ЖВА́ЧКА,
перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.
т. 6, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІ́ТЫ ў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш. Гл. таксама Эндэмікі.
т. 8, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАМО́НАС (Psendomonas),
род няспораўтваральных бактэрый сям. псеўдаманад. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў паветры, глебе, марскіх і прэсных вадаёмах, сцёкавых водах, газавых і нафтавых радовішчах. Выяўляюцца на харч. прадуктах, целах жывёл і раслін, таксама ў гнойных ранах і экскрэментах хворых млекакормячых жывёл і чалавека.
Пераважна адзіночныя клеткі ў выглядзе дробных палачак з палярна размешчанымі жгуцікамі. Аэробныя арганізмы, грамадмоўныя, гетэратрофы. Некат. віды сінтэзуюць пігменты, вітаміны, антыбіётыкі або таксіны. Ёсць патагенныя і ўмоўна патагенныя для чалавека, жывёл і раслін.
А.І.Ерашоў.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́НІНГС ((Jennings) Герберт Спенсер) (1868—1947),
амерыканскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Расійскай АН з 1924. Праф. заалогіі ун-та Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па генетыцы папуляцый і экалогіі жывёл, фізіялогіі размнажэння, спадчыннасці і паводзін прасцейшых і інш. ніжэйшых жывёл.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯНАВІГА́ЦЫЯ (ад бія... + навігацыя),
здольнасць жывёл выбіраць напрамак руху пры рэгулярных сезонных міграцыях (на зімоўкі або да месцаў размнажэння) і пры знаходжанні свайго месцажыхарства (хомінг). Забяспечваецца здольнасцю жывёл да арыентацыі ў навакольнай прасторы з дапамогай органаў пачуццяў і інстынктаў (значэнне інстынктаў асабліва вялікае, калі міграцыі жывёл адбываюцца ўпершыню). Здольнасць да біянавігацыі ўласціва птушкам, рыбам, млекакормячым, якія ажыццяўляюць далёкія сезонныя міграцыі (напр., паўн. аленям, марскім коцікам, кітам, пералётным птушкам), некаторым паўзунам (напр., марскім чарапахам) і інш. Спосабы біянавігацыі розныя: сонечная або зоркавая арыентацыя, навігацыя па наземных арыенцірах, магнітным полі Зямлі і інш.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛО́Ў,
1) здабыча жывымі пэўнай колькасці дзікіх жывёл для навук. даследаванняў, заапаркаў і заасадоў, утрымання ці развядзення ў няволі, рассялення за межамі дадзенага рэгіёна (у мэтах акліматызацыі ці рэакліматызацыі).
2) Здабыча жывёл (пераважна млекакормячых і птушак) у прамысл. мэтах з дапамогай спец. прыстасаванняў і прылад: цянётаў, гонаў і інш. сетак, самалоўных пастак, садкоў, лоўчых ям і інш. Для многіх відаў жывёл адлоў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. заканадаўстваў, магчымы толькі ў межах вылучаных квот або на падставе выдадзеных прыродаахоўнымі органамі ліцэнзій; адступленне ад іх лічыцца браканьерствам.
т. 1, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАНСТРА́ЦЫЯ ў біялогіі,
1) стэрэатыпныя акты паводзін жывёл, якія адыгрываюць ролю розных сігналаў у іх узаемаадносінах. Набор характэрных рухаў цела, поз і гукаў, што выкарыстоўваюцца асобінамі дадзенага віду ў якасці сігналаў пагрозы, прымірэння, прывітання, запрашэння да спароўвання і інш., зрэдку вылучаецца ў асобную катэгорыю дэманстрацыйных паводзін. Д. вывучае эталогія.
2) Яркая афарбоўка жывёл, якая робіць іх прыкметнымі на фоне навакольнага асяроддзя; адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі і формы (мімікрыя). Садзейнічае поспеху ў барацьбе за існаванне — выжыванню і ўзнаўленню. Д. мае вял. біял. значэнне ва ўзаемаадносінах жывёл у біяцэнозах.
т. 6, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАФІЛЁЗЫ,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.
Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)