аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАТРЫ́ХІ (Gastrotricha),
клас чарвей тыпу круглых, або першаснаполасцевых. 2 атр., каля 200 відаў. Жывуць у морах і прэснаводных вадаёмах на дне або на лісці паглыбленых раслін, у балотным імху — сфагнуме. На Беларусі каля 50 відаў.
Цела даўж. 0,05—1,5 мм, пляскатае, чэрвепадобнае, часта бутэлькападобнае, укрытае тонкай эластычнай кутыкулай з шчацінкамі. На бруху 2 падоўжаныя паласы раснічак, з дапамогай якіх гастратрыхі хутка плаваюць. Ёсць органы хім. пачуцця, выдзяляльная сістэма (протанефрыдыі). Гермафрадыты або партэнагенетычныя самкі. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі і мікраарганізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЕ́ДЫ (Scolytidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. З падсям.: лубаеды, забалоннікі (Scolytinae) і ўласна К. (Ipinae). Больш за 3 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Антарктыды). На Беларусі каля 70 відаў. Жывуць пад карой, радзей у драўніне, каранях, сцёблах травяністых раслін. Большасць К. жыве на дрэвах пэўнага віду і роду, некат. мнагаедныя. Для кожнага віду характэрны свой малюнак прагрызеных хадоў.
Даўж. ад 0,8 да 12 мм, цела цыліндрычнае, бурае або чорнае, бліскучае. Вусікі булавападобныя. За год даюць 1—2 пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЛЬПА (Catalpa),
род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 11 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і форм.
Лістападныя дрэвы выш. 20—40 м. Лісце буйное, суцэльнакрайняе або велікалопасцевае. Кветкі са званочкавым двухлопасцевым венчыкам, белыя або жаўтаватыя, у сярэдзіне плямістыя, сабраныя ў мяцёлкі або гронкі. Плод — падоўжаная (да 40 см) каробачка са шматлікім насеннем, валасістым на канцах. Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).
Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕКТАМІЦЭ́ТЫ (Plectomycetiidae),
група найб. недасканалых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. 3 парадкі: эўрацыяльныя, анігенавыя, мікрааскавыя. Каля 140 родаў, 250 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 родаў, 50 відаў. Большасць сапратрофы, жывуць у глебе і на розных субстратах расл. паходжання, выклікаюць цвіль на харч. прадуктах, пашкоджваюць прамысл. вырабы і матэрыялы, некат. — паразіты вышэйшых раслін, жывёл і чалавека.
Пладовыя целы — клейстатэцыі, радзей перытэцыі. Сумкі хаатычна размешчаныя, шарападобныя з 2—8 спорамі. Вызваленне аскаспор заўсёды пасіўнае. П. выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў і ферментаў.