ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,

назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.​К.​Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.​І.​Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Старэйшы,

Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».

Тв.:

Рус. пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,

форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭВЕНТЫ́ЎНЫ НАГЛЯ́Д у крымінальна-выканаўчым праве,

форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ННЕ імавернасцей,

адно з асн. паняццяў тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыкі.

Р. імавернасцей дыскрэтнай выпадковай велічыні X, магчымыя значэнні x1, x2, ... xi, ... якой утвараюць канечную ці злічоную паслядоўнасць. задаецца адпаведнымі ім імавернасцямі p1, p2, ... pi, ... (усе p, дадатныя і іх сума роўная 1), напр., бінаміяльнае размеркаванне, Пуасона размеркаванне. Для неперарыўнага Р. існуе неадмоўная функцыя p(x) (шчыльнасць імавернасці), такая, што ∫ p ( x ) dx = 1 , і пападанне выпадковай велічыні ў зададзены інтэрвал значэнняў [a,b] задаецца імавернасцю W = ∫ a b p ( x ) dx , напр., Максвела размеркаванне, нармальнае размеркаванне. У агульным выпадку Р. — сапраўдная неадмоўная функцыя на класе падмностваў (падзей), які мае пустое мноства і замкнуты адносна тэарэтыка-мноставых аперацый дапаўнення і злічонага перасячэння: p ( U i=1 ∞ Ai = Σp ( Ai ) , дзе 0 ≤ p(A) ≤ 1 і калі Ai∩Aj=∅ пры i≠j. Гл. таксама Сінгулярнае размеркаванне.

Б.​Л.​Залескі.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),

род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.

Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расіца прамежкавая.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНЕР (Эдзі) (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч (26.5.1910, Берлін — 8.8.1976),

джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Берліне (1929). Валодаў віртуознай ігрой на трубе. З 1933 кіраўнік створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 у Польшчы; працаваў у аркестры Ю.​Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. З 1939 у СССР. У 1940 кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 рэпрэсіраваны. У 1954 рэабілітаваны. Кіраваў эстр. аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам Гомельскай абл. філармоніі. З 1972 у Зах. Берліне. Аўтар шматлікіх папулярных песень, танц. мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне»). Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі.

Літ.:

Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998. №1—8;

Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54;

Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСАРДЖЫМЕ́НТА (італьян. Risorgimento літар. адраджэнне),

нацыянальна-вызваленчы рух італьянскага народа за ліквідацыю аўстр. прыгнёту і аб’яднанне краіны; перыяд, калі гэты рух адбываўся: канец 18 ст. — 1861, канчаткова завяршыўся ў 1870 далучэннем да італьян. каралеўства Рыма. Найважнейшыя падзеі Р. — Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі і Рэвалюцыя 1859—60 у Італіі. За кіраўніцтва Р. змагаліся 2 плыні: рэсп.-дэмакр. (лідэры Дж. Гарыбальдзі, Дж.Мадзіні і інш., якія імкнуліся аб’яднаць краіну ў форме дэмакр. рэспублікі) і ліберальная (лідэры К.Б.Кавур і інш., якія патрабавалі аб’яднання краіны пад уладай Савойскай дынастыі або папы рымскага). Пасля перамогі ліберальнай плыні ў 1861 створана Італьян. дзяржава ў форме канстытуцыйнай манархіі. Другім Р. наз. вызв. барацьбу італьян. народа ў 1943—45 супраць ням.-фаш. акупантаў і італьян. фашыстаў у час 2-й сусв. вайны. У антыфаш, фронце аб’ядналіся розныя сац. і паліт, сілы, якія змагаліся за нац. вызваленне і дэмакр. пераўтварэнні ў краіне.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКІ КАЛЯНДА́Р, рэвалюцыйны каляндар,

уведзены ў перыяд Французскай рэвалюцыі /789—99 дэкрэтам Нац. канвента ад 5.10.1793. Р.к. адмяніў хрысц. летазлічэнне і ўстанавіў новую эру (першы дзень — дзень абвяшчэння рэспублікі — 22.9.1792). Год падзяляўся на 12 месяцаў, па 30 дзён кожны, месяц — на 3 дэкады. Пасля 360 дзён уводзіліся 5 (у высакосныя гады 6) «дадатковых» дзён («санкюлатыды»). Дзесяты дзень і ўсе дадатковыя лічыліся днямі адпачынку і рэв. свят. Месяцы атрымалі новыя назвы, у якіх улічваліся асаблівасці пары года: асеннія (вандэм’ер, брумер, фрымер), зімовыя (нівоз, плювіёз, вантоз), веснавыя (жэрміналь, фларэаль, прэрыяль), летнія (месідор, тэрмідор, фруктыдор); зменены таксама назвы дзён тыдня. Р.к. дзейнічаў да 1.1.1806, калі ў перыяд напалеонаўскай Першай імперыі зноў быў заменены грыгарыянскім календаром (гл. Новы стыль). Р.к. быў узноўлены ў час Парыжскай камуны 1871 і дзейнічаў з 18 сак. па 28 мая 1871, пасля чаго адноўлены грыгарыянскі каляндар. Гл. таксама Каляндар і літ. пры ім.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)