архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс.чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.
Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАРУХАВІ́К,
рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.
Асн.частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.
навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1911—22. Адкрыта па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Ф-ты: археал., археаграфічны, гісторыі мастацтва (з 1917). Тэрмін навучання 3 гады, з 1917 — 4 гады, разлічаны на слухачоў з вышэйшай адукацыяй, але сярод іх пераважалі выпускнікі сярэдніх школ. У 1911 на 1-ы курс прынята каля 90 чал., у 1918/19 навуч.г. вучылася 428 чал. Выкладалі археолаг В.А.Гарадцоў, мастацтвазнавец А.І.Успенскі, гісторыкі Б.Р.Брэжга (з 1918 заг. аддзялення), А.П.Сапуноў (курс «Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю»), У.М.Перцаў, этнограф У.М.Дабравольскі, філолагі Р.Ф.Брант, М.І.Навасадскі, С.І.Сабалеўскі і інш. На пач. 1919 аддзяленню перададзены б-ка, музей і гіст. архіў б. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, частка б-кі б.Віцебскага езуіцкага калегіума. У распараджэнні аддзялення быў Віцебскі губернскі архіў. У 1922 аддзяленне выдавала рукапісны час. «Белорусский этнограф» (выйшлі 2 нумары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПУКЛАСЦЬ І ЎВАГНУ́ТАСЦЬкрывой,
уласцівасць крывой, калі ўсе пункты любой яе дугі ляжаць не вышэй (не ніжэй) за хорду, якая сцягвае гэтую дугу. Пункт, у якім выпукласць крывой пераходзіць ва ўвагнутасць, наз.пунктам перагіну. Напр., крывая y=sin x увагнутая ў інтэрвале (0, π), выпуклая ў інтэрвале (π, 2π), пункт перагіну x=π.
Калі функцыя мае першую і другую вытворныя, то выпукласць і ўвагнутасць можна ахарактарызаваць так: у пунктах выпукласці крывая ляжыць не ніжэй за датычную і другая вытворная 𝑓″(x) > 0, у пунктах увагнутасці — не вышэй за датычную і 𝑓″(x) < 0 (калі 𝑓″(x) = 0, патрабуюцца дадатковыя даследаванні). Аналагічна вызначаецца выпукласць і ўвагнутасць паверхняў. Вобласць (частка плоскасці або прасторы), якая абмежавана выпуклай крывой (або выпуклай паверхняй), наз.выпуклай. Уласцівасці выпуклых абласцей вывучаюцца ў геаметрыі выпуклага цела.
В.В.Гарохавік.
Выпукласць і ўвагнутасць функцыі y=f(x); x0 — пункт перагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫ СКАЗ,
прэдыкатыўная часткаскладаназалежнага сказа, якая сінтаксічна падпарадкавана гал. частцы. Фармальным паказчыкам сінтакс. падпарадкавання даданай часткі служаць злучнікі і злучальныя словы. Яны па-рознаму ўваходзяць у яе структуру і ў пэўнай меры кваліфікуюць яе значэнне.
У лінгвістычнай л-ры не існуе адзінай класіфікацыі даданых частак. Часцей за ўсё яны ў залежнасці ад спосабу сувязі і характару адносін з гал. часткай падзяляюцца на прыфразныя і прыслоўныя. Прыфразныя часткі прымацаваны слабай сувяззю да гал. часткі, бо адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Сярод іх вылучаюцца даданыя часу, месца, прычыны, мэты, умовы, уступальныя, выніковыя, параўнальныя, далучальныя. Прыслоўныя часткі адрозніваюцца цеснай сувяззю з гал. часткай, бо адносяцца да асобных яе слоў і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод іх вылучаюцца даданыя азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, выказнікавыя, спосабу дзеяння, меры і ступені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г.д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).
Літ.:
Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА, ДНК,
біяпалімер, складзены з нуклеатыдаў, якія маюць у сваім саставе дэзоксфыбозу; неабходная састаўная частка жывой матэрыі. Спецыфіка будовы ДНК абумоўлівае спадчынную перадачу прыкмет і ўласцівасцей большасці арганізмаў і сінтэз спецыфічных кожнаму арганізму бялкоў. Малекулы ДНК усіх арганізмаў пабудаваны па адным тыпе. Паводле схемы, распрацаванай амер. вучоным Дж.Уотсанам і англ. Ф.Крыкам (1953), яны складаюцца з двух спіральна закручаных адзін вакол аднаго палімерных ланцугоў. Ланцугі пабудаваны з вял. колькасці нуклеатыдаў, якія маюць дэзоксірыбозу, злучаную з фосфарнай к-той і азоцістай асновай (адэнінам, гуанінам, тымінам, цытазінам); спецыфічнасць нуклеатыдаў вызначаецца адной з 4 азоцістых асноў. Розны нуклеатыдны склад і паслядоўнасць 4 азоцістых асноў у малекуле ДНК вызначаюць разнастайнасць відаў жывых арганізмаў. Пры размнажэнні арганізмаў, клетак адбываецца капіраванне (рэплікацыя) і перадача ДНК у даччыныя клеткі. Парушэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у ланцугу ДНК прыводзіць да спадчынных змен у арганізме — мутацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́СТАЎ МО́ВА,
камунікатыўная сістэма на кінетычнай (жэстыкуляторна-мімічнай) аснове; асн. сродак зносін глухіх. Мінімальная адзінка Ж.м. — жэст — складаецца з херэм (ад грэч. hejr, hejrōs рука), якія паказваюць на месца, канфігурацыю і характар жэста. Колькасць херэм параўнальная з колькасцю фанем гукавой мовы. Ж.м. ўключае таксама позірк, выраз твару, рухі галавы і цела, функцыі якіх больш шырокія, чым у гукавых мовах. Структурна і катэгарыяльна такія Ж.м. не залежаць ад гукавых моў, іх роднасныя сувязі не вызначаюцца адпаведнымі нац. мовамі (напр., амслен, Ж.м. глухіх ЗША і большай часткі Канады, блізкі да мовы глухіх Францыі, аднак не роднасны мове глухіх Англіі).
Ж.м. называюць таксама жэставыя маніфестацыі гукавых моў. У развітых грамадствах большая частка глухіх двухмоўная (валодаюць роднай Ж.м. і нац. мовай). Ў час зносін на агульнанац. мове выкарыстоўваюць яе жэставы варыянт: захоўваецца сінтакс. структура, рэдуцыруецца марфалогія, словы замяняюцца жэстамі; безаналагавыя элементы гукавой мовы дактыліруюцца (палітарна перадаюцца пальцавай азбукай).