старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.
Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал. даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.В.Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.Ф.Флёраў, члены: урачы А.П.Грацыянскі і С.М.Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл.гар. управы Ф.Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.М.Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.М.Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук.зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел.нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БАЛО́ТНАЯ ДО́СЛЕДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
першая навук. ўстанова па культуры балот у Расіі і Беларусі. Засн. 21.8.1911 у Мінску паводле рашэння балотнай камісіі Мінскага губ. земства. 1-ы дырэктар А.Ф.Флёраў. Праводзіла навук. даследаванні ў галіне земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, геабатанікі, аграхіміі і агратэхнікі. Мела доследную гаспадарку (7,5 дзесяціны балотнай глебы каля прыпынку Лахва Палескай чыг.). У 1912—17 выдавала час. «Болотоведение» (з 1915 выходзіў у Маскве), які публікаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навук. артыкулы, паведамленні аб новых машынах па асушэнні балоцістых глеб і здабычы торфу, агляды айч. і замежнай л-ры па балотнай справе. У 1912 удзельнічала ў юбілейнай с.-г. і саматужнай выстаўцы, арганізаванай Смаленскім т-вам сельскай гаспадаркі, у нарадзе па кармавых раслінах, лугаводстве і асушэнні балот Беларусі і Літвы. У 1913 пераўтворана ў раённую. У зону яе дзейнасці ўваходзілі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губ. У 1930 на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балот Бел.дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ПАРТЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА (МВПШ),
вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, якая вяла падрыхтоўку і перападрыхтоўку парт., сав. і камсамольскіх кадраў, работнікаў друку, радыё і тэлебачання ў 1956—91. Створана ў Мінску на базе Рэсп.парт. школы пры ЦККПБ (існавала з 1946, тэрмін навучання 2 гады). Тэрмін навучання ў МВПШ на дзённым аддзяленні 4 гады, на завочным — 5. Прымаліся камуністы з сярэдняй адукацыяй. З 1962 працавала аддзяленне з 2-гадовым тэрмінам навучання, з 1968—3-гадовае завочнае аддзяленне (абодва на базе вышэйшай адукацыі). З 1967 на базе МВПШ працавалі рэсп. курсы (з 1986 факультэт) павышэння кваліфікацыі парт., сав. і ідэалагічных кадраў, у 1982—86 — курсы парт. і дзярж. кадраў для Польскай Нар. Рэспублікі. У 1990/91 навуч.г. ў МВПШ займалася каля 1 тыс. слухачоў, працавала 10 кафедраў, 90 выкладчыкаў. За час існавання МВПШ скончыла каля 10 тыс.чал. У пач. 1991 МВПШ пераўтворана ў Ін-т паліталогіі і сац. кіравання Кампартыі Беларусі, дзейнасць якога спынена ў вер. 1991 у сувязі з прыпыненнем Вярх. Саветам БССР дзейнасці КПСС—КПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,
арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр.с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».
Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Шчаглова, М.Анцава, А.Туранкова) і сучасных (С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, А.Рашчынскага, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.Бартнянскага, А.Ведаля, В.Казлоўскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, месы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, А.Дыябелі, рэквіемы Л.Керубіні, М.Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскі (з сак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч.г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні была Мінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),
расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1937—41). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходнасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.Вялюгін, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.