ПАПРО́ЦКІ Францішак (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),

выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.​Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.​А.​Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.​Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.​Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́ЦІН Іван Дзмітрыевіч (5.2.1851, с. Гнезднікава Кастрамской вобл., Расія — 28.11.1934),

рускі выдавец-асветнік. У 1876 адкрыў у Маскве літаграфічную майстэрню. У 1883 арганізаваў выдавецкае т-ва «І.​Дз.​Сыцін і К°». У 1890-я г. арганізаваў выданне серыі нар. кніжак «Праўда». Выд-ва С. выпускала падручнікі і вучэбныя дапаможнікі (пераважна для пачатковай школы), кнігі па педагогіцы, навук.-папулярныя серыі («Бібліятэка для самаадукацыі», «Народная энцыклапедыя навуковых і прыкладных ведаў», т. 1—14), дзіцячую л-ру (у т. л. «Дзіцячую энцыклапедыю», т. 1—10), нар. календары, рэліг. л-ру, масавыя выданні збораў твораў А.​Пушкіна, М.​Гогаля, Л.​Талстога, А.​Чэхава і інш. Значнае месца займалі шматтомныя выданні: «Айчынная вайна і рускае грамадства, 1812—1912» (т. 1—7, 1911—12), «Ваенная энцыклапедыя» (т. 1—18, 1911—15). Выдаваў таксама час. «Вокруг света» (1891—1917), «Искры» (1901—1916), газ. «Русское слово» (1897—1917) і інш. Да 1914 выд-ва выпускала чвэрць кніжнай прадукцыі Расіі. Пасля 1917 яго друкарні нацыяналізаваны. С. лічыўся кансультантам Дзяржвыда Расіі.

Тв.:

Жизнь для книги. М., 1960.

Літ.:

Коничев К.И. Русский самородок. 2 изд. Ярославль 1969;

Белов С.В., Толстяков А.П. Русские издатели конца XIX — начала XX в. Л., 1976.

т. 15, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧ Антон Антонавіч (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),

збіральнік і папулярызатар бел. муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл. бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл. Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг. Бел. нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Г.​Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-ва бел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі.

Літ.:

Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;

Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.

А.​С.​Ліс.

А.А.Грыневіч.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДРАКО́Ў Сяргей Вячаслававіч (21.10.1876. г. Мглін Бранскай вобл., Расія — 2.8.1953),

бел. вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях, скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1906). Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 чл. Мінскага к-та Бел. сацыяліст. грамады, рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1.1.1906 у Мінску, забаронена царскімі ўладамі), дзе змясціў свой рэв. твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на бел. мове Ф.​Багушэвіча і Я.​Лучыны Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук». У 1907—10 у мінскіх газетах друкаваў паліт. казкі. З 1911 дырэктар доследнага поля ў Палтаўскай губ., з 1921 — Бел. агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, праф. БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (у 1923—25 адказны сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства) і Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 на навук. і пед. рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Аўтар апавяд. «Аграном Сэрадэля» (1924), навук.-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. С. — прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.​Коласа «На ростанях». Збярог жывапісныя творы К.​Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Перапісваўся з У.​Караленкам.

Літ.:

Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. №11.

В.​У.​Скалабан.

С.В.Скандракоў.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.​Драздовіча, Ш.​Руставелі, Т.​Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.​Гарэцкага, А.​Гурыновіча, М.​Забэйду-Суміцкага, Я.​Карскага, А.​Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ДО́ЛЯ»,

грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.​Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.​Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.​Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.

Літ.:

Шлюбскі А. Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;

Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЕ́ВІЧ Іван Лук’янавіч (13.11.1891, в. Руднікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1953),

бел. і рускі публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, пісьменнік, грамадскі і спарт. дзеяч. Сын Л.​М.​Саланевіча. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1909 працаваў у газ. бацькі «Белорусская жизнь» (Вільня), з 1912 — у газ. «Новое время» (Пецярбург). Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спарт. т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік грамадз. вайны на баку белых. З 1926 у Маскве. У 1933 за спробу ўцячы з СССР зняволены і накіраваны на буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала. У жн. 1934 з сынам уцёк з лагера і прабраўся ў Фінляндыю. Потым у Балгарыі, дзе напісаў кнігу «Расія ў канцлагеры» (1936), выдаваў газ. «Голос России» (1936—38), якая стала цэнтрам рас. правапатрыят. эміграцыі, распаўсюджвалася ў 52 краінах, у т. л. даходзіла да Зах. Беларусі. Прапагандаваў ідэю «нацыянальнай праваслаўнай манархіі». Пасля забароны газеты балг. ўладамі (1938) пераехаў у Германію, знаходзіўся пад наглядам гестапа. З 1948 у Аргенціне. Заснаваная ім у Буэнас-Айрэсе газ. «Наша страна» стала цэнтрам народна-манархічнага руху, які меў на мэце ўвядзенне ў Расіі ладу нар. манархіі. Асн. філас.-паліталагічная праца «Народная манархія» (у першай рэд. «Белая імперыя», 1952).

Тв.:

Народная монархия. Мн., 1998.

Літ.:

Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996.

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.​Шкялёнак (рэдактар), Я.​Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.​Арсеннева, В.​Багдановіч, М.​Васілёк, А.​Луцкевіч, М.​Машара, У.​Самойла, М.​Танк, В.​Таўлай, Р.​Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.​Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.​Скарыну, Б.​Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.​Шаляпіна, Ш.​Руставелі, М.​Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.​А.​Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ Вацлаў Леанардавіч (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.—вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.—ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧЫ́НКА»,

літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.​Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.​Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.​Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.​Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.​Баброўскага (Л.​Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.​Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.​Балкоўскага (пад крыптанімам А.​Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.​Смоліча (А.​Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.​Тарашкевіча (Я.​Тараса) пра У.​Эпімах-Шыпілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, К.​Буйло, Я.​Журбы, З.​Бядулі, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, Паўловіча, М.​Арла, Ядвігіна Ш., А.​Жыгалкі, В.​Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.

С.​В.​Говін.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)