НАСЕННЯЗНА́ЎСТВА,

навука пра насенне, яго будову і развіццё, умовы фарміравання ўраджайных і пасяўных якасцей, пра метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу. Вывучае жыццё насення з моманту апладнення яйцаклеткі на мацярынскай расліне да ўтварэння новай расліны. Батанічнае Н. (карпалогія) даследуе насенне і плады дзікарослых раслін, сельскагаспадарчае Н. (раздзел аграноміі) вывучае насенне культурных раслін і з’яўляецца тэарэт. асновай насенняводства. Цесна звязана з батанікай, генетыкай, біяхіміяй і інш. навукамі, карыстаецца іх метадамі даследаванняў. На Беларусі пачатак развіцця Н. звязаны з працамі І.А.Сцебута. Пытанні Н. распрацоўваюцца ў НДІ Акадэміі агр. навук Беларусі: земляробства і кармоў, пладаводства, агародніцтва, бульбаводства, БСГА, Гродзенскім с.-г. ін-це, абласных і спецыялізаваных с.-г. доследных станцыях і інш. Даследаванні па Н. лясных культур вядуцца ў Бел. тэхнал. ун-це, ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі і інш. Распрацаваны спосабы паскоранага размнажэння перспектыўных сартоў. Удасканалены метады аналізу жыццяздольнасці насення, энергіі яго прарастання, усходжасці, сілы росту і інш. паказчыкаў, спосабы насенняводства для вытв-сці эліты, тэхналогіі ўборкі, пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання насення вышэйшых рэпрадукцый, распрацаваны фізіял., хім. і фіз. спосабы перадпасяўной апрацоўкі насення.

С.​І.​Грыб.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт. орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.

Савета Рэспублікі Беларусь С.​С.​Шушкевіч, потым М.​І.​Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.​В.​Шэйман, з 2000 У.​Р.​Латыпаў, з 2001 Г.​М.​Нявыглас.

А.​А.​Тозік.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАТАКСІКО́ЗЫ (ад грэч. mykēs грыб + таксікоз),

хваробы жывёл і чалавека, што выклікаюцца таксічнымі прадуктамі метабалізму мікраскапічных грыбоў — паразітаў раслін і сапрафітаў (мікатаксінамі); група атручэнняў. Вылучаюць М. кармавыя (харчовыя), або аліментарныя, калі мікатаксіны трапляюць у арганізм з ежай расліннага, радзей жывёльнага (малако, мяса, яйцы, заражаныя грыбкамі або ад жывёл з мікатаксінамі ў арганізме) паходжання, рэспіраторныя, або пнеўмамікатаксікозы, і дэрматамікатаксікозы (адпаведна праз слізістую абалонку дыхальных шляхоў і пашкоджанні скуры, напр., у людзей, якія працуюць з пашкоджанай грыбамі сыравінай). Характэрны кароткі інкубацыйны перыяд, раптоўнасць узнікнення, масавасць, адсутнасць заразнасці і імунітэту, затуханне пры змене кармоў. Праяўляюцца інтаксікацыяй з пашкоджаннем розных органаў і сістэм (у адрозненне ад мікозаў, грыбы ў іх не паразітуюць). Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца пераважна ў коней, свіней, авечак, птушак.

Найб. пашыраны аліментарныя М. — фузарыятаксікозы. Дэндрадохіятаксікоз (часцей у коней) характарызуецца маланкавым цячэннем з пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы, унутр. органаў, некрозамі на скуры, слізістых абалонках і летальным вынікам. Пры мукаратаксікозе (у свіней, птушак) часам павышаецца т-ра цела, пашкоджваюцца страўнікава-кішачны тракт і печань. Акрамя гэтых органаў пры міратэцыятаксікозе (у авечак) і пеніцылатаксікозах (часцей у свіней) найб. пашкоджваюцца ныркі і сэрца, пры рызопусатаксікозе (часцей у свіней) — лёгкія, пры аспергіла — (часцей у свіней, птушак), клавіцэпспасполітаксікозе (часцей у коней, авечак. буйн. раг. жывёлы) і эргатызме (таксама ў чалавека) — ц. н. с. Эргатызм, або агонь святога Антонія, працякае ў вострай (канвульсіўнай) ці хранічнай (гангрэнознай) форме. Гл. таксама Афлатаксіны, Стахібатрыятаксікоз.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕННЯВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вытворчасці насення высокапрадукцыйных сартоў с.-г. культур. Задачы Н.; штогадовае размнажэнне высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў для поўнага забеспячэння с.-г. вытв-сці, зберажэнне яго сартавой чысціні ад засмечвання інш. сартамі і культурамі, падтрымка яго высокіх ураджайных і пасяўных якасцей у час вырошчвання і захоўвання, сартазмена (замена старых і знятых з раянавання сартоў новымі, больш прадукцыйнымі), сортаабнаўленне (замена 5-й і наст. рэпрадукцый насеннем эліты або 1-й рэпрадукцыі). Н. непасрэдна звязана з селекцыяй. Тэарэт. базай Н. з’яўляецца насеннязнаўства. На Беларусі Н. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пачатак сартавому раянаванню і метадам паляпшэння пасяўных якасцей насення паклаў І.А.Сцебут. У 1921 закладзены асновы стварэння дзярж. фонду сартавога насення. Схема Н.: н.-д. ўстановы (аўтары сартоў) атрымліваюць насенне (арыгінальнае), якое ўключана ў Дзярж. рэестр ці прызнана перспектыўнымі сартамі, і перадаюць яго для вырошчвання насення эліты ў элітныя гаспадаркі (каля 100 эксперым. баз і вучэбна-доследных гаспадарак с.-г. ВНУ), якія забяспечваюць ім раённыя спецыялізаваныя насенняводчыя гаспадаркі. Калект., дзярж., фермерскія і інш. гаспадаркі атрымліваюць ад іх эліту 1—2-й рэпрадукцый у разліку поўнага забеспячэння насеннем таварных пасеваў, страхавых і пераходных фондаў. На пасяўных плошчах на 70—80% выкарыстоўваецца насенне раянаваных бел. сартоў. Створана насенная служба дзярж. кантролю.

Літ.:

Семеноводство посевных культур. Мн., 1994;

Государственный реестр производителей, заготовителей семян. Мн., 1999.

С.​І.​Грыб.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.​І.​Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІ́ДЫУМ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

пастаянна дзеючы орган Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1938—90, падсправаздачны яму ва ўсёй сваёй дзейнасці. У межах, прадугледжаных канстытуцыяй, ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады рэспублікі ў перыяд паміж яго сесіямі. Выбіраўся з дэпутатаў у складзе старшыні, 2 яго намеснікаў, сакратара і 15 членаў. Рашэнні Прэзідыума па большасці пытанняў прымаліся ў форме ўказаў або пастаноў і не патрабавалі наступнага разгляду і зацвярджэння іх Вярх. Саветам. Аднак канстытуцыя прадугледжвала шэраг пытанняў, вырашэнне якіх патрабавала абавязковага зацвярджэння на чарговых сесіях Вярх. Савета. Вярх. Савет 12-га склікання (1990—94) скарэкціраваў паўнамоцтвы Прэзідыума. Ён застаўся пастаянна дзеючым органам Вярх. Савета, які забяспечваў арганізацыю яго работы і ажыццяўляў інш. паўнамоцтвы ў межах, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законам, аднак ужо не ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. У склад Прэзідыума ўваходзілі Старшыня Вярх. Савета, яго 1-ы нам. і намеснікі, дэпутаты Вярх. Савета і ў парадку, прадугледжаным рэгламентам Вярх. Савета. Прэзідыум узначальваў Старшыня Вярх. Савета. З увядзеннем пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь значная частка паўнамоцтваў адышла да Прэзідэнта. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, такога органа не прадугледжвае. Старшынямі Прэзідыума Вярх. Савета былі Н.​Я.​Наталевіч (1938—48), В.​І.​Казлоў (1948—67), С.​В.​Прытыцкі (1968—71), Ф.​А.​Сурганаў (1971—76), І.​Я.​Палякоў (1977—85), Г.​С.​Таразевіч (1985—89), М.​І.​Дземянцей (1989—90); работай Прэзідыума кіравалі Старшыні Вярх. Савета Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (1996).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (БПС-Р),

Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.​Асвяцімскі, П.​Бадунова, Т.​Грыб, Л.​Заяц, Я.​Ладноў, Я.​Мамонька, С.​Некрашэвіч, Я.​Трафімаў, Я.​Чарапук, Ф.​Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.​Ластоўскі і А.​Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦК КП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. mykēs грыб + ...логія),

навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.​А.​Вейнман, К.​Клаўзіус, Х.​Персан, Э.​М.​Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А. дэ Бары, М.С Варонін, О.​Брэфельд, Л.​Р.​Цюлан, Ш.​Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.​А.​Клебс, Л.​І.​Курсанаў, М.​А.​Навумаў, В.​Г.​Траншэль і інш.).

На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.​Блонскі, Л.​І.​Лебедзева, С.​І.​Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.​М.​Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.​І.​Бельская, А.​І.​Галаўко. В.​С.​Гапіенка, В.​К.​Гаравец, Э.​П.​Камарова, З.​Н.​Кудрашова, В.​К.​Неафітава, В.​І.​Ніціеўская, П.​В.​Пак, В.​Я.​Стрэльская, А.​І.​Сцефановіч, Г.​І.​Сяржаніна, В.​В.​Фаміна, Н.​І.​Чакалінская і інш. Асн. н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац. АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел. дзярж. пед. ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г. ін-т, Бел. дзярж. тэхнал. ун-т.

С.​Л.​Бельская.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.​А.​Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.​Бадунова (БПС-Р) і В.​І.​Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.​Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.​Ю.​Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.​Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.​Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.​Варонка (міністр унутр. спраў) В.​Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.​Заяц (дзярж. кантралёр), А.​Ладноў (міністр ваен. спраў), А.​Смоліч (міністр асветы), А.​Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.​Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.​Ластоўскі (старшыня), Я.​Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.​Вальковіч), Т.​Грыб (міністр унутр. спраў), К.​Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.​Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.​Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.​Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)