ЛІСТ (Liszt) Ферэнц (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),
венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац.венг.муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг.нац.муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг.вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап.прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг.нац.муз. школы і ў развіцці сусв.муз. культуры.
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг.нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАКО́МЛЯ Уладзіслаў (сапр.Кандратовіч Людвік; 29.9.1823, в. Смольгава Любанскага р-на Мінскай вобл. — 15.9.1862),
польскі і бел.паэт. Гады маленства правёў на Міншчыне ў арандаваных бацькам фальварках Яськавічы (Салігорскі р-н), Кудзінавічы (Капыльскі р-н), Мархачоўшчына (Стаўбцоўскі р-н).
Вучыўся ў дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833—35) і Навагрудку (1836—37). Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841—44). У 1844—52 арандаваў фальварак Залучча (Стаўбцоўскі р-н), з 1853 — Барэйкаўшчына (каля Вільні). За патрыят. выступленні на антыцарскіх маніфестацыях у 1861 арыштаваны і зняволены ў віленскую турму. Першае выступленне ў друку — вершаваная гутарка «Паштальён» (1844; у скарочаным варыянце ў перакладзе Л.Трэфалева стала папулярнай рус.нар. песняй «Ямшчык»). Творчасць С. цесна звязана з гісторыяй Беларусі, з вераваннямі, звычаямі і вуснай паэзіяй бел. народа; яна глыбока дэмакратычная, антыпрыгонніцкага характару. Паэт апяваў высокую духоўнасць, сумленнасць і дабрыню простага чалавека («Улас», «Споведзь пана Корсака»), маляваў бязрадасныя карціны сял. жыцця («Гуляй, душа!», «Нядзеля», «Непісьменны», «З уражанняў палескага падарожжа», «Грабар»), ганьбаваў прыгнятальнікаў народа («Ілюмінацыя», «Лялька», «Дзічына», «Эпітафія землеўласніку»), абураўся іх абыякавасцю да лёсу прыгонных («Вызваленне сялян»), выступаў супраць самадзяржаўя («Самуэлю Неслухоўскаму», «Мазурка», «Сахар-мароз»), разам з тым прытрымліваўся ідэй класавага салідарызму. Сувязь яго твораў з бел. фальклорам выяўлялася ў перакладах і апрацоўках нар. песень («Народная песенька з ваколіц Вільні», «Доля», «Груган», «Жніўная песня»), запазычанні матываў і сюжэтаў («Хадыка», «Пра зачараваны скарб») і інш. Стварыў вершаваную гутарку, дзе стылістычна свабодна з прыкметамі імправізацыі апавядалася пра павучальную жыццёвую гісторыю паводле нар. уяўленняў пра дабро і зло. Як праніклівы фалькларыст і знаўца вуснай паэзіі беларусаў С. раскрыўся ў рэцэнзіі на кнігу А.Глінскага «Польскі казачнік» (1853) і ў «Кароткім даследаванні мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856). Вывучэнню Беларусі прысвяціў гісторыка-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.
Падтрымліваў сувязь з мінскім літ. асяроддзем, выступаў у польскім друку з водгукамі пра бел. творы В.Дуніна-Марцінкевіча (1855, 1857, 1861), дзе выказаў зацікаўленасць перспектывамі развіцця бел. л-ры і мовы, напісаў у гонар бел. паэта верш «Тост у доме В.Марцінкевіча». Прыхільнік пачынанняў А.Вярыгі-Дарэўскага, скіраваных на ўмацаванне кантактаў паміж літаратарамі і культ. дзеячамі Беларусі («Альбом» Вярыгі-Дарэўскага адкрываецца запісам С.). Падтрымаў прыход у л-ру В.Каратынскага, разам з якім збіраўся выдаць кнігу вершаў на бел. мове (задума не ажыццёўлена). З бел. твораў С. зберагліся агітацыйны антыцарскі верш «Добрыя весці» (нап. 1848—61, апубл. 1862) і вершаваная лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды...» (нап. 1861), дзе закраналіся новыя для бел. л-ры тэмы і паняцці, выкарыстоўваліся не асвоеныя яшчэ бел. аўтарамі маст. сродкі. Творчасць С., сугучная праблемам роднага краю ў перыяд разгортвання нац.-вызв. руху, прыкметна паўплывала на фарміраванне бел. л-ры новага часу. На бел. мову яго творы перакладалі А.Абуховіч, Я.Лучына, Я.Купала, А.Паўловіч, Г.Леўчык, М.Машара, У.Дубоўка, М.Лужанін, К.Цвірка, К.Паўтаржыцкі, У.Мархель, Х.Лялько і інш. Вобраз С. выведзены ў аповесці А.Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984).
Тв.:
Poezje Ludwika Kondratowicza. Т 1—10. Warszawa, 1872;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1966;
Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Мн., 1992;
Мінск. Мн., 1992;
Добрыя весці. Мн., 1993;
Згадкі Нясвіжа: Санеты. Мн., 2002.
Літ.:
Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Мн., 1975;
Мархель У. Лірнік вясковы. Мн., 1983;
Яго ж. Вяшчун славы і волі. Мн., 1989;
Fornalczyk F. Hardy limik wioskowy. Poznań, 1972;
Romankówna M. Władysław Syrokomla, życie i twórczość Kraków, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯЛОГІЯ
Станаўленне кардыялогіі як навукі на Беларусі абумоўлена пашыранасцю хвароб сістэмы кровазвароту. Навук. даследаванні ў галіне кардыялогіі сталі асновай для стварэння Бел.навук. кардыялагічнага таварыства ў Віцебску (1964), ля вытокаў якога стаялі А.Дз.Адэнскі, Г.Х.Даўгяла, І.Дз.Мішэнін, Г.І.Сідарэнка (старшыня), Б.І.Трусевіч. З 1970 адкрываліся спецыялізаваныя кардыялагічныя і кардыярэўматалагічныя аддзяленні і кабінеты, стваралася паэтапная сістэма лячэння хворых на інфаркт міякарда. У 1977 адкрыты Бел.НДІ кардыялогіі (яго першы дырэктар — Сідарэнка, з 1993 — М.А.Манак). У 1978 у Ін-це створана лабараторыя сардэчна-сасудзістай хірургіі, пазней — адпаведны аддзел (заг. Ю.П.Астроўскі, У.П.Крылоў, А.М.Саўчанка, А.У.Шот). У Ін-це распрацаваны метады ранняга выяўлення ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС), аб’ектыўныя метады дыферэнцыяльнага выбару лячэння ІХС (Манак); схемы індывідуалізаванага лячэння інфаркту міякарда ў неадкладных сітуацыях і метады абмежавання пашкоджання мышцы сэрца (Л.З.Паланецкі); серыя прылад — электракардыёграфаў, кардыярэгістратараў і мікрааналізатараў ЭКГ (кіраўнік Сідарэнка) і інш. У пач. 1980-х г. адкрыты гар. і абласныя кардыялагічныя дыспансеры ў Віцебску, Гродне, Мінску, Магілёве, Брэсце, Гомелі. У 1991 Мінскі абл. кардыялагічны дыспансер пераўтвораны ў кардыялагічнае дыспансернае паліклінічнае аддзяленне Мінскай абл. бальніцы. Праводзілася актыўная работа па стварэнні і развіцці паэтапнай сістэмы рэабілітацыі хворых, што перанеслі востры інфаркт міякарда. Аддзяленні рэабілітацыі адпаведнага кірунку функцыянуюць у санаторыях «Крыніца», «Лётцы», «Буг», «Сонечны», «Рось»; у 2002 у санаторыі «Аксакаўшчына» адкрыта аддзяленне рэабілітацыі хворых, што перанеслі аперацыі на сэрцы і сасудах. Працуе дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр на базе 1-й клінічнай бальніцы Мінска, аддзяленне кардыяхірургіі ў Гомельскім абл. кардыялагічным дыспансеры. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку шэрагу кардыялагічных прыбораў і праграмна-тэхнічных комплексаў супрацоўнікі Бел.НДІ кардыялогіі А.П.Вараб’ёў, В.В.Мірончык, Я.Г.Нікіцін, Паланецкі, Сідарэнка, А.У.Фралоў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1996. За стварэнне штучнага клапана сэрца «Планікс» Дзярж. прэмія Беларусі ў 1996 прысуджана Астроўскаму. У 2001 на базе Бел.НДІ кардыялогіі і 4-й клінічнай бальніцы Мінска створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія» (РНПЦК), які займаецца навук., клінічнай, педагагічнай і арганізацыйна-метадычнай дзейнасцю. Асноўныя кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на ІХС і артэрыяльную гіпертанію; распрацоўка і ўдасканаленне новых тэхналогій хірургічнага лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў як ва ўмовах штучнага кровазвароту, так і на працуючым сэрцы; удасканаленне арганізацыі і кіравання кардыялагічнай службай Беларусі, распрацоўка аўтаматызаваных праграмна-тэхнічных сродкаў і прыбораў для выяўлення ІХС, артэрыяльнай гіпертаніі і інш. Даследаванні па кардыялогіі вядуцца таксама ў мед. ун-тах Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе ў 1978 адкрыта кафедра кардыялогіі (У.В.Гарбачоў, А.Г.Мрочак). Вядучыя спецыялісты ў галіне кардыялогіі: В.М.Альхімовіч, Астроўскі, Я.В.Бардзін, М.Ф.Волкаў, Гарбачоў, Даўгяла, Э.І.Збароўскі, У.І.Казлоўскі, Крылоў, У.А.Лаліні, М.А.Ліс, Манак, Мрочак, Паланецкі, Сідарэнка, В.А.Янушка.
Літ.:
Сидоренко Г.И. Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІКА
Станаўленне батанікі на Беларусі адбывалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя даследаванні мелі пераважна апісальны характар. У складзе экспедыцыі, арганізаванай Пецярбургскай АН у 1773 (кіраўнік І.І.Ляпёхін), працаваў М.Азерацкоўскі, які сабраў у наваколлі Віцебска гербарый больш за 400 відаў раслін. У 1775 І.Э.Жылібер заклаў у г. Гродна батанічны сад, значную частку якога складалі віды мясц. флоры. Ля вытокаў батанікі як навукі стаялі бел. вучоныя В.Г.Бесэр, Ж.Э.Жылібер, К.Ф.Ледэбур, В.М.Севяргін, С.Б.Юндзіл. У сярэдзіне 19 ст. апублікаваны працы А.А.Антонава, Н.В.Доўнара, Э.Ліндэмана, Р.Пабо, В.В.Пашкевіча, К.Чалоўскага, у якіх прыведзены спісы раслін Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Флору і расліннасць Палесся вывучалі У.С.Дактуроўскі, Г.К.Крэер, Г.І.Танфільеў. У 1897—1901 Ю.К.Пачоскі апублікаваў манаграфію «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей».
У 1836 у г. Горкі Магілёўскай губ.засн. першая на Беларусі земляробчая школа, на базе якой у 1848 утвораны земляробчае вучылішча і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Супрацоўнікі гэтых устаноў зрабілі значны ўклад у развіццё с.-г. раслінаводства. Р.Э.Траўтфетэр (дырэктар ін-та ў 1860—63) сабраў гербарый мясц. раслін, М.В.Рытаў вёў даследаванні па генетыцы і селекцыі, М.М.Гайдукоў займаўся фізіялогіяй раслін. У 1910 у Мінску створана балотная станцыя (у 1931 пераўтворана ва Усесаюзны балотны ін-т). У 1920-я г. арганізаваны шэраг доследных станцый, у педагагічных ін-тах створаны кафедры батанікі. Кафедра батанікі дзейнічала і ў Ін-це беларускай культуры (у 1929 рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі). У 1931 на базе кафедраў батанікі, заалогіі, фізіялогіі і эксперыментальнай біялогіі створаны Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. У 1932 у Мінску засн. Батанічны сад. У 1947 у АН Беларусі адноўлены Ін-т біялогіі. Навук. кірункі, што распрацоўваліся ў ім, сталі базай для ўтварэння самастойных навук. устаноў, для якіх расліны і раслінны свет з’яўляюцца адзінай прыроднай асновай для навукова-доследнай дзейнасці: Цэнтр. батанічны сад, лабараторыя біяфізікі і ізатопаў (у 1973 рэарганізавана ў Ін-т фотабіялогіі), аддзел генетыкі і цыталогіі (у 1965 пераўтвораны ў ін-т). Мянялася і ўдакладнялася назва ін-та: з 1947 — Ін-т біялогіі, з 1963 — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, з 1966 — Ін-т эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча (з 1972) АН Беларусі. У 1972 у склад ін-та ўключаны аддзел фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін. Гербарый ін-та (каля 300 тыс. узораў) унесены ў дзярж. рэестр навук. аб’ектаў, якія з’яўляюцца нац. здабыткам краіны. Асн.навук. кірункі: біялагічныя асновы ўзнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету Беларусі; фізіёлага-біяхімічныя асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін; радыеэкалогія раслін. Уклад у развіццё батанікі зрабілі А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, В.С.Гельтман, Ц.М.Годнеў, Дз.С.Голад, М.А.Дарожкін, Н.В.Казлоўская, Г.А.Кім, В.Ф.Купрэвіч, М.А.Ламан, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, У.М.Рашэтнікаў, М.У.Смольскі, М.П.Тамін, В.М.Цярэнцьеў, І.Д.Юркевіч і інш.
Даследаванні па батаніцы вядуцца таксама ў Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, БСГА, БДУ, Гомельскім Тэхналагічным і Педагагічным ун-тах, Бярэзінскім біясферным запаведніку, Нац. парках «Белавежская пушча», «Прыпяцкі» і «Браслаўскія азёры». Працу навукова-даследчых устаноў батанічнага профілю каардынуе аддзяленне біялагічных навук Нац.АН Беларусі. Навук. праца вядзецца ў канкрэтнай прыроднай зоне з выкарыстаннем аб’ектаў мясц. флоры, расліннасці і с.-г. культур, што вырошчваюцца ў краіне. Вынікі даследаванняў разам з агульнатэарэтычнай значнасцю забяспечваюць рашэнне практычных задач сельскай і лясной гаспадаркі, аховы прыроды і здароўя людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст. сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаўмасавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (РГТ). Засн. 6(18).8.1845 у С.-Пецярбургу па ініцыятыве Ф.П.Літке, К.М.Бэра, Ф.П.Урангеля і інш. для збору і пашырэння геагр., стат. і этнагр. звестак пра ўнутр. рэгіёны і суседнія з Расіяй краіны. У 1849—1917 наз. Імператарскае РГТ (уваходзіла ў ведамства Мін-ваўнутр. спраў), з 1926 Дзярж. РГТ, з 1932 Дзярж.Геагр.т-ва РСФСР, з 1938 Усесаюзнае Геагр.т-ва (увайшло ў сістэму АНСССР), у 1945—91 Геаграфічнае т-ваСССР, з 1992 сучасная назва. Да 1917 знаходзілася пад кантролем афіц. улад, было інструментам правядзення экспансіянісцкай палітыкі Рас. імперыі. У рабоце РГТ удзельнічалі многія навукоўцы, географы, этнографы. Да 1917 старшынямі т-ва былі вял. князі, фактычна ім кіравалі віцэ-старшыні Літке (1845—50, 1857—72), М.М.Мураўёў (1850—57), П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі (1873—1914), Ю.М.Шакальскі (1914—17). Мела 11 аддзелаў і каля 1 тыс. членаў (1917). З першых гадоў існавання РГТ разгарнула шырокую экспедыцыйную і выдавецкую дзейнасць, зрабіла значны навук. ўклад у вывучэнне Урала, Сібіры, Д. Усходу, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Каўказа, палярных раёнаў, Ірана, Новай Гвінеі, Індыі і інш. Даследаванні звязаны з імёнамі А.К.Булатовіча, П.А.Крапоткіна, М.М.Міклуха-Маклая, М.М.Пржавальскага, П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага, І.Дз.Чэрскага і інш. З утварэннем РГТ пачаўся новы этап у гісторыі фалькларыстыкі, якая стала на трывалы навук. грунт і пачала развівацца планамерна. У 1848 па афіц. каналах ва ўсе губерні Рас. імперыі разаслана інструкцыя па збіранні этнагр. і фалькл. звестак, у выніку т-ва атрымала вял. колькасць твораў вуснай нар. творчасці, апісанняў побыту і абрадаў. Сярод іх былі рукапісы даследчыкаў Беларусі: К.Радзівіла «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета», «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета», Афанасьева «Апісанне Полацкага намесніцтва», І.Катлубоўскага «Этнаграфічныя звесткі пра Бездзежскі прыход Кобрынскага павета», М.А.Дзмітрыева «Вопіс старажытных актаў, што захоўваюцца ў архівах Навагрудскага магістрата», «Этнаграфічныя звесткі пра Навагрудскі павет», А.Любінскага «Назіранні над мовай і забабонамі простага люду Дзісенскага павета», А.Радзевіча «Заметкі пра жыхароў Віцебскай губерні», П.Ф.Альхімовіча «Зборнік беларускіх народных легенд, былін і песень», А.Станкевіча «Беларускія казкі», стат. апісанняў бел. паветаў афіц. зместу і інш. Большасць гэтых матэрыялаў не апублікавана і зберагаецца ў Навук.-галіновым архіве РГТ. У дачыненні да Беларусі мэтай РГТ было даказаць правы Расіі на Беларусь, падрыхтаваць глебу для найхутчэйшага абрусення гэтага краю. Важнай задачай т-ва было вызначэнне этнагр. межаў Беларусі на З і этнічнага складу насельніцтва зах. губерняў. У 1860-я г. складзены і апублікаваны картаграфічныя працы Ф.Р.Эркерта, М.Ф.Марковіча, М.Галкіна, П. і Ф. Кепенаў. З 1862 РГТ выпрацоўвала планы правядзення этнаграфічна-стат. экспедыцый у зах. губерні, аднак іх ажыццяўленне стала магчымым толькі пасля падаўлення паўстання 1863—64. Этнагр. экспедыцыі па Беларусі ў 1867—68 правёў С.В.Максімаў, які па выніках даследаванняў апублікаваў некалькі нарысаў. Стат. экспедыцыю па Беларусі ў 1867 ажыццявіў М.Я.Дубенскі, які перадаў РГТ запіскі «Размеркаванне насельніцтва ў Заходнім краі па гушчыні», «Рух насельніцтва ў Заходнім краі» і інш. У 1869—70 РГТ арганізавала экспедыцыю П.П.Чубінскага, якая ахапіла Украіну і паўд. раёны Беларусі. Па выніках даследавання былі выдадзены «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край...» (т. 1—7, 1872—79). Даследаванне Беларусі прадоўжыў створаны ў 1867 Паўночна-Заходні аддзел Рускага Геаграфічнага таварыства. У 1954 створана Беларускае геаграфічнае таварыства (напачатку як філіял Геаграфічнага т-ваСССР). Матэрыялы па статыстыцы, геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы Беларусі друкаваліся ў выданнях РГТ — «Вестнике», «Известиях», «Записках» і інш.
Літ.:
Семенов П.П. История полувековой деятельности императорского Русского географического общвства, 1845—1895. Ч. 1—3. СПб., 1896;
Зеленин Д.К. Описание рукописей Ученого Архива Императорского Русского Географического Общества. Вып. 1—3. Пг., 1914—16;
Берг Л.С. Всесоюзное географическое общество за сто лет. М.; Л., 1946;
Географическое общество Союза ССР, 1917—1967 М., 1968;
Географическое общество за 125 лет. Л., 1970;
Русские географы и путешественники: Фонды архива Геогр. об-ва. Л., 1971;
Описание коллекций рукописей Научного архива Географического общества СССР. Вып. 1. Л., 1973;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997;
Цішчанка І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гады XIX ст.Мн., 1986;
Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГІСТО́РЫЯ,
навука, якая вывучае развіццё гасп. дзейнасці людзей, вынікі і фактары, што ўплываюць на гэту дзейнасць. Узнікла на сумежжы эканомікі і гісторыі. Прадмет Э.г. — паходжанне і развіццё розных тыпаў гаспадаркі і эканам. трансфармацый, што адбываюцца ў канкрэтных сац.-гіст. умовах.
Напачатку гіст.-эканам. апісанні вяліся ў межах эканам. даследаванняў, якія з канца 18 ст. хутка развіваліся ў краінах Зах. Еўропы. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст.дзярж.статыстыкіэканам. сюжэты сталі пашырацца ў рамках гіст. даследаванняў. Інтэграцыя іх у Э.г. як асобную навуку адбылася ў пач. 20 ст.: у еўрап. ун-тах ствараліся кафедры Э.г., узнік шэраг навук.гіст.-эканам. часопісаў (ням. «Квартальнік па сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1903, франц. «Агляд сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1913, галандскі «Гісторыка-эканамічны штогоднік» з 1915, англ. «Агляд эканамічнай гісторыі» з 1927, амер. «Часопіс эканамічнай і дзелавой гісторыі» з 1927 і інш.). Ля вытокаў Э.г. стаялі Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, М.Блок (Францыя), К.Маркс, К.Бюхер, В.Зомбарт, М.Вебер (Германія), А.Дж.Тойнбі (Англія), І.Шумпетэр (ЗША), В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон, А.Лапа-Данілеўскі, М.І.Туган-Бараноўскі. П.Б.Струвэ (Расія) і інш. Э.г. карыстаецца матэм.-статыст. і пераважна гіст. метадамі даследавання, таму ўваходзіць у сістэму гіст.навук. З 1960 дзейнічае міжнар. асацыяцыя гісторыкаў-эканамістаў, рэгулярна праводзяцца міжнар. кангрэсы і канферэнцыі, ствараюцца спец. даследчыя цэнтры (напр., Еўрап. асацыяцыя па банкаўскай гісторыі, Еўрап. асацыяцыя гісторыі бізнесу). Э.г. выкладаецца ва ўсіх эканам. ун-тах свету. Шырокую вядомасць набылі даследаванні прадстаўніка франц. школы «Аналаў» Ф.Брадэля, прыхільніка выкарыстання матэм. метадаў Р.Фогеля, аўтара тэорыі стадый эканам. росту У.У.Ростаў (ЗША).
На Беларусі асновы Э.г. закладзены ў працах М.В.Доўнар-Запольскага. Выкладанне Э.г. пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем у 1933 Бел. ін-та нар. гаспадаркі ўведзены і курс Э.г. У 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму; у якасці л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі даследавалі В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч. У 1988 Э.г. вылучана ў самаст.навуч. дысцыпліну, у складзе кафедры Э.г. створана секцыя размяшчэння прадукц. сіл, чыталіся спецкурсы «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін» і «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі». Даследаванні па Э.г. праводзіліся і ў Інстытуце эканомікіАН Беларусі, дзе ў 1959—81 існаваў сектар Э.г. У 1937 выйшла першая на Беларусі спецыялізаваная навук. праца ў галіне Э.г. «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» М.Р.Матусевіча і Малініна, у 1963 — «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму: 1900—1917», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Геаргідзе, Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1992 выдадзена «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—1992 гг.», у 1993 — «Эканамічная гісторыя Беларусі» (дапрацаваная і дапоўненая перавыдадзена ў 1996, 1999 і 2001). У 1991 адноўлена кафедра Э.г. ў Бел.дзярж.эканам. ун-це, супрацоўнікі якой выдалі «Эканамічную гісторыю замежных краін» (1995; 2-е выд. 1998), распрацавалі праграму параўнальнага вывучэння Э.г. Беларусі і замежных краін, стварылі шэраг дапаможнікаў, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Гісторыя турызму» Г.Ф.Шапавала (1999), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформ на Беларусі» (вып. 1, 1994; вып. 2, 1998). Уклад у станаўленне Э.г. зрабілі гісторыкі: З.Е.Абезгаўз, Л.В.Аляксееў, Х.Ю.Бейлькін, А.П.Белязо, М.А.Бяспалая, В.І.Галубовіч, В.Ф.Голубеў, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Л.П.Ліпінскі, П.Ф.Лысенка, Л.М.Лыч, А.М.Люты, І.Я.Марчанка, В.І.Мялешка, І.В.Палуян, В.П.Панюціч, У.І.Пічэта, М.Т.Раманоўскі, Э.М.Савіцкі, А.М.Сарокін, У.А.Сосна, М.Ф.Спірыдонаў, М.М.Улашчык, Шабуня, Г.В.Штыхаў, З.В.Шыбека і інш. У 2000 у Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Даследаванні ў галіне Э.г. ўключаюць праблемы рыначнай эканомікі, узаемасувязі эканомікі і палітыкі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца Беларусі ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння эфектыўнасці эканомікі, экалагічнай бяспекі і інш.
Літ.:
З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Мн., 1997. Экономическая история зарубежных стран. 3 изд. Мн., 1999;
Эканамічная гісторыя Беларусі. 3 выд.Мн., 1999;
Институт экономики Национальной академии наук Беларуси: (к 70-летию основания), 1931—2001. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi), Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас.вытокаўр. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.