АГНІ́ШЧА,

прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДРАВО́НЖ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 60 родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы (Адравонжы, Аўгусціновічы, Высагерды, Кушалі, Капусты, Храптовічы, Шыдлавецкія і інш.). На чырвоным полі сярэбраная страла наканечнікам уверх і 2 вусамі ўніз; клейнод — на прылбіцы паўлінавыя пёры, на іх фоне такая ж страла ўбок. У Польшчы вядомы з 14 ст., у ВКЛ з 1413.

Герб «Адравонж».

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТАДРА́ХМА (ад грэч. oktadrachmon 8 драхмаў),

сярэбраная манета Стараж. Грэцыі, якая складала 8 драхмаў. Маса каля 28 г. Вядомы актадрахмы 6—3 ст. да н.э., якія чаканілі ў Абдэры, Іхнае, на Бізальтавых і Эдонскіх а-вах Аляксандрам Македонскім, Сідонам, Пталамеямі, а таксама залатая актадрахма Пталамеяў пад назвай «мнеён».

Актадрахма. Абдэра. Каля 544—450 да н.э. Серабро.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. 68,2 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне (вытв-сць тэлевізараў), хім. (вытворчасць штучнай скуры), лёгкая, харч. прам-сць. Гіст.-арх. і маст. Музей «Аляксандраўская слабада». Вядомы з 14 ст. У 1564—72 рэзідэнцыя рус. цара Івана Грознага. У Аляксандраве адна з першых рус. друкарняў. Помнікі архітэктуры 16—17 ст.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІПРАСТЫ́ЛЬ (грэч. amphiprostylos),

тып стараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).

Да арт. Амфіпрастыль. Храм Ніке Аптэрас на Акропалі ў Афінах. Арх. Калікрат. 449—420 да н.э.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАТА́РА [санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЭ́Я (польск. basteja),

земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,

тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст. Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл. Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).

С.​А.​Сергачоў.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,

бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКС (Dax),

прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж. Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.​Бардо.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)