прылады для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі інфармацыі на аснове акустаэлектроннага ўзаемадзеяння. Да іх адносяцца акустаэлектронныя ўзмацняльнікі, генератары, фільтры, рэзанатары, акустычныя лініі затрымкі, дапасаваныя фільтры, прылады для кадзіравання і дэкадзіравання сігналаў і інш.Найб. пашыраны акустаэлектронныя фільтры (п’езаэл. фільтры на аб’ёмных або паверхневых хвалях); выкарыстоўваюцца для вылучэння і інтэгравання (назапашвання) сігналаў, змены іх частотнага спектра. Акустаэлектронныя прылады адрозніваюцца высокай надзейнасцю, мініяцюрнымі памерамі. Выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёлакацыі, касм. сувязі і інш.Гл. таксама Акустаэлектроніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыі без змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРДЭО́Н (франц. accordēon),
музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГІГІЕ́НА (ад геа... + гігіена),
навуковая дысцыпліна, якая вывучае мед. аспекты глабальных вынікаў дзейнасці чалавека: прамыя ўздзеянні на яго здароўе і апасродкаваныя праз змены балансу экалагічных кампанентаў і экасістэм. Стварае аснову для распрацоўкі мерапрыемстваў па захаванні і паляпшэнні сан. стану навакольнага асяроддзя, прадухіленні негатыўных антрапагенных змен у прыродзе, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека (напр., дзеянне забруджвальных рэчываў). Цесна звязана з комплексам экалагічных, мед., геагр і інш.навук. Зрэдку (у вузкім сэнсе) разумеюць як сінонім аховы прыроды (навакольнага асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВА́Я ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой з ліставога пракату (ліста, паласы, стужкі) атрымліваюць вырабы плоскай або прасторавай формы без змены таўшчыні матэрыялу. Бывае гарачая (штампуюць лісты таўшчынёй больш за 15 мм) і халодная (да 15 мм). Да Л.ш. адносяць гібку, выцяжку, рэзку (разразанне, вырубку, прабіўку адтулін), а таксама адбартоўку, закрутку, зборку і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамаб., радыётэхн., электроннай і інш. галінах вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́НСАГЕРА ТЭАРЭ́МА, суадносіны ўзаемнасці,
адна з асн. тэарэм тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Устанаўлівае сувязь паміж кінетычнымі каэфіцыентамі, якія вызначаюць інтэнсіўнасць перакрыжаваных працэсаў пераносу (гл.Пераносу з’явы), а таксама паміж каэфіцыентамі перакрыжаваных хім. рэакцый. Напр., узнікненне патоку рэчыва пад уздзеяннем градыента т-ры (тэрмадыфузія) і наадварот — патоку цеплаты пад уздзеяннем градыента канцэнтрацыі (эфект Дзюфура), тэрмаэл. з’явы (Зеебека з’ява і Пельцье эфект). Вынікае з мікраскапічнай абарачальнасці руху часцінак (незалежнасці ўраўненняў, што апісваюць іх рух, ад змены знака часу). Устаноўлена Л.Онсагерам (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЛІМІНА́РНЫ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,
папярэдняе пагадненне, у якім варагуючыя бакі ўстанаўліваюць асн. ўмовы будучага мірнага дагавора. Вызначае агульныя ўмовы спынення вайны, у т. л. новыя граніцы і тэр.змены. У ім могуць быць палажэнні, што адносяцца да стварэння камісій па дэлімітацыі граніц, аб вызваленні акупіраваных тэрыторый, кампенсацыі ваен. выдаткаў, аб абмене ваеннапалоннымі і да т.п. Напр., пагадненне з Польшчай, падпісанае 12.10.1920 прадстаўнікамі РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога, што папярэднічала Рыжскаму мірнаму дагавору 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,
працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш.гасп. дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г.тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).
Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд.т.
На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч.прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.