атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб.пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),
вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб.пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТНІЦЫ, сатыры,
вочкі (Satyridae),
сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс. відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб.пашыранысенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).
Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.
Аксамітніцы: 1 — чарнушка-Медуза і яе вусень; 2 — калітэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІ́СК (грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),
гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТО́ТРЫХУМ (Orthotrichum),
род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 смдаўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́Р, горны баран, аргалі, аркар,
качкар (Ovis ammon),
млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.
Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЛІ́ННІК, энатэра,
начная свечка (Oenothera),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.
Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́Т (Sonchus),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).
Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.
Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.