«БЕЛАРУ́СКІ ДЗЕНЬ»,

штотыднёвая грамадска-паліт., сельскагаспадарчая і літ. газета. Выдавалася з 7.3.1927 да 1928 у Вільні на бел. мове т-вам «Пагонь». Яе кірунак вызначаны ў дэкларацыі «Да беларускага сялянства» (1927, № 1), дзе абвяшчалася, што газета будзе абараняць паліт. правы бел. селяніна, нар. культуру і школу, усебакова асвятляць жыццё селяніна-беларуса і ў Польшчы і ў Сав. Беларусі. Фактычна ж пераважала паланафільская арыентацыя, падтрымлівала паліт. платформу Ю.Пілсудскага. Узнімала пытанні паляпшэння польска-бел. адносін, патрабавала для беларусаў роўных з усімі грамадзянамі правоў, гарантаваных канстытуцыяй. Шмат увагі аддавала праблемам бел. школы. Змяшчала матэрыялы з гісторыі БНР, газеты «Наша доля», пра бел. нар. творчасць; рабіла агляды бел. культ. жыцця, перыёдыкі, кніжных навін; змяшчала творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, М.Краўцова, Ф.Умястоўскага і інш.

В.І.Дзяшко.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч

(1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),

украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял. кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫЯ і РАСПАРА́ДЧЫЯ О́РГАНЫ дзяржаўнага кіравання. Ажыццяўляюць практычную рэалізацыю законаў і арганізацыю грамадскіх адносін з мэтаю забеспячэння дзярж. інтарэсаў пэўнага грамадскага і паліт. ладу. У Рэспубліцы Беларусь вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам. Асн. звяном сістэмы выканаўчых і распарадчых органаў з’яўляюцца выканаўчыя камітэты мясц. Саветаў дэпутатаў розных узроўняў. Яны валодаюць агульнай кампетэнцыяй у сферы дзярж. кіравання адпаведнага ўзроўню, арганізуюць і кантралююць выкананне актаў мясц. Саветаў і вышэйстаячых органаў дзярж. улады і кіравання, распрацоўваюць і падаюць на разгляд у Саветы бягучыя і перспектыўныя планы эканам. і сац. развіцця, бюджэт, прымаюць меры па іх рэалізацыі, вядуць неабходную распарадчую дзейнасць, уключаючы выданне падзаконных нарматыўна-прававых актаў, ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам, указамі Прэзідэнта. Гл. таксама Мясцовае кіраванне і самакіраванне.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні і ахове нетраў, рэгламентуюць правілы вядзення горных работ. У Рэспубліцы Беларусь горнае заканадаўства грунтуецца на выключнай дзярж. уласнасці на нетры. Асн. крыніцамі горнага заканадаўства з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, якія замацоўваюць правы дзяржавы як уласніка нетраў і вырашаюць парадак аддачы нетраў у карыстанне. Нормы горнага заканадаўства і выдадзеныя на іх падставе падзаконныя нарматыўныя акты размяркоўваюць кампетэнцыю ў галіне рэгулявання горных адносін паміж суб’ектамі карыстання, вырашэння спрэчак па пытаннях карыстання нетрамі. Значная ч. нормаў горнага заканадаўства прысвечана пытанням геал. вывучэння нетраў, здабычы карысных выкапняў, правам і абавязкам карыстальнікаў, умовам аддачы нетраў у карыстанне шляхам горнага адводу і іх адабрання, ажыццяўлення горнага нагляду і геал. кантроль, юрыд. адказнасці за парушэнне правіл нетракарыстання.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.К.Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫ ў Празе, грамадская арг-цыя бел. эмігранцкай інтэлігенцыі.

Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.

Л.П.Мірачыцкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНЬДА́Н

(літар. нацыянальная партыя),

палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт. арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в. Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв. к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл. Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.

Літ.:

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

Я.І.Юхо.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЧЫ́НА,

устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв. звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл. Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл. Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.

Літ.:

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);

Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.Ф.Голубеў, В.П.Панюціч.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)