БАГА́ТАЎ (Барыс Аляксандравіч) (н. 1.4.1938, г. Арэхава-Зуева, Расія),
бел. вучоны ў галіне тарфяной вытв-сці. Д-ртэхн.н. (1974), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1960). З 1977 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах мадэлявання, мадэм. апісання і аптымізацыі тэхнал. працэсаў распрацоўкі радовішчаў торфу з улікам рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар падручніка «Тэхналогія і комплексная механізацыя тарфяной вытворчасці» (1988, з В.А.Нікіфаравым) і інш. вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Моделирование и оптимизация процессов брикетного производства. М., 1976;
Математические методы в торфяном производстве. М., 1991 (разам з У.Дз.Капёнкіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫЁНІ (Вахушты) (1696—1751),
грузінскі гісторык і географ. Пабочны сын картлійскага цара Вахтанга VI. Дзед П.І.Баграціёна. Вучыўся ў місіянераў. У 1717—24 удзельнічаў у паліт. жыцці Картлійскага царства: у жн.-ліст. 1722 правіў краінай, у 1724 камандаваў войскамі Ніжняга Картлі, правёў там перапіс; разам з царом Вахтангам, сям’ёй і світай выехаў у Расію. Аўтар «Гісторыі царства Грузінскага» (1745; ахоплівае падзеі 15—18 ст.) і 2 геагр. атласаў (1-ы складзены ў 1735, меў 8 картаў Грузіі; 2-і ў 1742—43, 19 картаў і генеалагічныя схемы царскай дынастыі Багратыёнаў).
Тв.:
Рус.пер. — История царства Грузинского. Тбилиси, 1976.
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен.мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІГАРА́, Вярнігор, Гара-Гаравік, Гарыня,
Гаравы, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Мае вял. сілу; можа пераносіць горы, руйнаваць іх і раўняць зямлю. Сустрэўшы героя-асілка, Вярнігара разам з інш. волатамі памагае яму перамагчы страшных крыважэрных істот, пакараць зло і ліквідаваць несправядлівасць, хоць часам перараджаецца маральна і здраджвае герою. Сустракаецца таксама ў рус. і ўкр. фальклоры.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 146—152;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 258—260;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦІЧЫ,
усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст.тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.
Упрыгажэнні вяцічаў 11—13 ст. з раскопак курганоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РСКІ (Рыгор Арсенавіч) (н. 26.10.1932, в. Садоўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-рмед.н. (1980), праф. (1983). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед.ін-т (1956). З 1972 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, атэрасклерозе, рэўматызме, хваробах крыві, парушэннях сардэчнага рытму, антыкаагулянтнай тэрапіі, ультрагукавой дыягностыцы і метадзе дэфібрыляцыі.
Тв.:
Справочник по клинической электрокардиографии. Мн., 1985 (разам з Л.Г.Баранавым, У.Р.Лісюціным);
Справочник участкового терапевта. Мн., 1986 (у сааўт.);
Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ (Георгій Нарбертавіч) (23.2.1860, Масква — 5.4.1907),
рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.І.Мечнікава, Р.Коха, П.П.Э.Ру, П.Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук. працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксама вытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял.ін-т Маскоўскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ (Іван Кірылавіч) (н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф.Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.А.Уладзіміравым).
Тв.:
Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;
Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),
бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.Колас у творчасці мастакоў» і «Я.Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.