МЯТЛА́ (Пётр Васілевіч) (1890, в. Кухцінцы Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1936),

дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў пед. курсы ў Коўне (1912), працаваў настаўнікам. У 1914—17 у арміі. У 1917—21 настаўнічаў на радзіме. З 1921 заг. аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нац.-вызв. арг-цый, бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэп. польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін са стваральнікаў і чл. ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). З 1926 чл. КПЗБ. Пасля разгрому БСРГ 16.1.1927 арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1930 жыў у БССР. Працаваў нам. нач. планавання, нач. сектара кадраў ВСНГ БССР, потым у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т.л. «Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе» (1932). У 1933 арыштаваны па справе т.зв. «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (заменена на 10 гадоў папраўча-прац. лагераў). Памёр у лагеры на буд-ве Беламорска-Балт. канала. У 1956 рэабілітаваны.

П.В.Мятла.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)