ГАЛАВАЧО́Ў (Павел Якаўлевіч) (15.12.1917, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1972),

двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945), ген.-маёр авіяцыі (1957). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. Школу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1951), Акадэмію Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, 4-м Укр., 3-м і 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Адэсы, Сталінградскай бітвы, вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі, Усх-Прускай і Берлінскай аперацый. Зрабіў 457 баявых вылетаў, правёў 125 паветр. баёў, збіў 43 самалёты праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. У Гомелі і Буда-Кашалёве помнікі Галавачову.

П.Я.Галавачоў.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),

Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН (Паліна Уладзіміраўна) (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),

Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен. ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.

П.У.Гельман.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Ігнат Ігнатавіч) (15.2.1917, в. Вял. Прусы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.6.1962),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з ліст. 1941 на Зах., 1-м і 4-м Укр. франтах: штурман, камандзір эскадрыллі, нам. камандзіра штурмавога авіяпалка. Зрабіў 120 баявых вылетаў, у т. л. 48 у тыл ворага, каб даставіць боепрыпасы акружаным каля Вязьмы сав. воінам і вывезці параненых. Знішчыў 15 танкаў, 80 аўтамашын, 30 чыг. вагонаў, 20 пунктаў зенітнай артылерыі. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік. На радзіме помнік.

І.І.Казлоўскі.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў імя П.​Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕЎ (Пётр Васілевіч) (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.

П.В.Кандрацьеў.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл. Лагер).

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУРУ́К (Ілья Паўлавіч) (20.7.1906, г. Брэст — 2.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1937), ген.-маёр авіяцыі (1946), засл. палярны лётчык (1937). Скончыў Ваен. школу лётчыкаў (1929). У Чырв. Арміі з 1927. З 1930 лётчык, камандзір атрада Грамадз. паветр. флоту, у 1938—41 нач. Палярнай авіяцыі Галоўпаўночмаршляху (ГПМШ). Вызначыўся ў 1937 у час дастаўкі Папанінскай навук. станцыі на Паўн. полюс. У Вял. Айч. вайну камандзір авіягрупы ВПС Паўн. флоту, з 1943 камандзір авіядывізіі і нач. асобай паветр. трасы ВПС Аляска—Краснаярск, арганізоўваў перапраўку на фронт баявых самалётаў. З 1945 нач. упраўлення Палярнай авіяцыі, нам. нач. ГПМШ, нам. нач. НДІ. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50.

І.П.Мазурук.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Віктар Мікалаевіч) (21.11. 1916, г. Зарайск Маскоўскай вобл., Расія),

двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Каспійскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Кірава (1950). У ВМФ з 1937. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, са снеж. 1942 нам. камандзіра разведатрада па палітчасці, з мая 1944 камандзір разведатрада. Вызначыўся пры выкананні баявых задач у тыле ворага ў Запаляр’і, у жн. 1945 на чале асобнага разведатрада асобага прызначэння Ціхаакіянскага флоту пры высадцы дэсантаў на ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Карэі. Пасля вайны да 1956 у цэнтр. апараце ВМФ СССР. Аўтар кніг «Твар у твар» (1957), «Урокі мужнасці» (1975) і інш.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)