АБУ́ХАЎ (Віктар Цімафеевіч) (19.1.1900, с. Нікольскае Арэнбургскага р-на — 26.11.1975),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. танкавых войскаў (1954). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). На фронце з чэрв. 1941, камандзір 26-й танк. дывізіі, якая дыслацыравалася на Беларусі. Механізаваны корпус пад камандаваннем ген.-маёра Абухава вызначыўся ў чэрв.—ліп. 1944 пры фарсіраванні Бярэзіны, акружэнні мінскай групоўкі праціўніка, вызваленні Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні і Вільні.
т. 1, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙПЕЛЬ, Грэйпаль Леапольд (каля 1810—пасля 1847), бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1834). У 1830-я г. працаваў павятовым землямерам Полацка. У 1842—43 архітэктар Бел. навуч. акругі (Мінск). Аўтар праектаў будынкаў дваранскага прыходскага вучылішча (1835) у Полацку, гімназіі (1839) і шляхетнага пансіёна (1842) у Мінску, перабудовы манастырскага корпуса бернардзінцаў (пасля закрыцця касцёла і кляштара) пад пав. школу (1842—47) у Віцебску, пав. школы з домам для персаналу і школьнай б-кай у Маладзечне.
т. 5, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМЕТЫЛАНІЛІ́Н, N,N-дыметыламінабензол,
трацічны амін, C6H5N(CH3)2. Жоўтая вадкасць з дзягцярным пахам, tпл 2,5 °C, tкіп 194,15 °C, шчыльн. 955,7 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спірце, ацэтоне, бензоле. Атрымліваюць награваннем аніліну і метанолу пад ціскам у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, як праявіцель для каляровай фатаграфіі. Выклікае ўтварэнне язваў на скуры, ператварэнне гемаглабіну ў метгемаглабін, ГДК 0,2 мг/м³.
т. 6, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЗАКАПІ́РАВАННЕ,
узнаўленне пазітыўных (ці негатыўных) копій графічных і тэкставых арыгіналаў на аснове дыязатыпіі. Выкарыстоўваецца для размнажэння тэхн. дакументацыі, чарцяжоў, графікаў і інш. з любым фарматам арыгіналаў.
Пры Д. святлакопіі вырабляюць на спец. святлоадчувальных паперах, якія маюць высокую раздзяляльную здольнасць і кантрастнасць; колер копіі (напр., чырвоны, чорны, блакітны) залежыць ад складу дыазазлучэння, якім пакрыта папера. Пры экспанаванні ўтвараецца скрыты відарыс: дыазазлучэнні разбураюцца пад дзеяннем святла. Для атрымання святлакопіі паперу праяўляюць ў пары аміяку ці шчолачным растворы.
т. 6, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦІ́ЧАСК,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071. Месцазнаходжанне не выяўлена. Даследчыкі атаясамлівалі Галацічаск з вёскамі Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай і Голацк Пухавіцкага р-на Мінскай абл. Але рэшткі стараж. горада там не выяўлены.
Літ.:
Повесть временных лет. Ч. 1. М.; Л., 1950;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII в.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978.
т. 4, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),
украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.Купалы, К.Кірэенкі.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,
назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ЖАННЕ, Ружына,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,37 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 9,44 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 2 м), пад хмызняком, на Пн, ПнЗ і У разараныя. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Несіна. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 6, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)