СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ВА ПЕРАМО́ЖЦАМ,

раннявосеньскі сорт яблыні. Выведзены ў Мліеўскім НДІ садоўніцтва (Украіна) скрыжаваннем сартоў Папіраўка і Мекінтош. Уключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання ў вытв-сці ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.

Дрэва сярэднярослае, з кронай сярэдняй гушчыні, круглаватай формы. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, няўстойлівы да грыбных хвароб, зімаўстойлівы. Пладаносіць на 4—5 год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 120—140 г), ад круглаватай да канічнай формы. Скурка зеленавата-жоўтая з ярка-чырв. размытымі палосамі. Мякаць крэмава-белая, сакавітая, дробназярністая, кіславата-салодкая. Здымная спеласць у 1-й пал. вер., плады захоўваюцца каля месяца.

З.​А.​Казлоўская.

Слава пераможцам.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ВАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Славань. Адкрыта ў 1983. Распрацоўваецца з 1985. Паклады нафты пл. 2,4 км² прымеркаваны да міжсалявых дэвонскіх адкладаў (задонска-ялецкі гарызонт) на Пн Прыпяцкага прагіну, у Рэчыцка-Вішанскай зоне падняццяў, каля Сасноўскага, Паўд.-Сасноўскага і Зах.-Славанскага радовішчаў нафты. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 3540—4000 м. Калектар трэшчынна-кавернава-поравы Дэгазаваная нафта лёгкая, шчыльн. 850—862 кг/м³, маласярністая (0,21—0,36%), парафіністая (3,8—5,4%), маласмалістая (4—8,9%). Геал. запасы нафты 6,7 млн. т, здабыта 151 тыс. т (2001).

Я.​Г.​Грыбік.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЎКАВІЦКА-Я́МІНСКІ КАНА́Л, Слаўкавіцкі канал, Плюсенская канава,

меліярацыйны канал у Старадарожскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., на мяжы Любанскага і Глускага р-наў Магілёўскай вобл. і ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 52 км. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Рухава Старадарожскага р-на, на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Вусце каля в. Смалоўка Акцябрскага р-на. Шыр. канала ў верхнім цячэнні 2—3 м, у ніжнім 8—10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Прымае сцёк з некалькіх меліярац. сістэм.

т. 14, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКН-ФІЁРД (Boknfjord),

заліў Паўночнага м., каля паўд.-зах. берагоў Нарвегіі. Даўж. 52 км, шыр. да 25 км, глыб. да 917 м. Шмат дробных астравоў. Порт — Ставангер.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЫ,

народ, карэннае насельніцтва Шры-Ланкі (пераважна ўсх. правінцый). Каля 1 тыс. чал. (1987). Належаць да ведоіднай расы. Мова індаіранскай групы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты і індуісты.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ЛЕДАВІ́К,

на Заходнім Паміры, у вярхоўі р. Ванч, на стыку хр. Акадэміі Навук і хр. Дарвазскі, у Таджыкістане. Даўж. 24 км, пл. каля 64,4 км².

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ШАМПА́НСКІХ ВІН.

Дзейнічае з 1978 у Мінску. Выпускае Савецкае шампанскае (каля 900 тыс. дэкалітраў штогод). Сыравіну атрымлівае з Малдовы, Украіны, Краснадарскага краю (Расія) і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХАРАНПУ́Р, Шахаранпур,

горад на Пн Індыі, у басейне верхняга Ганга, у штаце Утар-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (2000). Чыг. вузел. Прам-сць: цукр., дрэваапр., тэкст., папяровая.

т. 14, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,

вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.​К.​Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.​Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)