ВЯНО́ЗНЫ ЦІСК,
ціск крыві, якая рухаецца па венах. Велічыня вянознага ціску залежыць ад аб’ёму крыві, якая паступае ў вянозную сістэму, ад тонусу вянозных сасудаў, ціску крыві ў правым перадсэрдзі. Адрозніваюць гідрадынамічны і гідрастатычны вянозны ціск. У найб. буйных венах (верхняя і ніжняя полыя вены) вянозны ціск можа дасягаць адмоўных велічынь. У венах вышэй ад узроўню сэрца вянозны ціск бывае ніжэйшы за атмасферны, макс. значэнняў ён дасягае ў ніжніх канечнасцях чалавека. Вымяраюць ціск у гарыз. становішчы цела. У здаровых людзей ён складае 80—120 мм вадзянога слупка. Вянозны ціск залежыць ад узросту: у дзяцей павялічваецца ад 40 да 100 мм вадзянога слупка; у пажылых зніжаецца.
т. 4, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТУ́ХА,
жаўтушная афарбоўка склер, скуры, слізістых абалонак; сіндром захворванняў з парушэннем білірубінавага абмену. Назіраецца пры хваробах печані (гл. Гепатыт інфекцыйны), жоўцевых шляхоў (гл. Жоўцекамянёвая хвароба і інш. механічныя Ж.), крыві (гл. Гемалітычная хвароба нованароджаных і інш. гемалітычныя Ж.), пры некат. фізіял. станах, ад павышанага назапашвання ў крыві і ў тканках жоўцевага пігменту — білірубіну. Жаўтуха нованароджаных — жаўтушная афарбоўка скуры і слізістых абалонак у дзяцей да 4—5 тыдняў жыцця. Бывае ад парушэння звязвання білірубіну (фізіял. Ж.н.), ад узмоцненага распаду — гемолізу эрытрацытаў (гемалітычная хвароба нованароджаных), ад мех. затрымкі жоўці (прыроджанае недаразвіццё ці набытае звужэнне жоўцевывадных шляхоў), ад пашкоджання тканак печані. Лячэнне: выдаленне білірубіну з арганізма.
А.Л.Лстапаў.
т. 6, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. simulatio няшчырасць, прытворства),
паводзіны, накіраваныя на імітацыю хваробы ці яе сімптомаў з мэтай увесці ў зман. Матывамі С. могуць быць дасягненне пэўных ільгот, ухіленне ад абавязкаў, імкненне пазбавіцца ад адказнасці за ўчыненае злачынства, прыцягнуць да сябе ўвагу і ў інш. Мэты С. могуць быць усвядомленыя (робіцца зацікаўленай асобай з пэўнай мэтай) і неўсвядомленыя (яе выпадкі назіраюцца, напр., у асоб з істэрычнымі неўрозамі, калі С. становіцца адным са спосабаў неадэкватнага вырашэння неўратычнага канфлікту). С. з мэтай ухілення ад прызыву на ваен. службу або ад яўкі на зборы праз прытворную хваробу крымінальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь разглядае як адну з прыкмет злачынства.
т. 14, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЗМЫ (ад грэч. tropos паварот, кірунак),
накіраваныя роставыя рухі (выгіны) органаў раслін, якія выклікаюцца аднабаковым уздзеяннем фактараў асяроддзя (святла, зямнога прыцяжэння, хім. рэчываў і інш.). Аснова Т. — раздражняльнасць. Узнікаюць у ч. раслін, што растуць, і з’яўляюцца вынікам больш хуткага росту клетак на адным баку сцябла, кораня ці ліста ў залежнасці ад размеркавання гармону росту раслін (аўксіну). Пры станоўчых Т. рух накіраваны ў бок раздражняльніка, пры адмоўных — ад яго. Шляхам арыентацыі органаў у прасторы Т. забяспечваюць найб. эфектыўнае выкарыстанне пажыўных фактараў, ахову ад шкодных уздзеянняў. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, геа- і інш. віды Т. Гл. таксама Настыі.
т. 15, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ САВЕ́Т (англ. Nordic Council),
рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 год нац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.
т. 12, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТЫ́Т (ад дэрма + ...іт),
запаленне скуры. Узнікае ад дзеяння на скуру фіз. (доўгае трэнне і ціск, высокія і нізкія т-ры, радыяцыя), хім. (к-ты, солі, лек. прэпараты, касметыка і інш.), раслінных фактараў. Штучныя Д. бываюць ад уздзеяння раздражняльнікаў, алергічныя — ад паўторных уздзеянняў раздражняльнікаў, якія выклікаюць сенсібілізацыю арганізма. Адрозніваюць Д. востры і хранічны. Прыкметы; пачырваненне і ацёк, пухіры, боль, сверб, пякота. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, мясцовае — процізапаленчыя сродкі.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
вёска ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Барысаў. Цэнтр Азярыцка-Слабадскога с/с і калгаса. За 12 км на З ад г. Смалявічы, 25 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Слабада. 1729 ж., 594 двары (2001). Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква.
Брацкая магіла сав. воінаў. За 500 м на Пн ад вёскі Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.
т. 14, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ХАВІЧЫ,
вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., на р. Нішча. Цэнтр сельсавета. За 28 км на ПнЗ ад г.п. Расоны, 166 км ад Віцебска, 35 км ад чыг. ст. Ідрыца (Расія). 250 ж., 127 двароў (2003). Лясніцтва. Пач. школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 1 км на Пн ад вёскі — курганны могільнік.
т. 18, кн. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯХІМО́ЎШЧЫНА,
вёска ў Палачанскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 98 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Палачаны, каля аўтадарогі Маладзечна—Валожын (2 км). 441 ж., 155 двароў (2003). Спіртзавод. Сярэдняя школа, школа-сад, б-ка, клуб, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». Помнік архітэктуры — сядзіба (канец 19 ст.). За 700 м на Пн ад вёскі курганны могільнік.
т. 18, кн. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАДО́ЎЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса «Абадоўцы». За 30 км на У ад Вілейкі, 92 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Уша. 429 ж., 143 двары (1995). Базавая школа, клуб, бібліятэка.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)