род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЖБА ВЯРХО́ЎНАГА КАМІСА́РА ААН ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Office of the United Nations High Commissioner for Refugees). Засн.Ген. асамблеяй ААН у 1951 замест Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў. Займаецца асобамі, якія падыходзяць пад вызначэнне бежанцаў або прымусовых перасяленцаў (паводле Канвенцыі 1951 пра статус бежанца, Пратакола 1967 да яе і Рэзалюцыі ААН ад 1985): што пакінулі радзіму па розных прычынах (вайна, праследаванні расавыя, рэліг., паліт. і інш.). Гал. кірунак дзейнасці — рэпатрыяцыя бежанцаў і прымусовых перасяленцаў, іх інтэграцыя ў грамадстве, уладкаванне на старых або новых месцах жыхарства. Служба дапамагла ўладкавацца больш чым 30 млн. прымусовых перасяленцаў. Паводле звестак на 1995 пад апекай службы знаходзілася каля 27 млн.чал., з іх 14,5 млн. — ахвяры ваен. канфліктаў. Нобелеўскія прэміі міру 1954 і 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗвыпадковых працэсаў,
раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца метады апрацоўкі і выкарыстання стат. даных, якія адносяцца да выпадковых працэсаў.
Найб. важны клас задач С.а. — задачы выяўлення сігналаў на фоне шуму, што мае дастасаванні ў радыёлакацыі. Задачы статыстычнага ацэньвання параметраў узнікаюць, калі па выніках назіранняў за значэннямі параметраў працэсу на працягу пэўнага прамежку часу неабходна вылічыць значэнні гэтых параметраў у моманты часу па-за межамі часу назірання або вылічыць значэнні параметраў дапаможнага працэсу, статыстычна звязанага з назіраным. Шэраг задач С.а. адносяць да задач на непараметрычныя метады статыстыкі, напр., задачы на вызначэнне размеркавання імавернасцей дадзенага працэсу па выніках назіранняў. Існуюць таксама метады С.а. выпадковых працэсаў, дзе яны разглядаюцца як маркаўскія працэсы ці як кампаненты мнагамернага працэсу, які задавальняе пэўную сістэму стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УКРАЇНСЬКИЙ ІСТОРИ́ЧНИЙ ЖУРНА́Л»,
навуковы часопіс, орган Ін-та гісторыі Нац.АН Украіны. Выдаецца ў Кіеве з 1957 6 разоў на год. Змяшчае матэрыялы па гісторыі Украіны і сусв. гісторыі, па метадалогіі і методыцы гіст. даследаванняў, гіст. дакументы і каментарыі да іх, мемуары, агляды гіст. крыніц і інш. Друкуюцца матэрыялы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пытанням гісторыі Беларусі прысвечаны арт. Я.М.Карпачова «Гарады і мястэчкі Беларусі ў другой палове XVIII ст.» (1968, № 9), А.П.Грыцкевіча «Універсал Багдана Хмяльніцкага гораду Слуцку (1656 г.)» (1970, №12), Г.Д.Казьмірчука і А.В.Сілкіна «М.В.Доўнар-Запольскі як дзекабрыстазнавец» (1995, № 1), Ф.М.Шабульда «Бітва каля Сініх Вод 1362 г.: малавядомыя і невядомыя аспекты» (1996, №2) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ТА (Kroto) Гаральд (н. 7.10.1939, г. Уісбіч, Вялікабрытанія),
англійскі хімік. Скончыў Шэфілдскі ун-т (1964). З 1967 у Сусекскім ун-це (з 1985 праф.). Навук. працы па даследаванні структуры фулерэнаў. Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Р.Кёрлам, Р.Смелі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ Тодар Міхайлавіч (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),
бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел.нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл.Бел.нац.к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв.т-ва «Заранка», адміністратар Бел.т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-тапа беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв.т-ва «Прасвета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ СЁМЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 22—24.2.1971 у Мінску. Прысутнічалі 753 дэлегаты з рашаючым і 41 з дарадчым голасам ад 434 527 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.С.Канановіч); аб праекце Дырэктыў XXIV з’езда КПССпа пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1971—1975 (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд ухваліў дзейнасць ЦККПБпа выкананні рашэнняў XXIII з’езда КПСС, 8-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР. Адобрыў праект Дырэктыў XXIV з’езда КПССпа пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1971—75 і даручыў ЦККПБ і СМБССР на яго аснове распрацаваць 9-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 135 чл. і 63 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБз 41 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXVII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1971;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 6. 1966—1975. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛА́ Пётр Васілевіч (1890, в. Кухцінцы Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1936),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў пед. курсы ў Коўне (1912), працаваў настаўнікам. У 1914—17 у арміі. У 1917—21 настаўнічаў на радзіме. З 1921 заг. аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нац.-вызв. арг-цый, бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэп. польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін са стваральнікаў і чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). З 1926 чл.КПЗБ. Пасля разгрому БСРГ 16.1.1927 арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1930 жыў у БССР. Працаваў нам.нач. планавання, нач. сектара кадраў ВСНГБССР, потым у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе» (1932). У 1933 арыштаваны па справе т.зв.«Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (заменена на 10 гадоў папраўча-прац. лагераў). Памёр у лагеры на буд-ве Беламорска-Балт. канала. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРПЕ́ДА (ад лац. torpedo электрычны скат),
самарухальны, сама- або тэлекіравальны падводны снарад цыгарападобнай формы, які нясе звычайны або ядз. баявы зарад. Прызначаны для паражэння падводных лодак і суднаў, надводных караблёў, разбурэння прычалаў, докаў і інш. аб’ектаў. Знаходзяцца на ўзбраенні падводных лодак, крэйсераў, процілодачных караблёў, эсмінцаў, тарпедных катэраў, процілодачных самалётаў і верталётаў. Калібр Т. да 550 мм, даўж. да 6,5 м і больш.
Адрозніваюцца па прызначэнні (процілодачныя, процікарабельныя і двухмэтавыя), носьбітах (карабельныя, авіяцыйныя), энергасілавых устаноўках (цеплавыя, электрычныя), сістэмах кіравання (акустычныя, або саманаводныя, тэлекіравальныя па правадах, манеўравальныя па праграмах). Карабельныя Т. запускаюцца з тарпедных апаратаў. Авіяц. Т. маюць меншую масу і габарыты, часам стабілізуючае прыстасаванне або парашут; акустычныя — актыўную, пасіўную або камбінаваную сістэму саманавядзення; цеплавыя — поршневы, турбінны або рэактыўны рухавік; электрычныя — крыніцу эл. энергіі, электрарухавік з пераўтваральнікам. Першыя Т. пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1866, з 1870-х г. паступілі на ўзбраенне флатоў многіх краін. У 1927 створана першая сав. Т. У 1930-х г. з’явілася тарпеданосная авіяцыя.