ЗАХА́ВА (Барыс Яўгенавіч) (24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1932), «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр.Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.Мільеранам і Р.Вівіяні заснаваў Рэсп.сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЛО́ТЫ,
палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (Алег Майсеевіч) (21.11.1946, г. Южна-Сахалінск, Расія — 15.7.1990),
расійскі скрыпач. Засл. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1969, клас Д.Ойстраха). З 1971 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў у ансамблі з С.Рыхтэрам, Э.Вірсаладзе, з жонкай Н.Гутман, з аркестрамі пад кіраўніцтвам Я.Святланава, Г.Раждзественскага і інш. Першы выканаўца многіх твораў айч. кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму і Гутман (3-і скрыпічны канцэрт А.Шнітке, канцэрты для скрыпкі і віяланчэлі зарк. Т.Мансурана і А.Віеру і інш.). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя Я.Сібеліуса (Хельсінкі, 1965), імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1968), 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя П.Чайкоўскага (Масква, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ННЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУРА,
група культур сярэднебронзавага веку на большай частцы Цэнтр. Еўропы (1500—1200 да н.э.). Вылучаецца на падставе пахавальнага абраду (інгумацыя, радзей крэмацыя ў каменнай скрыні з тонкіх пліт пад круглым насыпам) і шэрагу тыпаў бронзавых рэчаў, агульных для большасці мясц. субкультур (пальштабы, сякеры, мячы суцэльнаметалічныя ці з дзяржаннем з закраіна́мі, наканечнікі дзідаў, сярпы, упрыгожанні — доўгія шпількі разнастайных форм, дыскі з увагнутасцю, бранзалеты і падвескі, бурштынавыя пласціны). Цэнтрам К.п.к. былі сучасныя Баварыя, Вюртэмберг, Чэхія і Маравія; паступова яна пашыралася на тэр. Германіі на Пн і З (да Эльзаса). Яе элементы сустракаюцца на тэр. Венгрыі, Румыніі і Югаславіі. У канцы сярэднебронзавага веку саступіла месца культуры палёў пахавальных урнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СТАБА (араб., літар. каменная лава),
сучасная назва стараж.-егіпецкіх грабніц дадынастычнага перыяду, эпох Ранняга (каля 3000 — каля 2800 да н.э.) і Старажытнага (каля 2800 — каля 2250 да н.э.) царстваў. Складаецца з наземнай (прамавугольная ў плане з нахіленымі да цэнтра сценамі пад плоскім дахам) і падземнай (пахавальная камера з адным ці некалькімі памяшканнямі) пабудоў, злучаных шахтай. У перыяд IV дынастыі набыла класічную форму: зверху — строгі аб’ём з гладкімі сценамі, унутры — складаная планіроўка залаў, калідораў, дзе размяшчаліся саркафаг з муміяй, статуі (умяшчальня душ памерлых), пахавальныя рэчы; сцены ўпрыгожваліся рэльефамі і размалёўкай. Найб. вядомы М. ў царскім некропалі паблізу г.Гіза (Егіпет).
Літ.:
Михаловский К. Пирамиды и мастабы: Пер. с пол. Варшава, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСІ́ШЧАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (11.10.1902, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 14.10.1978),
расійскі авіяканструктар. Д-ртэхн.н. (1959), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1972). Ген.-м.-інжынер (1944). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.Баўмана (1926). З 1925 у Цэнтр, аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАП). З 1939 узначальваў спец. канструктарскае бюро (КБ); з 1942 гал. канструктар з-да па выпуску пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў Пе-2. Пасля вайны ген. канструктар, кіраўнік КБ; у 1960—67 узначальваў ЦАГІ. Пад яго кіраўніцтвам створаны бамбардзіроўшчыкі з турбарэактыўнымі рухавікамі 201М і 203М, на мадыфікацыях якіх устаноўлена каля 20 сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1957.
Літ.:
Пономарев АН. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.
На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах.ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, зПн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс.км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял. — Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Герман) (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін засн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Падрэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНІК,
інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.
Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).