ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.​Ю.​Ластоўскі, А. і І.​Луцкевічы, Я.​Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.​Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.​Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЫЛО́Е»,

часопіс па гісторыі рэв. руху ў Расіі. Выдаваўся У.​Л.​Бурцавым у 1900—04 (№ 1—6) у Лондане, у 1908—12 (№ 7—14) у Парыжы, а таксама штомесяц у студз. 1906 — кастр. 1907 (32 нумары) і ў 1917—26 (35 нумароў, 32 кн.; рэдактары: В.Я.Багучарскі, П.​Е.​Шчогалеў і Бурцаў, В.​В.​Вадавозаў і Я.В.Тарле) у Пецярбургу на рус. мове. Яго замежнае выданне друкавала дакументы і матэрыялы пра дзейнасць «Народнай волі», «Матэрыялы для слоўніка палітычных ссыльных у Расіі», агляды вольнага рас. друку, мемуары В.М.Фігнер, Б.В.Савінкава, С.П.Каваліка і інш. У Пецярбургу друкаваліся артыкулы і даследаванні, біягр. нарысы і мемуары дзеячаў рэв. руху, пісьмы, дзённікі і інш. (у т. л. пра дзейнасць Бунда на Беларусі) па гісторыі грамадскага і рэв. руху канца 18 ст. — 1907 (першы легальны часопіс у Расіі з рэв. тэматыкай); выданне часопіса спынена з-за процідзеяння сав. улад і фін. цяжкасцей.

Літ.:

Лурье Ф.М. Хранители прошлого: Журнал «Былое»: история, редакторы, издатели. Л., 1990.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КПК),

адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы крымінальна-працэсуальнага права, што рэгулююць дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда па расследаванні і суд. разглядзе крымін. спраў. Першы КПК Беларусі прыняты паводле пастановы ЦВК БССР ад 30.3.1923, уведзены ў дзеянне з 15.4.1923. У 1927 і 1929 у КПК былі ўнесены змены і дадаткі. Дзеючы КПК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960 4-й сесіяй Вярх. Савета рэспублікі, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961. З часу прыняцця ў яго ўнесены шэраг змен і дадаткаў. КПК складаецца з 9 раздзелаў і 411 артыкулаў. У іх змешчаны агульныя палажэнні крымінальнага судаводства, вызначаны парадак узбуджэння крымін. спраў і дзейнасць па іх органаў дазнання і папярэдняга следства, парадак судаводства ў судах першай, касацыйных і нагляднай інстанцый, выканання прыгавораў і інш. Зыходзячы з таго, што многія нормы КПК патрабуюць удакладненняў і змен, адпаведнымі службамі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавана новая рэдакцыя КПК.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎРЭНС (Lawrence) Томас Эдуард (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),

брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на З Аравійскага п-ва — узняць мясц. араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт. калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.

Літ.:

«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.

Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял. Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.​С.​Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».

В.​П.​Лютынскі.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т па падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.

Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.​В.​Ярмошын (да 14.4.2000 С.​С.​Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.​І.​Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.​М.​Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.

Л.​У.​Бароўка.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма

(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),

бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.​Пруса і Э.​Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.

Літ.:

Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;

Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́ЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА, Яраслаўскае беларускае таварыства,

бел. грамадская арг-цыя ў Яраслаўлі ў 1916—18. Аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Створана восенню 1916. Яе аснову складалі выкладчыкі і слухачы Мінскага настаўніцкага інстытута: У.​М.​Ігнатоўскі, М.​І.​Мароз, Х.​Бурван, Х.​Імшэнік, А.​Кабервейн, М.​С.​Кахановіч, С.​Курчэвіч-Сеўрук, Г.​Нікіфарава, Дз.​А.​Сцяпура, М.​Шымель, М.​Ярац, святар У.​Біруля. Цесную сувязь з радай падтрымліваў М.​Багдановіч. Ставіла за мэту згуртаванне беларусаў-бежанцаў вакол нац. ідэі, аказанне матэр. і юрыд. дапамогі пацярпелым ад вайны, правядзенне дабрачынных акцый, культ.-асв. лекцый, тэатр.-муз. вечарын. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 разам з арг-цыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасць па нац. усведамленні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала з Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь з Бел. нац. к-там у Мінску, бел. нар. грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на 1-ы з’езд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастр. 1917, Усебеларускі з’езд 1917. Спыніла дзейнасць вясной 1918.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАРАТО́РЫЯ (сярэднелац. laboratorium ад лац. laborare працаваць),

спецыяльна абсталяванае памяшканне ў складзе навук. ці навуч. установы, прадпрыемства або інш., прызначанае для правядзення навук., вытв.-кантрольных ці тэхн. даследаванняў, а таксама навуч. заняткаў; установа, дзе займаюцца такімі даследаваннямі. У пераносным сэнсе — творчы працэс, творчая дзейнасць каго-н. Напр., творчая Л. пісьменніка.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)