МАКЕ́ЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 24.6. 1952, Мінск),

бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975). З 1980 у Бел. НДІ кардыялогіі, з 1985 адначасова кіраўнік Рэсп. цэнтра хірург. лячэння складаных парушэнняў рытмаў сэрца і электракардыястымуляцыі. Навук. працы па хірург. лячэнні арытмій.

Тв.:

Опыт хирургического лечения наджелудочковых тахиаритмий (у сааўт.) // Актуальные вопросы кардиологии: Сб. науч. тр. Мн., 1997. Вып. 1.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ВЕ (Яўген Барысавіч) (1.9.1908, Варшава — студз. 1989),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі 1978. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1931). У 1964—83 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэбным пнеўматораксе, патагенезе і клініцы першаснага туберкулёзу, флюараграфіі і туберкулінадыягностыцы.

Тв.:

Туберкулез у лиц молодого возраста. Киев, 1964;

Туберкулинодиагносгика. Мн., 1970.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАЎ (Рыгор Іванавіч) (6.12.1932, с. Хмелеўка Астраханскай вобл., Расія — 22.6.1990),

бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-р мед. н. (1977), праф. (1981).

Скончыў Іркуцкі мед. ін-т (1957). З 1977 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па радыяцыйнай і артапедычнай стаматалогіі.

Тв.:

Профилактика лучевого поражения костной ткани: Метод. рекомендации. Обнинск, 1979 (разам з У.​А.​Нікіценкам);

Цельнолитые мостовидные протезы: Информ. письмо Мн., 1982.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П,

семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»). А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЛЕ́СКА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАРЭ́КА (Адам Антонавіч) (14.10.1899, в. Слабада-Кучынка Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 10.10.1938),

бел. пісьменнік і крытык. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), БДУ (1927). Настаўнічаў на Случчыне. У 1921—22 палітработнік у Чырв. Арміі. У 1926—29 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 на кафедры бел. л-ры БДУ. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 беспадстаўна арыштаваны. 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываў у г.п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы (цяпер г. Кіраў). У 1937 зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1919. Вершы і апавяданні падпісваў псеўд. Янка Кужаль, Адам Чырвоны, Якім Каліна і інш. Як крытык распрацоўваў метадалагічныя пытанні літ.-знаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сац. і эстэт. каштоўнасці л-ры, даследаваў гісторыю бел. л-ры, творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Дубоўкі, К.​Чорнага і інш. Аналіз літ. творчасці спалучаў з гістарызмам і філасафічнасцю.

Тв.:

Апавяданні. Мн., 1925.

Літ.:

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

У.​М.​Конан.

А.А.Бабарэка.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАГ (Леў Рыгоравіч) (13.1.1911, Кіеў — 4.9.1994),

бел. і рус. фалькларыст і літ.-знавец. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Засл. дз. нав. Башкортастана (1977). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т імя Леніна (1931). У 1938—41 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та і навук. супрацоўнік Ін-та мовы і л-ры АН Беларусі. У 1943—49 выкладаў у БДУ. З 1951 працаваў у Башкортастане. Друкаваўся з 1937. Зрабіў шмат запісаў бел. фальклору. У манаграфіі «Беларуская казка» (1969) паказаў нац. багацце і самабытнасць бел. нар. казак. Апублікаваў першы ў гісторыі бел. фалькларыстыкі сістэм. паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978). Падрыхтаваў навук. каментарыі да зб-каў «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78, з К.​Кабашнікавым), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Украінскія народныя казкі» (Берлін, 1972, на ням. мове) і інш. Сааўтар кн. «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979). Выдаў на ням. мове «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966; 10-е выд. 1980).

Літ.:

Л.​Г.​Бараг: Библиогр. указ. Уфа, 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА (АБТ). Заснавана ў 1954 у Лондане членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі бел. эміграцыі і англ. навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод англічан. Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане з’яўляецца цэнтрам бел. навук.-культ. жыцця ў Англіі. У 1965—88 выпускала «The Journal of Byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культ. праблемах жыцця бел. народа. З 1966 АБТ арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі л-ры і культуры Беларусі. Супрацоўнічае з Асацыяцыяй славістаў ун-таў Вялікабрытаніі, Брыт. Нац. Асацыяцыяй усх.-еўрап. даследаванняў, удзельнічае ў міжнар. канферэнцыях і кангрэсах славістаў. Выдала кн. апавяданняў С.​Яновіча (1974), «Беларускую граматыку» П.​Мэё (1976, на англ. мове), зб. вершаў М.​Багдановіча, А.​Гаруна, З.​Бядулі (1983, на бел. і англ. мовах). Прэзідэнты АБТ: Л.​Гарлех (1965—73), А.​Макмілін (з 1974), старшыні: О.​Герберт (1965—73), Д.​Джоліф (1974—80), Дж.​Дзінглі (з 1981).

А.​С.​Ляднёва.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел. нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.​Луцкевічы, В.​Ластоўскі, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.

А.​М.​Бабкоў, С.​С.​Рудовіч.

Статуты Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны 1915 і 1921.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)