сістэма з вызначанай частатой уласных ваганняў, у якой пад уздзеяннем знешняга гукавога поля ўзнікае рэзананс. Прыклады Р.а.: камертон, мембрана, рэзанатар Гельмгольца, паветр. поласць. У Р.а., змешчаным у гукавым полі, узнікаюць гукавыя ваганні. Найб. амплітуду маюць тыя вымушаныя ваганні, частата якіх супадае з уласнай частатой Р.а. З дапамогай Р.а. можна зрабіць аналіз гуку і вызначыць яго спектральны састаў. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення гукаў пэўных частот, прыглушэння шуму, гукаізаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІ́ТА,
балота нізіннага і мяшанага тыпаў у Ганцавіцкім, Івацэвіцкім і часткова Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Бобрык. Пл. 12,5 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 1,5 тыс.га. Глыб. торфу да 3,7 м, сярэдняя 1,1 м. Запасы торфу 2,9 млн.т. Асушана 4,5 тыс.га. Асушаныя землі выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць зараснікі вярбы, вольхі, бярозы; на асобных участках асокі, разнатраўе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ВЫ, свебы (лац. Suevi, Suebi),
зборная назва шэрагу стараж.-герм. плямён (семноны, гермундуры, квады і інш.), якія займалі ў 1 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. басейны рэк Эльба, Майн, Некар, верхні Рэйн. Упершыню апісаны Ю.Цэзарам, які ў 58 да н.э. нанёс паражэнне С. пад кіраўніцтвам герм. правадыра Арыявіста. У 409 н.э. С. з Верхняга Дуная перасяліліся на Пірэнейскі п-аў, дзе стварылі сваё каралеўства (у 585 заваявана вестготамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́НУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць селен. Найб. пашыраны селенавадарод H2Se і яго солі — селеніды. Пры спальванні селену ў паветры ўтвараецца аксід селену SeO2, які з’яўляецца ангідрыдам селеністай к-ты H2SeO3. Пад уздзеяннем моцных акісляльнікаў, у прысутнасці вады селеністы ангідрыд пераходзіць у селенавую кіслату H2SeO4, солі якой (селенаты) па хім. уласцівасцях аналагічныя сульфатам. Выкарыстоўваюцца С.з. ў арган. сінтэзе, электратэхн., хім., металургічнай, фармацэўтычнай прам-сцях. Гл. таксама Селенарганічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯХО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Селяхінскае возера,
Селяхі. У Брэсцкім р-не, у бас.р.Зах. Буг, за 55 км ад г. Брэст. Пл. 0,5 км², даўж. 1,3 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 8,6 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 9,75 км². Катлавіна суфазійна-карставага тыпу. Схілы спадзістыя, часткова пад ворывам. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае канава, злучана ручаём з воз. без назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРА́ НІТРА́Т,
неарганічнае хім. злучэнне, соль серабра, AgNO3. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 4350 кг/м³, tпл 209,7 °C. Добра раствараецца ў вадзе, спіртах. Пад уздзеяннем арган. і неарган. аднаўляльнікаў, святла і пры награванні лёгка аднаўляецца да серабра. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання інш. злучэнняў серабра, для серабрэння люстраў, як вяжучы бактэрыцыдны сродак (ляпіс), у вытв-сці фатагр. эмульсій, аналіт. хіміі (рэагент у аргентаметрыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НУСНАЯ ЛІНЕ́ЙКА,
інструмент для дакладнага вымярэння вуглоў, устаноўкі дэталей пад зададзеным вуглом, вымярэння лінейных параметраў кліноў, конусаў і інш. дэталей, вызначэння вуглоў нахілу паверхняў і інш. Вугал α вызначаецца з роўнасці b = l sinα. Для вымярэнняў выкарыстоўваюць канцавыя меры даўжыні, на якія ўстанаўліваюць адзін з ролікаў.
Схема вымярэння сінуснай лінейкай: 1 — сінусная лінейка; 2 — дакладныя ролікі; 3 — канцавыя меры памерам b; α — вугал, які вымяраецца; l — адлегласць паміж восямі ролікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́ЦІН (Яўхім Ерамеевіч) (13.10.1888, с. Салёнае Займішча Чарнаярскага р-на Астраханскай вобл., Расія — 1947),
рускі і бел. фізік і матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Працаваў у ВНУ Масквы і Кастрамы. З 1922 у БДУ. У 1925 у Кембрыджскім ун-це пад кіраўніцтвам Э.Рэзерфарда вывучаў метады радыеактыўных вымярэнняў. З 1937 у Калінінскім пед. ін-це. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., матэм. метадах у фізіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФО́Н (ад грэч. siphōn трубка, помпа),
1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, па якой пераліваецца вадкасць з пасудзіны з больш высокім узроўнем у пасудзіну з больш нізкім узроўнем. Верхняя частка трубкі размешчана вышэй за ўзровень вадкасці ў верхняй пасудзіне. Трубку папярэдне запаўняюць вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў гідраўлічных збудаваннях і прыстасаваннях.
2) Пасудзіна з трубкай, якая дасягае дна і мае кран. Выкарыстоўваецца для пералівання пеністых вадкасцей пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы падназ. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;