КАВАЛЬКІ́,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,23 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 6—7 м, пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,6 м, на Пн і Пд сплавінныя. На Пн забалочаная пойма (шыр. да 500 м), пад хмызняком. Дно глеістае. Вызначаецца высокай мінералізацыяй вады.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАЦЕ́НКА (Раман Ісідаравіч) (12.10.1857, Тбілісі — 15.12.1904),

расійскі ваен. дзеяч, герой абароны Порт-Артура. Ген.-лейт. (1904). Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1877), Інж. акадэмію (1882) і Акадэмію Генштаба (1886). Камандаваў (з 1903) 7-й Усх.-Сібірскай стралк. брыгадай. У рус.-яп. вайну 1904—05 нач. абароны сухап. фронту крэпасці Порт-Артур, пад яго кіраўніцтвам нанава створана сістэма абароны крэпасці. Кіраваў стварэннем новых відаў узбраення (ручныя гранаты, мінамёты), прыдумаў электрызацыю драцяных загарод. Загінуў пры артыл. абстрэле.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСАРЫ́»,

«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны ​2/4 або ​3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЬМІ́Н,

горад на ПдЗ Кітая, адм. і галоўны эканам. цэнтр прав. Юньнань.

Узнік у 1 ст. пад назв. Цзяньлін. 1560 тыс. ж., з прыгарадамі 3750 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, горнае, аўтамабільнае, электроннае машынабудаванне, хім. (у т. л. азотныя ўгнаенні), тэкст., лёгкая, буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, харчовая. Старажытная саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў і лямцавых вырабаў. Філіял АН. Ун-т, політэхн. ін-т. Бат. сад.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́САВА ЦЯЧЭ́ННЕ, Экватарыяльнае падпаверхневае супрацьцячэнне,

у Атлантычным ак. Працягласць каля 5000 км. Шыр. ад 370—440 км на З да 185—220 км на У. Макс. скорасць цячэння 3,6 км/гадз у сярэдняй ч. патоку. Рухаецца на У паміж 2° паўд. ш. і 22° паўн, ш. на глыб. ад 50 да 200 м пад Паўднёвым Пасатным цячэннем, якое ідзе на 3. Адкрыта ў 1959 сав. экспедыцыяй на судне «Міхаіл Ламаносаў». Назва ад імя судна.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),

назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.​Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе здольнасць рэчыва намагнічвацца пад уздзеяннем знешняга магн. поля. Абазначаецца χ. У статычным магн. полі для аднароднага і ізатропнага магнетыка вызначаецца формулай: χ = J H , дзе J — модуль намагнічанасці і H — модуль напружанасці магнітнага поля. З магнітнай пранікальнасцю μ (звязана суадносінамі) χ = μ−1. У ферамагнетыках дасягае некалькіх тысяч, у пара- і дыямагнетыках — у межах 10​−3—10​−5 (у дыямагнетыках — адмоўная). Гл. таксама Дыямагнетызм, Парамагнетызм, Ферамагнетызм.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВА,

возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Росіца, за 23 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі каля 3,5 км. Пл. вадазбору 2,71 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. У цэнтры востраў пл. 0,8 га. Выцякае ручай у р. Росіца.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗІЛЬ (Мікалай Ігнатавіч) (26.11.1839, Чэсмены пад Масквой —9.7.1906),

рускі акцёр. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1903). Ў 1865 дэбютаваў у Малым т-ры. З гумарам выконваў ролі амплуа «прасцяка» ў вадэвілях і аперэтах. Пазней характарны акцёр. Найб. вызначыўся ў п’есах А.​Астроўскага, у многіх — першы выканаўца: Гаўрыла («Гарачае сэрца», 1869), Пётр («Лес», 1871), Платон («Праўда — добра, а шчасце лепш», 1876), Рабінзон («Беспасажніца», 1878), Нарокаў («Таленты і паклоннікі», 1881), Шмага («Без віны вінаватыя», 1884) і інш.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)