КІРЫЛЮ́К Яўген Прохаравіч (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),

украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.​Р.​Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́СМАС»,

1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.

Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.

2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.

ШСЗ «Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў Барыс Міхайлавіч (6.8.1862, с. Балабонава Ніжагародскай вобл., Расія — 22.2.1943),

расійскі мовазнавец-славіст. Акад. АН СССР (1923; чл.-кар. 1907), Польскай АН (1930), чл.-кар. Балгарскай (1932) і Чэшскай (1934) АН. Брат А.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Вучань В.Ягіча. Выкладаў з 1892 у Харкаўскім, з 1900 у Новарасійскім ун-тах. Праф. ун-таў у Адэсе (1903—23), Ленінградзе (1924—29). Належаў да лінгвістычнай школы П.Фартунатава. Працы па гісторыі праслав. мовы, параўнальнай фанетыцы і граматыцы, гісторыі і этымалогіі слав. моў: «Даследаванне пра мову сінадальнага спіса 1-га Наўгародскага летапісу» (вып. 1, 1899), «Формы скланення ў стараславянскай мове» (1905), літаграфаваны курс лекцый па параўнальнай фанетыцы слав. моў (1913—14) і інш. Аўтар нарысаў пра дзейнасць рус. і замежных філолагаў-славістаў канца 19—1-й пал. 20 ст. (Я.​Карскага, Ф.​Пастрнека, А.​Патабні, М.​Фасмера, А.​Шахматава, Л.​Шчэрбы, Ягіча і інш.).

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),

ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.

НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.​Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.​Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.​Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.​Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г. НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар. касм. станцыі і аэракасм. самалёта.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАРА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі зададзенага пункта x = a раскладаецца аналітычная функцыя. Значэнне функцыі 𝑓(x) выражаецца праз значэнні яе і яе вытворных у пункце x = a: 𝑓 (x) = 𝑓 (a) + 𝑓 ′(a) 1! ( x − a ) + 𝑓 ″(a) 2! ( x − a ) 2 + ... + 𝑓 (n) (a) n! ( x − a ) (n) + ... . Прапанавана Б.Тэйларам (апублікавана ў 1715).

У многіх важных для практыкі выпадках Т.ш. збягаецца да 𝑓(x) на некаторым інтэрвале з цэнтрам у пункце a. Для набліжаных вылічэнняў карыстаюцца формулай Тэйлара: 𝑓(x) = Pn(x) + Rn(x), дзе Pn(x) — частковая сума Т.ш. (мнагасклад Тэйлара), Rn(x) — астаткавы член (ацэнка дакладнасці вылічэнняў). Пры a = 0 Т.ш. пераўтвараецца ў Маклорэна шэраг. Т.ш. дазваляе зводзіць вывучэнне некаторых уласцівасцей функцый (вылічэнне лімітных значэнняў функцый, даследаванне іх экстрэмумаў, пунктаў перагіну і інш.) да больш простай задачы вывучэння такіх уласцівасцей адпаведнага мнагаскладу Тэйлара.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБСО́Н Раман Восіпавіч (23.10.1896, Масква — 18.7.1982),

расійскі і амер. мова- і літаратуразнавец; адзін з заснавальнікаў структурнай лінгвістыкі. Скончыў Лазараўскі ін-т усх. моў (1914), Маскоўскі ун-т (1918). З 1921 жыў за мяжой. З 1943 праф. Калумбійскага, з 1949 Гарвардскага ун-таў, з 1957 Масачусецкага тэхнал. ін-та. Даследаваў раннеслав. паэзію і эпас, слав. міфалогію, рытуалы, творы стараж.-рус. л-ры, асаблівасці мовы і стылю рус. пісьменнікаў 19—20 ст., а таксама Дантэ, У Шэкспіра, М.​Эмінеску, Б.​Брэхта і інш. Навук. працы па тэарэт. лінгвістыцы («Да характарыстыкі еўразійскага моўнага саюза», 1931; «Асновы мовы», 1956, з М.​Хале; «Асноўныя шляхі развіцця семіётыкі», 1975), па слав. мовах і паэтыцы («Пра чэшскі верш пераважна ў параўнанні з рускім», ч. 1, 1923; «Даследаванне рускай эпічнай паэмы», 1949, з М.​Шэфтэлем; «Пытанні паэтыкі», 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. работы. М.,1985;

Общее языкознание: Хрестоматия. Мн., 1987.

т. 18, кн. 1, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙКО́Ў Сяргей Мікалаевіч (н. 25.3.1954, г. Томск, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па лазернай і эмісійнай спектраскапіі плазмы, аналіт. лазернай спектраметрыі, лазерным прыладабудаванні. Выканаў тэарэт. мадэліраванне і эксперым. даследаванне селектыўнага ўнутрырэзанатарнага паглынання ў шматмодавых імпульсных лазерах; правёў лазерную спектраскапічную дыягностыку лазернай абляцыйнай плазмы; распрацаваў і стварыў эксперым. ўзоры лазерных спектрометраў з унікальнымі параметрамі.

Тв.:

Лазерная абсорбционная и флуоресцентная диагностика плазмы (разам з В.​С.​Бураковым, М.​У.​Тарасенкам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 3;

Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001 (разам з В.​С.​Бураковым, У.​Дз.​Шымановічам);

Внутрирезонаторная лазерная спектроскопия: диагностика плазмы и спектральный анализ (разам з В.​С.​Бураковым) // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 4.

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.​Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.​Месаровіч, Л.​Задэ, Р.​Акоф, Дж.​Клір, У.​Н.​Садоўскі, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў, Р.​Калман, Э.​Ласла і інш.); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́КНЕР (Brückner) Аляксандр (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),

польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф. слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.​Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).

Літ.:

Aleksander Brückner, 1856—1939. Warszawa, 1989.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў Васіль Іванавіч (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус. нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн. рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.​Талстога 1992.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.

Літ.:

Селезнёв Ю.В. В.​Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)