КЕ́РЧАНСКІ ПРАЛІ́Ў (стараж.-грэч. Баспор Кімерыйскі),

праліў паміж Керчанскім п-вам на З і Таманскім п-вам на У, злучае Чорнае і Азоўскае моры. Даўж. каля 41 км, шыр. ад 40 да 45 км, глыб. 5—15 м. Берагі часткова нізінныя, з пясчанымі косамі, месцамі абрывістыя і скалістыя. Зімой укрыты плывучымі льдамі. На зах. беразе — буйны порт Керч, звязаны чыг. паромам са ст. Каўказ.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г.п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПС,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, багатага жніва і пасеваў. Яе эпітэт Кансівія (Сейбітка), магчыма, звязаны з блізкасцю культу О. да культу агр. бога Конса. У гонар О. наладжваліся святы і ахвярапрынашэнні (25 жн. і 19 снеж.). У 3 ст. да н.э. яна атаясамлена з Рэяй і лічылася жонкай Сатурна, апякункай Рыма, дзе ў яе гонар на Капітоліі і на форуме былі пабудаваны храмы.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС, сіній (ад позналац. Sina Кітай),

комплекс горных парод верхняга дакембрыю, адпавядае большай ч. рыфею. Вылучаны ням. геолагам Ф.​Рыхтгофенам у 1882 на тэр. Кітая. Складзены ўнізе з кварцытаў, сланцаў і андэзітавых лаваў, уверсе пераважна з вапнякоў і даламітаў са страматалітамі. Магутнасць 8 тыс. м. У бас. р. Янцзы С.к. уключае характэрную пачку ледавіковых кангламератаў — тылітаў. З адкладамі С.к. звязаны радовішчы жалезных і марганцавых руд.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЫБУ́Т,

1) у выяўленчым мастацтве прадметы, якія вызначаюць і характарызуюць адпаведна замацаваным правілам (канонам) пэўнага героя, персанажа. Цесна звязаны з алегорыяй, сімвалам, аксесуарам. Часта з’яўляецца асн. сродкам пры вызначэнні сюжэта карціны, герояў і персанажаў маст. твора. Пашыраны ў абразах, партрэтах, карцінах на міфал. і біблейскія тэмы, станковай і манументальна-дэкаратыўнай пластыцы (дэкор інтэр’ераў, убранне алтароў, надмагіллі), манументальных размалёўках і інш. 2) У мовазнаўстве тое, што Азначэнне.

Б.​Г.​Лазука.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ (ад а... + грэч. bios жыццё),

сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія акружаюць жывыя арганізмы і паходжаннем не звязаны з іх жыццядзейнасцю (гл. Абіятычныя фактары). У выніку гіст. развіцця ў канкрэтных умовах арганізмы прыстасоўваюцца да пэўнага комплексу фактараў і ў працэсе жыццядзейнасці самі змяняюць абіятычнае асяроддзе. Вытв. і быт. дзейнасць чалавека адмоўна ўздзейнічае на абіятычнае асяроддзе, таму неабходна прымаць меры па захаванні асяроддзя ў натуральным стане, стварэнні лепшых умоў існавання арганізмаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛЬГАСА́Н (сапр. Алекперзадэ Абульгасан Алібаба аглы; 12.3.1906, с. Баскал, Азербайджан — 1986),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1932). Раманы «Свет разбураецца» (1933), «Бастыёны дружбы» (кн. 1—4, 1950—70), «Садагат» (1979) і інш. сюжэтна звязаны з падзеямі рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў. Аўтар сатыр. аповесці «Унукі старой Тамашы» (ч. 1—3, 1957—69), шматлікіх апавяданняў.

Тв.:

Бел. пер. — Унукі старой Тамашы. Мн., 1962.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛІ́НІ (Каэтан) (1748, Італія — 1816),

архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)