КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат.Канд.гіст.н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́Н (франц. partisan) у міжнародным праве, асоба, якая з’яўляецца ўдзельніцай партызанскага руху і змагаецца ў складзе партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі, што занята праціўнікам або кантралюецца рэакцыйным рэжымам; адносіцца да камбатантаў. П. абапіраюцца на падтрымку мясц. насельніцтва, з якога пераважна папаўняюцца партызанскія фарміраванні. П. таксама становяцца ваеннаслужачыя, што засталіся ў тыле ворага або спецыяльна пасланы для вядзення баявых дзеянняў. Яны арганізаваныя, узначальваюцца асобай, якая адказвае за падначаленых, маюць адметны знак, адкрыта носяць зброю, у баявых дзеяннях захоўваюць нормы міжнар. права, якія прымяняюцца ў перыяд узбр. канфліктаў. Гэтыя палажэнні замацаваны рэзалюцыямі Ген. Асамблеі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ МІЖУРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ,
пастаянныя аб’яднанні дзяржаў, створаныя на падставе распрацаванага і ўзгодненага імі міжнар. пагаднення або інш. ўстаноўчага акта з мэтай каардынацыі намаганняў урадаў па вырашэнні міжнар. праблем і садзейнічання развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Спецыфічныя рысы М.м.а.: пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці, метад функцыянавання (шматбаковыя перагаворы, адкрытае абмеркаванне пытанняў), працэдура распрацоўкі і прыняцця рашэнняў (абмеркаванне і галасаванне) і характар прынятых рашэнняў, якія, як правіла, не маюць абавязковай сілы і заснаваны на прынцыпе «адна краіна — адзін голас» або на фін. узносе і эканам. становішчы адпаведных краін-удзельніц. Адрозніваюць М.м.а. сусветныя (ААН, ЮНЕСКА, МАП і інш.) і рэгіянальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец.міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МАС-О́РТА ((Ramos Horta) Хасэ) (н. 26.12.1949, г. Дылі, Усх. Тымор),
палітычны дзеяч Усх. Тымора. Скончыў Оксфардскі (Вялікабрытанія) і Антыяхійскі (ЗША) ун-ты. Удзельнік нац.-вызв. руху супраць партугальскага панавання на Усх. Тыморы. Чл. урада Нар.-Дэмакр. Рэспублікі Усх. Тымор, абвешчанай 28.11.1975. Пасля акупацыі ў снеж. 1975 Усх. Тымора войскамі Інданезіі ў эміграцыі. Міжнар. прадстаўнік усх.-тыморскага супраціўлення. Дамогся прыцягнення ўвагі міжнар. супольніцтва да праблемы Усх. Тымора, да барацьбы супраць інданезійскай акупацыі. Пасля рэферэндуму 1999, які выказаўся за незалежнасць Усх. Тымора, працуе ў адміністрацыі, якая ствараецца там пры дапамозе ААН. Нобелеўская прэмія міру 1996 (з біскупам К.Х.Бела).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАМЯНЕ́ННЕ АРГАНІ́ЗМА,
прыроднае або штучнае ўздзеянне выпрамяненняў на жывы арганізм. У натуральных умовах жывыя істоты апраменьваюцца інфрачырвоным (цеплавое апрамяненне), бачным і ультрафіялетавым сонечным святлом, а таксама касм. прамянямі і іанізоўным выпрамяненнем зямнога паходжання (гл.Фон радыеактыўны). Пры штучным апрамяненні арганізма часцей скарыстоўваюць іанізавальныя, ультрафіялетавыя, ультравысокачастотныя выпрамяненні. Адрозніваюць апрамяненне арганізма татальнае (усяго цела) і лакальнае (частковае), вострае (за кароткі прамежак часу) і хранічнае, або пралангаванае (працяглае), аднаразовае і фракцыянаванае (сумарная доза паступае часткамі, з рознымі прамежкамі часу), вонкавае і ўнутранае (ад радыеактыўных рэчываў, што трапілі ў арганізм). Па даных Навук.к-таААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР ААН; 1988) сярэднія дозавыя нагрузкі насельніцтва Зямлі ў пераліку на гадавыя эфектыўныя эквівалентныя дозы апрамянення складаюць у мілізівертах (мЗв): ад натуральных крыніц радыяцыі зямнога паходжання пры ўнутр. апрамяненні 1,325, пры вонкавым 0,35; касмічнага паходжання 0,3 і 0,015 адпаведна; ад крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, 0,4; ад радыеактыўных ападкаў 0,02; ад атамнай энергетыкі 0,001. На тэр., што пацярпелі ад буйных радыяц. катастроф (напр., Кыштымская 1957, Расія; Чарнобыльская 1986, і інш.), пасляаварыйныя дозавыя нагрузкі на арганізм значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Напр., праз 5 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення складала (мЗв): у Брагіне 2,5, Ветцы 3,1, Буда-Кашалёве 1,3, Карме 2. У «Каталог дозаў апрамянення насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (1992) занесена 3326 нас. пунктаў, дзе шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 складала 15—40 Кі/км² і сумарныя гадавыя эквівалентныя дозы да 2—3 мЗв. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,
міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АФРЫКА́НСКАГА АДЗІ́НСТВА (Organization of African Unity; ААА),
рэгіянальная міжурадавая арг-цыя незалежных дзяржаў Афрыкі. Засн. ў 1963 у Адыс-Абебе (Эфіопія). Уваходзіць 51 дзяржава (1991). Мэты — барацьба супраць каланіялізму ва ўсіх яго формах і праявах, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў кантынента, развіццё супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў у палітыцы, эканоміцы, абароне, навуцы, культуры і інш. Створаны Афр. банк развіцця, Ін-тэканам. планавання. 2-я Асамблея ААА (Кіпр, чэрв. 1964) абвясціла Афрыку бязатамнай зонай. Вышэйшы орган — штогадовая Асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, выканаўчы орган — Савет Міністраў, пастаянны адм. орган — Сакратарыят, дзейнічаюць пастаянныя камісіі, сакратарыят афр. групы дзяржаў пры ААН. Штаб-кватэра ў Адыс-Абебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 25.12.1940, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біятэхналогіі с.-г. жывёл. Чл.-кар.ААН Беларусі (1996). Д-рс.-г.н. (1992), праф. (1996). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1968). З 1972 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па праблемах біятэхналогіі трансплантацыі эмбрыёнаў у малочным і мясным статках, доўгатэрміновым захаванні зародкаў (крыякансерваванне) і стварэнні крыябанка эмбрыёнаў высокакаштоўных генатыпаў буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Состояние естественной резистентности телят, полученных методом трансплантации эмбрионов (у сааўт.) // Науч. основы развития животноводства в Республике Беларусь. Мн., 1993. Вып. 24;
Криоконсервирование эмбрионов купного рогатого скота молочных и мясных пород (у сааўт.) // Тамсама. 1994. Вып. 25.