КРЖЫЖАНО́ЎСКІ (Глеб Максімілянавіч) (24.1.1872, г. Самара, Расія — 31.3.1959),
дзеяч рэв.руху ў Расіі, сав.дзярж. дзеяч, вучоны-энергетык. Акад.АНСССР (1929). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1894). З 1891 займаўся рэв. дзейнасцю. Адзін з арганізатараў Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895). У снеж. 1895 арыштаваны, сасланы на 3 гады ў Сібір. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1920 старшыня Дзярж. камісіі па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО). У 1921—30 старшыня Дзяржплана СССР, адначасова (1927—30) старшыня К-та па стандартызацыі пры Савеце працы і абароны. Адзін з пачынальнікаў буд-ва ў СССРвял. электрастанцый — Дняпроўскай, Зуеўскай, Свірскай, Кашырскай, у Беларусі — 1-й Белдрэс. З 1930 старшыня Галоўэнерга Наркамцяжпрама СССР, у 1932—36 нам. наркома асветы РСФСР. У 1929—39 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Аўтар прац па комплекснай энергетыцы, электрыфікацыі, тэорыі і практыцы планавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТАЛЕ́ВІЧ (Вадзім Андрэевіч) (н. 4.7.1922, в. Малое Хонава Магілёўскага р-на),
бел. юрыст, гісторык, сацыёлаг. Д-рюрыд.н. (1974), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэорыі дзяржавы і права, гісторыі нац.-дзярж.буд-ва ў Беларусі і бел.нац.руху, пытаннях сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства, канстытуцыйным праве і інш. Член Канстытуцыйнага прававога савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар манаграфіі «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (т. 1—2, 1975—79), прац па гісторыі адм.-тэр. падзелу Беларусі, адзін з аўтараў даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне БССР» (т. 1—2, 1985—87).
Тв.:
На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
О конституционном суде, законности, референдуме. Мн., 1996;
История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАС (Lagos),
горад, сталіца Нігерыі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на астравах і ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. штата Лагас. 10,3 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Буйнейшы эканам., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Канцэнтруе каля палавіны прамысл. патэнцыялу краіны. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, перапрацоўка какавы), тэкст., металаапр., радыётэхнічная. Суднабуд. і суднарамонтныя верфі. 2 ун-ты. Нац. музей.
Засн. партугальцамі ў канцы 15 ст. на месцы паселішча племя йаруба-аворы. У 15—16 ст. залежны ад Беніна горад-дзяржава, якім кіраваў ваен. правадыр. У 17 ст. адзін з цэнтраў гандлю рабамі. У выніку англ. экспансіі з 1852 пад кантролем Вялікабрытаніі, у 1861 каланізаваны англічанамі. Цэнтр нац.-вызв руху. З 1914 адм. ц. пратэктарата Нігерыя, з 1960 сталіца незалежнай Нігерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛА́РДЫ [англ., адзіночны лік lollard ад сярэдненідэрл. lollaert(d) літар. той, хто мармыча (малітвы)],
удзельнікі сял.-плебейскага руху 14 ст. ў Англіі і некаторых інш.зах.-еўрап. краінах, які набыў рысы антыкаталіцкай ерасі. Рух Л. узнік у г. Антверпен (Нідэрланды, цяпер Бельгія) каля 1300, у Англіі пашырыўся з пач. 1360-х г. (пропаведзі Дж.Бола і інш.). Яны выступалі як вулічныя прамоўцы, адвяргалі прывілеі каталіцкай царквы, патрабавалі секулярызацыі яе маёмасці, крытыкавалі несправядлівасці феад. ладу (з хрысц. пазіцый), настойвалі на адмене паншчыны, царк. дзесяціны і інш. Л. не заклікалі непасрэдна да ўзбр. выступленняў, але адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, а Бол быў адным з яго правадыроў. Пасля падаўлення паўстання і асабліва з 1401 пачаліся жорсткія праследаванні Л., хоць іх прыхільнікі заставаліся ў Англіі да пач. 16 ст. і спрыялі падрыхтоўцы Рэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст.Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст.н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз.руху, вызваленчыя баі, у т. л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар.муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЕ БЮРО́ ЦК КПЗБ.
Дзейнічала ў 1930—38. Утворана ЦККПЗБ у канцы 1930 з мэтай актывізацыі нелегальнай прапаганды сярод літ. насельніцтва Віленшчыны. У сувязі з тым, што ў некат. паветах Віленскага ваяв. значную частку насельніцтва складалі літоўцы, пасля III канферэнцыі КПЗБ (1925) пачала выдавацца камуніст.л-ра на літ. мове, сярод літ. насельніцтва ўзніклі парт. арг-цыі. У канцы 1930 паводле рашэння ЦККПЗБ пры Віленскім акр. к-це КПЗБ створана Л.б. ЦККПЗБ, у 1931 пераўтворана ў Л.б. пры ЦККПЗБ. Бюро мела секцыі па рабоце сярод сялян, моладзі, падп. друкарню, дзе выдавала газету, часопіс, адозвы і брашуры, супрацоўнічала з легальнымі арг-цыямі бел.нац.-вызв.руху. У 2-й пал. 1930-х г. праводзіла работу па стварэнні антыакупац., дэмакр.нар. фронту ў краі. Існавала да роспуску КПП і КПЗБ (1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́КАЎ (Аляксей Васілевіч) (20.9.1910, г. Кастрама, Расія — 28.6.1974),
бел. вучоны ў галіне цепла- і масапераносу. Акад.АН Беларусі (1956), д-ртэхн.н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1957). Скончыў Яраслаўскі пед.ін-т (1930). З 1956 дырэктар Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па цепла- і масапераносе, цеплаправоднасці, тэарэт. асновах буд. цеплафізікі, тэорыі сушкі. Атрымаў сістэму дыферэнцыяльных ураўненняў для апісання сумеснага пераносу цяпла і масы, выкарыстаў гіпербалічнае ўраўненне для апісання працэсу цеплаправоднасці руху вадкасці ў капілярах, развіў метады рашэння спалучаных задач цепла- і масаабмену. Дзярж. прэмія СССР 1951. Яго імем наз.Акад.навук. комплекс «Інстытут цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі».
Тв.:
Теоретические основы строительной теплофизики. Мн., 1961;
Теория тепло- и массопереноса. М.; Л., 1963 (разам з Ю.А.Міхайлавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ АХАЛАДЖЭ́ННЕ,
метад атрымання тэмператур, ніжэйшых за 1 К, шляхам адыябатнага размагнічвання парамагнітных рэчываў (гл.Адыябатны працэс, Парамагнетызм). Прапанаваны П.Дэбаем і У.Ф.Джыёкам; здзейснены ў 1933.
Пры М.а. парамагнітны ўзор, ахалоджаны вадкім геліем, намагнічваюць у магутным мага. полі, пасля выключэння якога ўзор размагнічваецца з прычыны цеплавога руху атамаў, і яго т-ра ва ўмовах цеплаізаляцыі зніжаецца (гл.Магнетакаларычны эфект). Для атрымання т-р ∼10−3 К выкарыстоўваюць солі рэдказямельных элементаў (напр., сульфат гадалінію), а таксама інш. парамагнітныя рэчывы (напр., хрома-каліевы і жалеза-каліевы галын), у крышт. рашотцы якіх знаходзяцца іоны з недабудаванымі электроннымі абалонкамі і адрозным ад нуля ўласным магн. момантам (Fe+3, Cr+3, Gd+3). Пры выкарыстанні парамагнетызму атамных ядраў (напр., ва ўзоры медзі) атрымліваюць т-ры да 10−6 К. М.а. шырока выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях пры вывучэнні звышцякучасці і звышправоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),
малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.