ПАТА́ПАЎ Юрый Фёдаравіч (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід. буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАЎ Вальмен Мікалаевіч (н. 12.2.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ Іван (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР (Krüger) Освальд (каля 1598, Усх. Прусія — 6.4.1655),

матэматык, архітэктар, астраном, філолаг ВКЛ. Д-р філасофіі і вольных навук (1632). Вучыўся ў Рыме і Вільні. Чл. ордэна езуітаў (1618). З 1634 выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). З 1648 выкладчык матэматыкі і маральнай тэалогіі ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, з 1653 яго рэктар. Архітэктар адбудовы Нясвіжскага замка пасля пажару. У 1655 каралеўскі інжынер у Гродне. Аўтар кніг на лац. мове па матэматыцы, оптыцы, астраноміі і інш.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ЛІУС (Markelius) Свен Готфрыд (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНЦАЎ Барыс Сяргеевіч (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),

расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.​Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.​І.​Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЎШЫЦ Мордух Насонавіч (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.​Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.​Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец. буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.​Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ Юрый Мікалаевіч (н. 30.5.1937, Мінск),

бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам. ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраект», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт. корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСІ́НСКІ Сяргей Сцяпанавіч (н. 21.9.1920, с. Лісіцына Велікаўсцюжскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1952). У 1960—67 і з 1969 кіраўнік майстэрні ў ін-це «Мінскпраект», у 1967—69 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». Асн. работы: у Мінску — праекты забудовы пл. Калініна (1954—62), планіроўкі і забудовы 2-й чаргі праспекта Скарыны (1958—64), будынак гарвыканкома (1964), Палац мастацтваў (1973; цяпер рэсп. Мастацкая галерэя); комплексы 5—14-павярховых інтэрнатаў па вуліцах Сурганава, Цнянскай, Металістаў (усе 1969—79), фантан «Юнацтва» каля гасцініцы «Мінск» (1978, усе ў сааўт.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, кіраўнік аўтарскага калектыву); санаторны комплекс «Беларусь» у Сочы (Расія; 1953—68), мемар. комплекс «Вязынка» ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на (1972), будынак аблвыканкома ў Гомелі (1974), Дом Саветаў у г. Шчучын Гродзенскай вобл. (1979, усе ў сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

С.С.Мусінскі.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч (н. 11.12.1942, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1968). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект». З 1977 гал. архітэктар праектаў ін-та «Белдзяржпраект», адначасова кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Мінску — будынкі ін-таў «Белдзіпрадор» і «Дзіпрасувязі» (1973—76), райвыканкома Партызанскага р-на (1978—80), эксперым. школа на 40 класаў з плавальным басейнам у мікрараёне Усход 1 (1978), забудова мікрараёна Сярова 1 (1977—82), вучэбна-лабараторны корпус інж.-фіз. факультэта БПІ (1985—90), гал. вучэбна-лабараторны корпус універсітэцкага гарадка і студэнцкі інтэрнат для замежных студэнтаў пры БДУ (1991—97); жылыя дамы ў г. Бабруйск Магілёўскай вобл. (1998); аўтасэрвісны цэнтр у р-не Бараўлян (Мінскі р-н; 2000—01); у Расіі — жылыя мікрараёны, грамадскія будынкі ў г. Лангепас Цюменскай вобл. (1982—98), жылы пасёлак Сіпягіна Падольскага р-на Маскоўскай вобл. (1995—2000), спарт. комплекс у г. Цюмень (1998, усе ў сааўт.).

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)