — лясны, 2 — лугавы, 3 — палявы, 4 — чырвонаваллёвы (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ПО́ЛЯ,
вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе сілавое ўздзеянне поля на эл. зараджаныя часціцы і целы, што знаходзяцца ў ім. Вызначаецца адносінамі сілы , якая дзейнічае з боку поля на ўнесены ў яго дадатны пробны зарад q0, да абс. значэння гэтага зараду:
. Зарад q0 павінен быць дастаткова малым, каб яго ўнясенне ў даследаванае поле не выклікала змен значэнняў і размеркавання ў прасторы зарадаў, якія стварылі дадзенае поле. Адзінка Н.э.п. ў СІ — вольт на метр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАВЕ́РШАНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
часткова гатовая прадукцыя, якая не прайшла поўны тэхнал. цыкл вытв-сці, неабходны, каб прадукцыю можна было накіраваць на склад гатовай прадукцыі, заказчыку, на рынак для продажу. Н.в. у буд-ве — буд. аб’ект, не ўведзены ў эксплуатацыю, не здадзены заказчыку. Н.в. у сельскай гаспадарцы — частка абаротных фондаў с.-г. прадпрыемства, якая забяспечвае бесперапыннасць вытв. працэсаў. У яе ўключаюць аб’ёмы працы і прадукцыю, якая знаходзіцца на прамежкавых стадыях вытв. працэсу: зяблівае ворыва, сяўбу азімых культур і шматгадовых траў, маладняк жывёлагадоўлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖАРЫТА́РНАЯ СІСТЭ́МА (ад франц. majorité большасць),
сістэма выбараў, пры якой выбранымі лічацца кандыдаты, якія атрымалі большасць галасоў выбаршчыкаў па выбарчай акрузе, дзе яны балаціраваліся. Адрозніваюць М.с. абсалютнай большасці (кандыдат лічыцца выбраным, калі ён атрымаў па акрузе больш за палову ўсіх галасоў), адноснай большасці (кандыдату, каб быць выбраным, дастаткова атрымаць адносную большасць галасоў па акрузе ў параўнанні з інш. кандыдатамі) і кваліфікаванай большасці (пераможца павінен атрымаць папярэдне вызначаную большасць, якая перавышае палавіну галасоў — 2/3, 3/4і г.д.). Гл. таксама Выбарчая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́ЗКА РАСЛІ́Н,
частковае ці поўнае выдаленне парасткаў і галін; прыём догляду пладова-ягадных і дэкар. раслін. Дапамагае сфарміраваць крону, павялічвае прадукцыйны перыяд плоданашэння, стымулюе штогадовае ўзнікненне вял. колькасці парасткаў і маладых пладовых утварэнняў.
Фарміравальную абрэзку робяць у маладым садзе, пры абрэзцы загушчаных крон і ўтварэнні новых галін з ваўчкоў, а таксама пасля перапрышчэплівання дрэў. Абрэзку, якая рэгулюе плоданашэнне, робяць у дарослых пладаносных дрэў, каб стварыць умовы для абнаўлення пладовай драўніны, павысіць ураджайнасць. Амаладжальную абрэзку старых дрэў і кустоў робяць, каб аднавіць рост і збалансаваць плоданашэнне. Звычайна ўсе віды абрэзкі раслін праводзяць адначасова ў розных спалучэннях. Асн. прыёмы — пакарочванне (падрэзка) і выразка галін (прарэджванне). Абрэзка раслін дзеля стварэння «жывых агароджаў» і аб’ёмных кампазіцый наз. стрыжкай.
Кудрявец Р.П. Формирование и обрезка плодовых деревьев: [Альбом]. М., 1976.
Да арт.Абрэзка раслін. А. Асноўныя прыёмы абрэзкі пладовых дрэў: 1 — пакарочванне; 2 — прарэджванне. Б. Абрэзка з мэтай змены напрамку росту галін: 7 — на галіну, якая расце ўверх; 2 — на галіну, якая расце да перыферыі кроны; 3 — на вонкавую галіну ў наступным годзе; 4 — тая самая галіна на трэці год. В. Абрэзка пры фарміраванні разрэджана-яруснай кроны: 1—4 — гады пасля пасадкі; злева — да абрэзкі, справа — пасля абрэзкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЛАСЦЬ,
1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.
2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.
3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл.Мяжа аселасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.
Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЫ́Т (ад англ. audit праверка, рэвізія),
праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр.ФРГ.
Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк [1044—66]. Ён і яго пераемнік кн.Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.